Пуцін і Байдэн правялі перамовы. Сустрэча працягнулася дзве гадзіны


Перамовы прэзідэнтаў Расеі і ЗША Уладзіміра Пуціна і Джо Байдэна завяршыліся, паведамляе прэс-служба Пуціна.

Размова цягнулася дзве гадзіны пяць хвілін па закрытай відэасувязі.

Онлайн-сустрэча Пуціна і Байдэна 7 снежня 2021 года:
Фота: kremlin.ru

Судзячы па фота, якое апублікаваў расейскі бок, Пуцін і Байдэн размаўлялі адзін на адзін.

Фармат сустрэчы па відэасувязі раней не выкарыстоўвалася лідарамі. Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што такі фармат прынцыпова нічым не адрозніваецца ад вочнай сустрэчы.

Па выніках сустрэчы Белы дом апублікаваў прэс-рэліз:

«Прэзідэнт Джозэф Байдэн правёў сёння абаронены відэазванок з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, каб абмеркаваць шэраг пытанняў амерыкана-расейскага парадку дня. Прэзідэнт Байдэн выказаў глыбокую занепакоенасць Злучаных Штатаў і нашых еўрапейскіх саюзнікаў наконт эскалацыі Расеяй сіл вакол Украіны і даў зразумець, што ЗША і нашыя саюзнікі адкажуць рашучымі эканамічнымі і іншымі мерамі ў выпадку ваеннай эскалацыі. Прэзідэнт Байдэн пацвердзіў сваю падтрымку суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і заклікаў да дээскалацыі і вяртання да дыпламатыі.

Два прэзідэнта даручылі сваім камандам прыняць меры, і ЗША будуць рабіць гэта ў цесным супрацоўніцтве з саюзнікамі і партнёрамі. Прэзідэнты таксама абмеркавалі дыялог ЗША і Расеі па пытаннях стратэгічнай стабільнасці, асобны дыялог аб праграмах-вымагальніках, а таксама сумесную работу па такіх рэгіянальных пытаннях, як Іран».

Аналітыка
Як санкцыі ЗША супраць Расеі могуць «зрыкашэціць» у Беларусь
2021.12.07 20:25

Расейскі бок у сваім прэс-рэлізе таксама паведаміў, што пераважнае месца ў размове заняла праблематыка, звязаная з унутрыўкраінскім крызісам і адсутнасцю прагрэсу ў выкананні Менскіх дамоўленасцей 2015 года.

Джо Байдэн назваў «пагражаючым» характар ​​перамяшчэнняў расейскіх войскаў паблізу ўкраінскіх межаў і абазначыў санкцыйныя меры, якія ЗША і іх саюзнікі былі б гатовы прымяніць у выпадку далейшай эскалацыі абстаноўкі. Уладзімір Пуцін у адказ заявіў, што «не варта перакладаць адказнасць на плечы Расеі, паколькі менавіта НАТА прадпрымае небяспечныя спробы асваення ўкраінскай тэрыторыі і нарошчвае ваенны патэнцыял у нашых рубяжоў».

Таксама было канстатавана, што супраца паміж краінамі па-ранейшаму знаходзіцца ў нездавальняючым стане. Гэта выяўляецца, у прыватнасці, у цяжкасцях, якія адчуваюць у сваёй працы «урэзаныя» дыппрадстаўніцтвы абедзвюх краін.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў