Святлана Ціханоўская: У нас ёсць магутная міжнародная кааліцыя саюзнікаў


Святлана Ціханоўская выступіла ў Берліне на першай сустрэчы Альянса групаў «За дэмакратычную Беларусь», якія існуюць у 22 краінах свету.

Выступ Святланы Ціханоўскай у Берліне. 7 лістапада 2023 года.
Фота: Светлана Тихановская / Telegram

Удзел у мерапрыемстве ўзялі кіраўнікі парламенцкіх групаў з Аўстрыі, Францыі, Грузіі, Германіі, Італіі, Латвіі, Літвы, Люксембурга, Малдовы, Нарвегіі, Польшчы, Партугаліі і Іспаніі. Онлайн далучыліся парламентарыі з Ірландыі, ЗША і Украіны.

Сваё выступленне Святлана Ціханоўская пачала са згадкі аб тым, што групы «За дэмакратычную Беларусь» створаныя ўжо ў 22 краінах свету.

«Такім чынам, сёння ў нас ёсць магутная міжнародная кааліцыя саюзнікаў», – сказала беларуская дэмакратычная лідарка.

Але пры гэтым яна выказала шкадаванне, што такой шырокай падтрымкі ў беларусаў не было ў 2020 годзе, іначай «гісторыя магла б пайсці па іншым шляху. Беларусь магла б ужо зараз быць дэмакратычнай краінай. І тады Расея не змагла б пачаць вайну супраць Украіны».

Дэмакратычная лідарка зрабіла ў звароце да парламентарыяў акцэнт на некалькіх аспектах:

  • санкцыі не павінны спыняцца на рэжымы Лукашэнкі і Пуціна, у іх «не павінна быць ні адступленняў, ні шчылін»;
  • Лукашэнка павінны быць прыцягнуты да адказнасці за шматлікія злачынствы, сярод якіх арганізацыя міграцыйнага крызісу, выкраданне ўкраінскіх дзяцей, злачынства агрэсіі, злачынствы супраць чалавечнасці, разам з Лукашэнкам трэба асудзіць і рэпрэсіўныя органы рэжыму ГУБАЗіК, КДБ;
  • Еўразвяз – гэта адзіная альтэрнатыва для беларусаў «рускаму свету», які з’яўляецца светам гвалту, несправядлівасці і тыраніі, толькі ў Еўрапейскім звязе Беларусь можа захаваць сваю незалежнасць, гарантаваць свабоду і росквіт усім сваім грамадзянам;
  • легітымізацыя альтэрнатыўнай сістэмы ўлады, якую выбудоўвае дэмакратычная супольнасць, яе міжнароднае прызнанне;
  • ціск на рэжым і патрабаванне неадкладнага вызвалення палітвязняў, а таксама дапамога тым, хто ўжо адбыў свой тэрмін і мае патрэбу ў рэабілітацыі;
  • падтрымка беларусаў у выгнанні.

З нагоды апошняга пункту Святлана Ціханоўская адзначыла наступнае:

«Тут неабходна комплекснае рашэнне. Гэта і выдача пашпартоў замежніка, і падаўжэнне відаў на жыхарства, і спрашчэнне працэдур легалізацыі. З нашага боку мы рыхтуемся да выдачы новага беларускага пашпарта па прыкладзе краін Балтыі ў часы савецкай акупацыі. Я прашу вас падтрымаць і ўхваліць гэты праект і ў вашых парламентах», – сказала Святлана Ціханоўская.

Акрамя таго, беларуская дэмакратычная лідарка запрасіла парламентароў далучыцца да Міжнароднага дня салідарнасці, які адзначаецца 12 лістапада, у дзень, калі тры гады таму ў Менску быў забіты 31-гадовы Раман Бандарэнка.

«Гэтая дата – нагода нагадаць свету пра Беларусь. Я прапаную вам выступіць з заявамі ад імя вашых групаў. Вы можаце зрабіць твіт ці ўзяць шэфства над палітвязнем, падняць над сваімі будынкамі беларускія бел-чырвона-белыя сцягі. Паверце, мае значэнне любая праява салідарнасці», – сказала Святлана Ціханоўская.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў