«Яны людзей завуць мясам». Чаму ў Расеі бунтуюць вайскоўцы


Выглядае, што наступленне каля Вугледару (Данецкая вобласць) канчаткова правалілася: расейцы ў баях за сяло Паўлаўка зазналі вялізарныя страты, што прывяло да бунту байцоў марской пяхоты. Belsat.eu тлумачыць, што здарылася, і нагадвае пра серыю вайсковых бунтаў на тэрыторыі РФ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sergey Pivovarov / Reuters / Forum

Што адбылося каля Паўлаўкі

У наступ каля Вугледару расейцы перайшлі 29 кастрычніка. У першыя колькі дзён мілітарысцкія Z-каналы вельмі аптымістычна апісвалі падзеі на гэтым участку фронту. Паведамлялася, што расейцы здолелі ўклініцца ва ўкраінскую лінію абароны на глыбіню 3,5 км і ўвайсці ў буйное сяло Паўлаўка, якое ЗСУ вызвалілі ўлетку. Некаторыя расейскія вайсковыя блогеры прагназавалі, што неўзабаве завершыцца зачыстка Паўлаўкі, а Вугледар будзе ўзяты ў паўкальцо.

Але гэты прагноз не спраўдзіўся: узяць Паўлаўку так і не ўдалося, ЗСУ працягвалі кантраляваць паўночную частку паселішча. Прасоўванне расейскіх вайскоўцаў было спыненае 1–2 лістапада, агрэсар завяз у кровапралітных баях. У Z-каналах наракалі на тое, што ЗСУ здолелі хутка падцягнуць рэзервы, а дажджы размылі дарогі, што ўскладніла лагістыку. Акрамя таго, Вугледар месціцца на пераважных вышынях, Паўлаўка для ЗСУ «як на далоні», таму расейскія вайскоўцы пераўтварыліся ў зручную мішэнь.

Аналітыка
Абвастрэнне на Данбасе і загадка Херсону. Што цяпер адбываецца на фронце
2022.11.04 19:01

У канцы мінулага тыдня сітуацыя для войскаў РФ пагоршылася яшчэ больш. «У Паўлаўцы ўсё аб’ектыўна дрэнна», – паведаміў 6 лістапада карэспандэнт-прапагандыст Сямён Пегаў (Telegram-канал WarGonzo). Карэспандэнт ВГТРК Аляксандр Сладкоў заявіў, што сітуацыя ў Паўлаўцы «цяжкая», там «усё льецца і льецца» кроў.

«Судзячы з навінаў, наш наступ на Вугледарскім фронце (штурм Паўлаўкі), ідзе, мякка кажучы, не вельмі. Высокім аператыўным мастацтвам там нават не пахне, сярэдняга таксама не назіраецца», – канстатаваў аўтар вайсковага блогу «Старше Эдды».

Палявы камандзір «ДНР» Аляксандр Хадакоўскі кажа, што ў Паўлаўцы расейцы трапілі ў «агнявы мяшок» і маюць страты. Ён адкрыта крытыкаваў армейскае кіраўніцтва за правал аперацыі, якая, на ягоную думку, была заўчасная.

Размоваў пра штурм Вугледару больш няма. «Рыбарь» сцвярджае ў зводцы за 6 лістапада, што ЗСУ цяпер контратакуюць, спрабуюць прасунуцца ў цэнтр Паўлаўкі і вярнуць страчаныя пазіцыі. Некаторыя вайсковыя блогеры кажуць, што на дзень 6 лістапада расейцы кантралявалі толькі чвэрць Паўлаўкі, хаця яшчэ некалькі дзён заяўлялася пра кантроль над 60 % паселішча.

Z-каналы паведамляюць, што найбольшыя страты ў баях за Паўлаўку зазналі байцы элітнай 155-й брыгады марской пяхоты Ціхаакеанскага флоту. Паводле блогера Владлена Татарскага, марпехі страцілі каля Паўлаўкі больш, чымся за дзве чачэнскія вайны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sergey Pivovarov / Reuters / Forum

Карэспандэнтка і прапагандыстка Ганна Далгарова працытавала ў сваім канале словы ўдзельніка штурму Паўлаўкі:

«Наш камбрыг – чалавек рэдкай асабістай адвагі і такой жа асабістай тупасці. За ўзяцце Паўлаўкі паабяцалі трох «Герояў Расеі». І саюзныя войскі рушылі ў атаку ў лоб, замест таго каб зайсці з флангаў і перарэзаць трасу Паўлаўка Вугледар. У лоб. Не зачышчаючы скляпоў. Цяпер мы маем Грозны (маецца на ўвазе няўдалы штурм Грознага ў снежні 1994 года, калі расейскія вайскоўцы зазналі вялізарныя страты ў вулічных баях. – Заўвага Belsat.eu)».

Бунт марпехаў

Гэта справакавала беспрэцэдэнтныя хваляванні: марпехі публічна паскардзіліся на сваё камандаванне цывільным уладам – губернатару Прымор’я (адтуль паходзіць 155-ая брыгада) Алегу Кажамяку.

Звязаны з ПВК Вагнэра тэлеграм-канал «GREY ZONE» апублікаваў поўны тэкст адкрытага ліста.

«У выніку «старанна» спланаванага наступу «вялікімі палкаводцамі» мы страцілі за 4 дні каля 300 чалавек забітымі, параненымі і зніклымі без вестак. 50 % тэхнікі. Гэта толькі нашая брыгада», – адзначаецца ў звароце.

Марпехі лічаць вінаватымі ў правале генерал-лейтэнанта Рустама Мурадава, камандуючага Усходняю вайсковай акругай і групоўкаю войскаў «Усход», а таксама камандзіра 155-й брыгады Зураба Ахмедава. Абураныя вайскоўцы кажуць, што генералы хочуць проста выслужыцца, атрымаць бонусы і ўзнагароды коштам жыцця вайскоўцаў.

«Ім пляваць на ўсё, абы паказаць сябе. Яны людзей завуць мясам», – пішуць байцы марской пяхоты.

Аўтары ліста папрасілі губернатара звярнуцца да вярхоўнага галоўнакамандуючага, каб той даслаў незалежную камісію, прычым не з Міністэрства абароны, «дзе Мурадавым апекуецца Герасімаў» (начальнік Генштабу РФ). «Колькі гэта можна ўжо цярпець!» – абураюцца байцы.

У ноч на 7 лістапада Алег Кажамяка адрэагаваў на ліст, але не так, як разлічвалі аўтары звароту:

«Мы скіравалі гэты зварот кампетэнтным органам і ў вайсковую пракуратуру для высвятлення сітуацыі. Не выключана, што гэта ўкід з боку праціўніка – украінскіх спецслужбаў».

Раніцаю 7 лістапада губернатар заявіў, што каля Вугледару сапраўды ідуць «цяжкія баі», але, паводле ягоных звестак, страты марпехаў «значна перабольшаныя». Ён яшчэ раз падкрэсліў, што ў гэтай сітуацыі разбяруцца «кампетэнтныя органы».

Пратэсты мабілізаваных па ўсёй Расеі

Бунт марпехаў – не першы выпадак вайсковых хваляванняў у Расеі за апошні час.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Alexey Pavlishak / Reuters / Forum

5 лістапада стала вядома, што ў Казані мабілізаваныя ўчынілі бунт праз дрэнныя ўмовы пражывання, іржавыя аўтаматы 1970-х гадоў, з якіх небяспечна страляць, і стаўленне камандавання. Яны скардзяцца на тое, што ім не стае вады, ежы і дроваў, няма дзе праць рэчы. Падчас размовы з афіцэрам незадаволеныя мабілізаваныя выкрыквалі абразы і пагрозы, пыталіся, куды ён дзеў дровы.

Паводле праекту Gulagu.net, палкоўнік пагражаў бунтаўнікам АМАПам і Расгвардыяй, але тыя адказвалі, што перавернуць машыны з АМАПам, а можа, амапаўцы таксама далучацца да пратэсту. 6 лістапада ў сеціве з’явілася новае відэа з пратэстамі мабілізаваных у Казані, але няясна, калі яно было запісанае. Разам з тым у нядзелю ў дзяржаўным агенцтве «Татар-информ» апублікавалі навіну, што ўлады нібыта «развязалі пытанні, якія ўзніклі ў мабілізаваных».

1 лістапада больш за 100 мабілізаваных з Чувашыі адмовіліся ехаць ва Украіну і зладзілі ў навучальным цэнтры ва Ульянаўскай вобласці акцыю непадпарадкавання, патрабуючы выплаты абяцаных ім 195 тысячаў расейскіх рублёў. Акрамя таго, мабілізаваныя не задаволеныя дрэнным забеспячэннем і нястачаю экіпавання, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Паводле каналу «Сердитая Чувашия», да навучальнага цэнтру былі сцягнутыя байцы АМАПу і Расгвардыі, некаторых бунтаўнікоў затрымала вайсковая паліцыя. Але пасля гэтага мабілізаваныя ўсё роўна байкатавалі заняткі па страляніне, адмовіліся выходзіць на шыхтаванні. Ёсць звесткі, што актыўны ўдзел у пратэстах узяў нават мабілізаваны дэпутат з Новачэбаксарску.

На трэці дзень пратэстаў да перамоваў з мабілізаванымі далучыліся прадстаўнікі адміністрацыі Чувашыі і федэральных уладаў. Паводле «Сердитой Чувашии», больш за 1800 мабілізаваных з Чувашыі падалі рапарты аб звальненні на імя камандзіра часткі. Камандаванне было вымушанае адпусціць іх дадому на выходныя. Кіраўнік Чувашыі Алег Нікалаеў 7 лістапада паведаміў пра ўвядзенне аднаразовых выплатаў памерам 50 тысячаў расейскіх рублёў кожнаму мабілізаванаму. А Следчы камітэт Расеі заявіў, што праблема ў навучальным цэнтры развязаная.

Часам улады ідуць больш простым шляхам, каб «супакоіць» незадаволеных. Напрыклад, 25 кастрычніка мабілізаваныя з Башкартастану запісалі відэазварот да чыноўнікаў, дзе паскардзіліся на кепскія ўмовы: камандаванне пакінула іх без вады і ежы. Пасля гэтага мужчынаў проста адправілі на фронт непадрыхтаванымі.

Hавiны
«Абсалютна быдлячыя ўмовы». У Белгародскай вобласці ўзбунтаваліся 500 мабілізаваных расейцаў
2022.10.06 11:00

Агулам за апошнія месяцы ў сацыяльных сетках былі апублікаваныя дзясяткі відэа з абуранымі вайскоўцамі з розных гарадоў Расеі. Найчасцей пратэстуюць менавіта мабілізаваныя: скардзяцца на дрэннае стаўленне камандавання, адсутнасць абмундзіравання і абяцаных выплатаў.

Бунт марпехаў каля Вугледару – першы выпадак, калі з адкрытым пратэстам выступіла элітнае падраздзяленне, прычым беспасярэдне на лініі фронту.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў