Чырвоны дзень календара!

Беларусь застаецца адзінай краінай, што святкуе Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Да таго ж, дзяржава імкнецца ўсе навязаныя даты падаваць як усенародна любімыя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Удзельнікі мітынгу на плошчы Незалежнасці ў Менску ў рамках святкавання 106-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Менск, Беларусь. 7 лістапада 2023 года.
Фота: belta.by

Быццам бы добрыя словы напісаў Лукашэнка ў сваім віншаванні беларусам з нагоды Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі сёлета:

«…Большасць насельніцтва Зямлі імкнецца да сацыяльнай справядлівасці, але многія краіны дагэтуль сутыкаюцца з сучаснымі формамі эксплуатацыі і прыгнёту… палітычным шантажом… Таму нам нельга забыцца на тое, што Кастрычніцкая рэвалюцыя адкрыла новую старонку ў айчыннай гісторыі, паслужыла імпульсам для развіцця беларускай дзяржаўнасці… Упэўнены, што, ведаючы сваю мінуўшчыну, абараняючы гістарычную праўду… мы ствараем мірную будучыню нашых дзяцей і ўнукаў».

Маецца на ўвазе, канечне, што «сутыкненне з сучаснымі формамі прыгнёту» адбываецца недзе там, у іншых краінах, але ніякім чынам не ў Беларусі.

Дый праўда: Кастрычніцкі пераварот 1917 года падштурхнуў беларусаў да магчымасці стварыць сваю дзяржаўнасць. На жаль, без далёкіх наступстваў. Праз крыху больш як чатыры месяцы пасля петраградскага бунту «галодных і рабоў» было абвешчана стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. БНР не праіснавала і года, але ж жыла і спрабавала развівацца праз устаўныя дакументы, што цяперашні прасавецка-прарасейскі рэжым лічыць, канечне, неістотным у параўнанні з Вялікім Кастрычнікам.

Адмыслоўца ў галіне гісторыі міжнародных адносінаў, вонкавай палітыкі ЕЗ і дыпламатыі краінаў Еўропы Алег Пятровіч-Белкін упэўнены, што любое дзяржаўнае свята – гэта спроба так ці інакш уплываць на грамадскую думку, маніпуляваць грамадзянскай свядомасцю і прымушаць шырокія колы насельніцтва дзейнічаць у адным рэчышчы з уладаю.

Беларусь – унікальнае месца на зямлі паводле сваёй рэтраграднасці, як бы Лукашэнка ні хваліўся, што Беларусь месціцца ў самым цэнтры Еўропы. Толькі ў Беларусі адзначаецца Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, што адбылася 106 гадоў таму. Нават у Расеі ўжо 18 гадоў як дзень 7 лістапада перастаў быць выходным. У Беларусі ён быў, ёсць і пакуль будзе менавіта вольным ад працы. Настолькі рэжым пад правадырствам Лукашэнкі захрас у савецкім мінулым і выбірацца адтуль не збіраецца. Паводле беларускага гісторыка Анатоля Сідарэвіча, кіраўнік проста не разумее, у якой краіне ён жыве, і далёкі ад адчування саміх грамадзянаў.

Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, з назвы якога без тлумачэнняў прыбралі словы «Вялікая» і «сацыялістычная», у Савецкім Саюзе быў галоўным святам да пачатку васьмідзясятых. 7 лістапада праводзіліся вайсковыя парады і дэманстрацыі, а дзяржава рабіла народу падарункі, зробленыя самім жа народам. Палітолаг Валер Карбалевіч заўважаў, што гульня з савецкімі сэнсамі не такая бяскрыўдная. Яна моцна тармозіць фармаванне беларускай ідэнтычнасці.

«Беларускасць усё яшчэ раствараецца ў савецкасці. На постсавецкай прасторы ўсе дыскусіі пра гістарычнае значэнне гэтай падзеі (Кастрычніцкай рэвалюцыі – аўт.) закончыліся даўно. 70-гадовы камуністычны эксперымент, у які было ўцягнутае каля 40 % насельніцтва зямнога шару (з улікам Кітаю), даў адмоўны вынік. Той шлях, на які ступіла Расея ў 1917 годзе, завёў нас у гістарычны тупік. І ў 1991 годзе былыя рэспублікі СССР фактычна вярнуліся на сцежку, па якой ішло ўсё чалавецтва ў новай гісторыі».

Лукашэнка не проста захаваў свята нібыта на просьбы працоўных. Ён яшчэ і цкуе сваіх ідэолагаў, каб тыя належным чынам спраўджвалі, наколькі аддана яно адзначаецца. Ён сам не адышоў ад традыцыі асабіста адкрываць той ці іншы аб’ект сацыяльна-культурнага прызначэння. Пачынаў гэтую практыку яшчэ ў 1995-м, калі быў здадзены ў эксплуатацыю аўтамабільны мост праз Днепр у Магілёве. Там жа два гады таму да сёмага лістапада 2021-га ўвялі ў дзеянне кардыялагічны цэнтр Магілёўскай абласной клінічнай больніцы. У 1997 годзе Лукашэнка асабіста адкрыў станцыі метро «Партызанская» і «Аўтазаводская», а агулам да Дня рэвалюцыі запрацавалі 14 станцыяў з 33.

У гэты дзень улады хваліліся не толькі новымі адцінкамі падземкі. Напрыклад, тры гады таму, да 7 лістапада 2020-га, адбылася цэлая ўрачыстая цырымонія падвышэння магутнасці энергаблоку № 1 Беларускай атамнай электрастанцыі. Летась правадыр асабіста націснуў сімвалічную кнопку запуску прадпрыемства вытворчасці камбікармоў і амінакіслотаў у Пухавіцкім раёне.

Канечне, ёсць вялікія сумневы ў паслядоўнасці дзеянняў і выказванняў кіраўніка Беларусі з нагоды даты 7 лістапада. Валер Карбалевіч нагадвае, што «ў афіцыйным ідэалагічным канструкце Беларусі самая ідэя рэвалюцыяў ацэньваецца крайне негатыўна і яны жорстка асуджаюцца».

«Дзяржаўная ўлада, якая б яна ні была, – рэч сакральная (паводле сённяшніх кіраўнікоў). А рэвалюцыі, майданы – гэта гвалт, хаос. На БТ увесь час ідуць фільмы, дзе паказваецца, да якіх негатыўных наступстваў прывялі рэвалюцыі ў тых краінах, дзе яны адбыліся. А вось да Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая паводле сваіх сацыяльных наступстваў была самай радыкальнай у сусветнай гісторыі, стаўленне абсалютна пазітыўнае».

Калі браць больш глыбокую гісторыю, то і да Лукашэнкі традыцыя «падарункаў народу» заставалася ў Беларусі трывалай.

Да 7 лістапада 1933 года быў адкрыты аэрапорт «Менск-1» (але ўжо амаль 8 гадоў мінула з таго часу, як ён спыніў сваю дзейнасць). У тым жа 1933-м і таксама да дня «Вялікага кастрычніка» на Цэнтральнай плошчы Менску паставілі сяміметровы помнік Леніну. У 1950-м да дня 7 лістапада запрацаваў кінатэатр «Перамога», які стаў помнікам архітэктуры ХХ стагоддзя і быў уключаны ў спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. 5 лістапада 1951 года непадалёк ад яго адкрыўся менскі ГУМ, будынак якога таксама ёсць помнікам архітэктуры і горадабудаўніцтва ХХ стагоддзя. У 1957-м пачаў працу Нацыянальны дзяржаўны музей, у 1964-м – ЦУМ. З найноўшай гісторыі ўзгадаю адкрыццё 7 лістапада 2013 года «Чыжоўка-Арэны».

Тое, што дзіўную традыцыю падганяць адкрыццё сацыяльна-культурных аб’ектаў менавіта пад 7 лістапада апраўдвае адное расейскае інфармацыйнае агенцтва, філіял якога беспраблемна працуе і ў Менску, мае не толькі ідэалагічныя карані, але і рацыянальнае тлумачэнне. Маўляў, да пачатку лістапада пачынае халаднець, стартуе ацяпляльны перыяд, а значыць, новыя будынкі падключаныя і ўжо спраўджаныя на цеплазабеспячэнне. Таксама ўвосень больш зручна, чым вясною, праводзіць працы добраўпарадкавання найбліжэйшых тэрыторыяў, а да канца года можна выправіць і недапрацоўкі, каб закрыць справаздачнасць за 12 месяцаў.

Так што, паводле карэспандэнта агенцтва, перарэзаныя чырвоныя стужкі могуць захавацца кастрычніцкім сімвалам нават і без прыцягнення даты прыходу да ўлады бальшавікоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прадстаўнікі грамадскасці Віцебску і моладзь ускладаюць кветкі да помніку Леніну ў гонар Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі. Віцебск, Беларусь. 7 лістапада 2023 года.
Фота: belta.by

Сучаснай моладзі, тым больш школьнікам, вельмі цяжка патлумачыць што гэта за рэвалюцыя такая была і з чым яе, вобразна кажучы, ядуць. Калі пацерабіць маладыя душы геройствам беларускіх партызанаў і падпольшчыкаў у гады Другой сусветнай вайны яшчэ неяк атрымліваецца, то «Вялікая кастрычніцкая» аніяк не кранае. Хаця ўлады і прыкладаюць вялізныя намаганні, хай сабе і абсалютна без плёну.

Так, напрыклад, сёлета ў Гомлі на плошчы Леніна прайшоў урачысты мітынг, пасля якога ў абласным драматычным тэатры арганізавалі дыялогавую пляцоўку «Гістарычная значнасць Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі». Таксама на сёння ў горадзе над Сожам была запланаваная пасадка дрэваў, а далей прагляд фільму «Міколка-Паравоз». Некалькімі днямі раней тут пасля капітальнага рамонту адкрылі рух па Навабеліцкаму шляхаправоду на вуліцу, канечне, Ільіча. Як адзначаецца ў прапагандысцкіх СМІ, мостабудаўнікі працавалі 24/7, каб важная транспартавая артэрыя, што была закрытая сёлета ў чэрвені на капрамонт, была адноўленая як мага хутчэй. Наколькі якаснымі былі аўральныя працы – пакажа найбліжэйшы час.

Год таму тут таксама да дня рэвалюцыі пасля маштабнай рэканструкцыі адкрывалі шляхаправод, толькі Сяльмашаўскі, самы працяглы ў горадзе. У Горадні давалі пуск новаму, амаль двухкіламетроваму ўчастку аб’езнай дарогі, які будавалі паўгода, а таксама паліклініцы. Не абышліся там без касцюмаванага рэвалюцыйнага ўдавання, калі дарослыя людзі апрануліся ў адзенне пралетарыяту: матросаў, рабочых і сялянаў.

На сайце Берасцейскай крэпасці падкрэсліваецца: «Кастрычніцкая рэвалюцыя вызначыла хаду сусветнай гісторыі, ускалыхнула і натхніла мільёны людзей на барацьбу супраць сацыяльнай няроўнасці і прыгнёту. Менавіта тады былі закладзеныя асновы для адраджэння многіх народаў, што карэнным чынам паўплывалі на лёс і дзяржаўнасць нашае краіны».

Якім чынам і якім бокам такая рэвалюцыя да дзяржаўнасці Беларусі – не расшыфроўваецца. Галоўнае, каб электарат разумеў адзіны парыў, у якім краіна дзесяцігоддзямі адзначала 7 лістапада. Ну і таксама на сёння запланаваны тэлевізійны дэбют наскрозь прапагандысцкага фільму «На іншым беразе», які, паводле дзяржаўных СМІ, агаломшыў сваім поспехам у кінапракаце (прэм’ерны дзень быў 14 верасня).

Кіно, у якім галоўныя ролі беларусаў граюць расейцы, канечне ж, хлуслівае. Мэта – чарговы раз аплявузгаць суседнюю Польшчу, пры якой, быццам бы, беларусаў з заходніх раёнаў краіны вельмі моцна прыгняталі паводле моўных і рэлігійных прыкметаў. Менавіта таму Чырвоная Армія прынесла шчасце, калі, маўляў, выратавала братоў з панскіх кіпцюроў.

Нідзе толькі не ўдакладняецца, што прыгнёт той амаль нідзе не сумяшчаўся з фізічным гвалтам.

Тыя беларусы, якія былі «пад палякамі», працягвалі жыць у той час, калі іх суайчыннікаў за ўсходняй мяжой расстрэльвалі сталінскія карнікі ў 1937–1939 гадах. Але такія факты для ўлады нязручныя і моладзь не мусіць не толькі ў іх верыць, але і ведаць.

Калі цёмнаму электарату, шмат у чым інтэлектуальна падобнаму да пралетарскай галыцьбы з больш як стогадовай даўніны, паспяхова заходзяць ідэі Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, дык так трымаць. І нічога змяняць не трэба. Бо гэта вельмі небяспечна для ўтрымання ўлады. А Лукашэнку яшчэ хочацца пажыць.

Агляд
Як краіны абыходзяцца са спадчынаю камунізму
2022.11.07 12:55

belsat.eu 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў