Байдэн заявіў пра самую высокую пагрозу выкарыстання ядравай зброі з часу Карыбскага крызісу


Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн ацэньвае рызыку ядравага армагедону на самым высокім узроўні з часу Карыбскага крызісу 1962 года, бо расейскія афіцыйныя асобы разважаюць пра магчымасць ужыць тактычную ядравую зброю, піша «Associated Press».

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.
Фота: Flickr / The White House

Амерыканскі лідар сказаў, што дастаткова добра ведае расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, каб сцвярджаць, што ён не жартуе, гаворачы пра магчымае выкарыстанне тактычнай ядравай, а таксама хімічнай або біялагічнай зброі. Прычына ў моцным адставанні расейскага войска на фронце.

Байдэн адзначыў, што свет цяпер найбліжэй да ядравай катастрофы за апошнія 60 гадоў:

«Ужыванне Расеяй ядравай зброі можа прывесці да армагедону. Упершыню з часу Карыбскага крызісу перад намі стаіць беспасярэдняя пагроза выкарыстання ядравай зброі, калі сітуацыя сапраўды працягне развівацца тым шляхам, якім яна развіваецца».

Афіцыйныя асобы ЗША на працягу некалькіх месяцаў папярэджвалі пра рызыку выкарыстання зброі масавага знішчэння ва Украіне, бо Расея сутыкнулася з шэрагам стратэгічных няўдачаў на полі бою. Аднак, як лічыць «Associated Press», заява Байдэна сталася самаю рэзкаю, калі-кольвек зробленая ўладамі ЗША на гэтую тэму.

Аднак яшчэ 4 кастрычніка прэс-сакратар Белага дому Карын Жан-П’ер паведаміла: урад ЗША не бачыць ніякіх прычынаў для карэктавання ўласнай стратэгічнай ядравай пазіцыі, а таксама няма прыкметаў, што Расея рыхтуецца да непазбежнага выкарыстання ядравай зброі.

Разбор
Ядравы ўдар па Беларусі не выключаны? Ці праўда ўсё так сур’ёзна і як з гэтым жыць
2022.09.29 07:30

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў