Ад асуджэнняў да віншаванняў: як розныя краіны адрэагавалі на напад ХАМАС на Ізраіль


Большасць дзяржаваў, якія выступілі з рэакцыяй на атаку ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка, выказаліся ў падтрымку Ізраілю. Але ёсць і тыя, хто падтрымалі баевікоў з сектару Газа. Падборку рэакцыяў розных краінаў на абвастрэнне канфлікту зрабіў ВВС.

Ізраільскія вайскоўцы рыхтуюцца абараняць горад Сдэрот (Sderot) ад тэрарыстаў ХАМАС у паўднёвай частцы Ізраілю. 7 кастрычніка 2023 года.
Фота: Mostafa Alkharouf / Anadolu Agency / Abaca Press / Forum

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон у сваім акаўнце ў Х выказаў падтрымку Ізраілю, салідарнасць з пацярпелымі, іхнымі сем’ямі і блізкімі і «рашуча асудзіў тэрарыстычныя напады на Ізраіль».

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Еўразвязу Жузэп Бурэль заклікаў неадкладна вызваліць закладнікаў, імаверна захопленых і вывезеных у Газу падчас нападу.

«Гэта парушэнне міжнароднага права. Закладнікі павінны быць неадкладна вызваленыя», – напісаў Бурэль у Х. Паводле яго, напад ХАМАС не толькі «прычыняе глыбокія цярпенні ізраільскаму народу», але і «узмацняе напружанасць і падрывае палестынскія інтарэсы».

Міністр замежных справаў Вялікай Брытаніі Джэймс Клеверлі заявіў, што ягоная краіна «адназначна асуджае жахлівы напад ХАМАС на ізраільскае цывільнае насельніцтва».

«Вялікая Брытанія заўсёды будзе падтрымліваць права Ізраілю на самаабарону», – напісаў ён.

Прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Рышы Сунак заявіў, што знаходзіцца ў кантакце з ізраільскімі ўладамі. Напад ХАМАС на Ізраіль асудзілі таксама кіраўнікі МЗС Швецыі і Іспаніі.

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган заклікаў ізраільцянаў і палестынцаў да стрыманасці.

«Мы заклікаем бакі дзейнічаць стрымана ў святле падзеяў у Ізраілі сёння раніцай і пазбягаць неабдуманых крокаў, якія могуць прывесці да эскалацыі напружанасці», – цытуе ягоныя словы агенцыя Anadolu.

Таксама Эрдаган заявіў, што выступае «супраць любых замахаў на мячэць Аль-Акса».

ХАМАС назваў сваю аперацыю «Паводка Аль-Акса», абвінаваціўшы Ізраіль у акупацыі і ўварваннях у мячэць на Храмавай гары ў Іерусаліме.

Саудаўская Аравія таксама стрымана адрэагавала на падзеі ў Ізраілі, МЗС заклікаў абодва бакі да спынення кровапраліцця.

Агляд
Ізраіль і сектар Газа: храналогія канфлікту
2023.10.07 19:17

Дарадца вярхоўнага лідара Ірану павіншаваў палестынскіх баевікоў з пачаткам нападу на Ізраіль. Рахім Сафаві паабяцаў падтрымліваць палестынцаў.

Намеснік старшыні Рады бяспекі Расеі Дзмітрый Мядзведзеў апублікаваў у сваім тэлеграм-канале пост, у якім у даволі неафіцыйнай манеры раскрытыкаваў палітыку ЗША на Бліжнім Усходзе:

«Пачатак баявых сутыкненняў паміж ХАМАС і Ізраілем у дзень 50-годдзя пачатку вайны Суднага дня – падзея, якую можна было чакаць. Вось чым трэба было займацца Вашынгтону і ягоным саюзнічкам. Канфлікт паміж Ізраілем і Палестынай цягнецца дзесяцігоддзямі. І ЗША там ключавы гулец».

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн выказаў безумоўную падтрымку Ізраілю.

«ЗША безагаворачна асуджаюць гэты жахлівы напад на Ізраіль з боку тэрарыстаў ХАМАС у Газе, і я даў зразумець прэм’ер-міністру Нетаньяху, што мы гатовыя прадставіць усе сродкі падтрымкі ўраду і народу Ізраілю. Тэрарызму ніколі не будзе апраўданняў. ЗША засцерагаюць любыя іншыя бакі, варожыя Ізраілю, ад спробаў скарыстацца сітуацыяй. Падтрымка маёй адміністрацыі ў адрас Ізраілю моцная як камень і непахісная», – сказаў Байдэн.

Занепакоенасць у сувязі з абвастрэннем канфлікту паміж Ізраілем і сектарам Газа выказаў афіцыйны беларускі МЗС.

Момант ракетнага ўдару Ізраілю па так званай «Палестынскай вежы» ў цэнтры гораду Газа. 7 кастрычніка 2023 года.
Фота: Bashar Taleb / Zuma Press / Forum

«Лічым непрымальнымі любыя праявы агрэсіі, а ахвяры сярод мірнага насельніцтва – недапушчальнымі. Заклікаем бакі супрацьстаяння прыняць тэрміновыя меры для дээскалацыі напружанасці ў рэгіёне», – заявілі ў МЗС.

Атаку ХАМАС асудзіла абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская. 

«Мы рашуча асуджаем атакі ХАМАС на Ізраіль, якія прывялі да шырокамаштабных разбурэнняў і трагічнай гібелі невінаватых людзей. Трываласць і моц ізраільскага народу прабіваюцца скрозь нягоды. Мы выказваем шчырыя спачуванні сем’ям загінулых», – напісала Святлана Ціханоўская ў Х.

Раніцай 7 кастрычніка ісламісцкі рух сектару Газа ХАМАС здзейсніў маштабны напад на Ізраіль. Былі выпушчаныя тысячы ракет, баевікі прарвалі наземную мяжу. Па стане на 18-ю гадзіну па ізраільскім часе было вядома пра як мінімум 100 загінулых і больш чым 900 параненых ізраільцянаў. Пра вялізную колькасць ахвяраў заяўляе таксама Палестына.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў