«Цкавалі сабакамі, пагражалі і вельмі моцна збівалі». Былыя мігранты апавядаюць пра дзеянні беларускіх сілавікоў


Наш калега Сяргей Падсасонны выправіўся ў Эрбіль – горад у паўночным Іраку, з ваколіцаў якога ў Беларусь прыбывала найбольшая колькасць мігрантаў. На месцы журналіст занатоўвае сведчанні катаванняў мігрантаў, а таксама высвятляе прычыны, з якіх людзі пакідаюць родны дом і шукаюць новае жыццё ў Еўропе.

Падрабязнасці жудаснага абыходжання з мігрантамі ў Беларусі Сяргей Падсасонны апавёў у праграмах «Студыя «Белсат» і «Аб’ектыў».

«Сёння тут чакалі чарговага рэйсу з Менску, і да апошняга мы спраўджвалі гэтую інфармацыю, але ізноў па невядомых прычынах гэты рэйс адкладзены. Бо ўсе рэйсы, якія адбываюцца з Менскага аэрапорту ў Багдад, перадусім прызямляюцца тут, у аэрапорце «Эрбіль», і тут выходзіць большая колькасць тых, хто вяртаецца з Беларусі, – расказаў Сяргей Падсасонны.

Са словаў журналіста, былыя мігранты ўспамінаюць нашую краіну з жахам, падкрэсліваючы, што беларускія сілавікі адносіліся да іх бесчалавечна.

«Тыя людзі, каго мы ўжо выслухалі, распавядаюць пра Беларусь. І гэта зусім не Беларусь з мірнымі людзьмі, не Беларусь Сінявокая з цудоўнымі зялёнымі лясамі і сінімі рэкамі, а гэта Беларусь сілавікоў. Беларусь, дзе падманваюць, дзе гандлююць усім, што толькі магчыма. Даводзілася плаціць за гатэль, але пры гэтым спаць на падлозе, пачуць і навучыцца ўсёй ненарматыўнай лексіцы ў адносінах да сябе. І тое, што ўвесь час падкрэслівалі нашы суразмоўцы, што да іх ставіліся бесчалавечна. Што гэтыя людзі ў форме, сілавікі, не маюць сэрцаў, яны не людзі. Гэта гучала чырвонай ніткай у нашых размовах, яны гэта паўтаралі бясконца».

Жыхары Эрбілю распавялі, што ў Беларусі іх сустракалі гандляры так званымі паслугамі, якія абяцалі, што ўсё пойдзе гладка, што перайсці мяжу не ўяўляе аніякай складанасці, і гэта зойме літаральна 5 хвілінаў. Аднак усё аказалася падманам.

«Нашы сённяшнія суразмоўцы паведамілі, што яны правялі два тыдні ў беларускіх лясах, якія яны называюць джунглямі. За кожны крок і самую мінімальную паслугу даводзілася плаціць велічэзныя грошы. Іх дзялілі на групы і ўвесь час змушалі ісці праз мяжу, гэта быў менавіта прымус, гэтае слова гучала пастаянна. «Ідзіце ў Польшчу», – казалі гэтак званыя беларускія сілавікі. Цкавалі сабакамі, пагражалі і вельмі моцна збівалі».

Сёння ж Сяргею Падсасоннаму ўдалося паразмаўляць з двума братамі, 16 і 24 гады, якія распавялі пра жудасныя рэчы, што рабілі з мігрантамі беларускія сілавікі.

«Гэтак званыя беларускія сілавікі кідалі іх у ваду, каб яны пераплывалі раку. Таксама змушалі да перакрочвання польскай мяжы, пры гэтым моцна збівалі. Гаварылі пра тое, што адная з жанчын стаяла на каленях і прасіла гэтых людзей у форме, беларусаў, так званых беларускіх сілавікоў, не кідаць у ваду ейнае малое дзіця. Яна казала, што гатовая цалаваць іхныя боты, каб толькі яны гэтага не рабілі».

Сяргея Падсасонны расказаў і пра асноўныя прычыны, з якіх жыхары Іракскага Курдыстану пакідаюць сваю краіну:

«Пытанне бяспекі для многіх вельмі важнае, бо Курдыстан і Ірак – гэта не толькі Эрбіль, але і маленькія вёсачкі. Літаральна ўчора адна з іх была захопленая «Ісламскай дзяржавай». І гэта здараецца рэгулярна, таму людзі з гэтых малых мясцовасцяў вельмі часта ўцякаюць. Іншы момант – гэта высокі ўзровень карупцыі, нізкія ў большасці насельніцтва заробкі і брак перспектываў, брак будучага, як яны падкрэсліваюць. Гэта ўнутраная мара, каб да цябе ставіліся як да чалавека».

Наш калега Сяргей Падсасонны, працуючы ў Эрбілі, фіксуе гісторыі мігрантаў, якія прайшлі праз катаванні ў нашай краіне, і неўзабаве «Белсат» пакажа сведчанні гэтых людзей у сваім эфіры.

ВК, Belsat

Стужка навінаў