Камбінацыя «беларус і дрон». Беларускі айцішнік распавёў пра сваё затрыманне на шведскай мяжы


На шведскай мяжы 4 верасня затрымалі беларуса, які прыехаў у гэтую краіну на пароме з Эстоніі, каб павандраваць і паздымаць з дрона. Мужчыну абшукалі, апыталі і каля чатырох гадзінаў трымалі ў закрытым памяшканні, якое нагадвала камеру. Беларус быў здзіўлены такім стаўленнем да сябе і абураны тым, што ў выніку ніхто нават не патлумачыў прычыны такіх дзеянняў. Як усё адбывалася, ён распавёў у размове з «Белсатам».

Цень чалавека на пароме ў Швецыю. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Thomas Dworzak / Magnum Photos / Forum

«Я рэальна не чакаў, што такое можа адбывацца ў Швецыі – краіне, якая для мяне заўсёды была нейкім эталонам у абароне правоў грамадзян і правоў чалавека ўвогуле. Стаўленне з боку паліцыі было не вельмі добрае», – гаворыць беларус, які просіць называць сябе Алесем.

«У вашай сітуацыі лепей будзе ўзяць перакладчыка»

Алесь працуе ў IT-сектары. Ён з’ехаў з Беларусі ў Эстонію яшчэ да 2020 года. Мае дзейны беларускі пашпарт і дакументы аб легальным знаходжанні на тэрыторыі ЕЗ. Мужчына апавядае, што шмат да гэтага вандраваў па многіх краінах Еўразвязу і ніколі не зазнаў ніякіх праблемаў. Здарэнне на шведскай мяжы – першы такі выпадак.

«У Швецыю паехаў проста павандраваць, бо ў нас тут ходзяць паромы, і такія аднадзённыя круізы – гэта тут папулярны спосаб бавіць час. На мяжы выходзіў з каюты троху пазней за ўсіх пасажыраў, ужо не ў натоўпе.

Не ведаю чаму, але памежнікі захацелі праверыць мой заплечнік. Пабачылі беларускі пашпарт, пабачылі дрон у заплечніку і пачалі паглыблены дагляд», – апавядае Алесь.

Усё гэта адбывалася на адным са стакгольмскіх тэрміналаў.

Са словаў Алеся, мытнікі нібыта не мелі да яго ніякіх прэтэнзіяў, але чамусьці выклікалі паліцыю. Шведскія паліцэйскія, па словах беларуса, былі ў цывільным, не назвалі сябе (толькі адна паліцыянтка паказала жэтон), а падчас размовы (ці допыту, як кажа Алесь) вымусілі яго скарыстацца перакладчыкам на расейскую мову, хоць мужчына запэўніваў, што добра разумее ангельскую і размаўляе на ёй.

«Дапытвалі каля паўгадзіны. Прычым калі я адмаўляўся ад перакладчыка, прагучала такая фраза, што, маўляў, у вашай сітуацыі лепей будзе яго ўзяць. І гэта гучала як пагроза. У просьбе паведаміць сябрам, дзе я знаходжуся, мне адмовілі. Запытвалі, куды еду, што буду рабіць, наколькі часта бываю ў Швецыі і навошта мне дрон», – згадвае беларус.

Алесь удакладняе, што шведы трактавалі свае дзеянні як «паглыблены мытны агляд», запэўніваючы беларусы, што ён «не затрыманы».

«Адчуў сябе трошкі ў турме»

Тым не менш, пасля размовы Алеся змясцілі ў памяшканні, падобным да турэмнай камеры, і зачынілі за ім дзверы. Рэчы з дакументамі і тэлефонам не аддалі.

«Там было вельмі халодна. Па маёй просьбе мне прыносілі тры разы ваду. Хацелася есці, бо паснедаць я не паспеў. Але мне сказалі што карміць мяне яны не абавязаныя, таму што ўсё гэта «не затрыманне», – кажа наш суразмоўца.

Згадвае, што адзін шведскі мытнік усё ж злітаваўся над ім і пачаставаў шакаладным батончыкам.

«Можна сказаць, я адчуў сябе трошкі ў турме. На шчасце, не ў беларускай…» – дадае беларус.

Гісторыі
«Заходзіш ноччу ў камеру, дзе сядзіць забойца». Былая палітзняволеная пра тое, як цяжка адчуць свабоду па вызваленні
2023.08.16 07:03

Толькі праз чатыры гадзіны Алесю паведамілі, што ён «можа быць свабодным» і прапусцілі на тэрыторыю Швецыі. Але ніякага пратаколу ці іншай паперы, якая б тлумачыла прычыны затрымання і фіксавала факт абмежавання свабоды, беларусу не выдалі. Уручылі толькі шаблонны інфармацыйны праспект, у якім тлумачыцца, што мытныя праверкі «неабходныя для папярэджання кантрабанды, наркотыкаў, зброі і дзіцячай парнаграфіі».

На паперцы пададзены таксама адрас, куды можна скардзіцца на дзеянні мытнікаў. Алесь кажа, што ўжо накіраваў скаргу на адрас шведскага омбудсмана, напіша таксама ў мытную службу.

Алесь мяркуе, што нагодай ягонага 4-гадзіннага ўтрымання на мяжы мог быць беларускі пашпарт, а таксама – дрон у заплечніку.

«Мяркую, што для іх магла падацца падазронай камбінацыя «беларус і дрон». Але мой дрон афіцыйна зарэгістраваны ў Эстоніі. Я вывучыў усе законы перад тым як набываць яго. Заплаціў усе мыты, нанёс маркіроўку. Усё як трэба. Карыстаюся ім выключна для мастацкіх здымак», – падкрэсліў Алесь.

«Выйсці і свабодна пайсці»

«Больш за ўсё ў гэтай сітуацыі мяне ўразіла, што службовыя асобы Швецыі не назваліся і не далі мне ніякай паперы: маўляў, вось мы вас агледзелі і апыталі, але ўсё нармальна, выбачайце калі ласка і да пабачэння. Гэтага не адбылося. Як мне падалося, у хамскай манеры адмовіліся паказаць любыя дакументы і сцвярджалі, што я не затрыманы. Але ж выйсці і свабодна пайсці далей я не мог», – падсумоўвае Алесь.

Эстонскае судна ў Балтыйскім моры. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sinan Cakmak / Anzenberger / Forum.

Пасля непрацяглай вандроўкі ў Швецыю ён – ужо без прыгодаў – вярнуўся ў Эстонію.

Беларус не выключае таксама, што падазронае стаўленне да ягонага грамадзянства і дрона звязанае з узмацненнем Швецыяй кантролю на межах з краінамі Шэнгенскай зоны. Улады краіны робяць гэта ў адказ на пагрозу бяспекі ў сувязі з акцыямі ў шведскіх гарадах, падчас якіх пратэстоўцы спальвалі Каран.

Мяжа Швецыі Эстоніі праходзіць па Балтыйскім моры. Абедзве краіны ўваходзяць у Шэнгенскую зону. Паводле перапісу 2021 года, у Эстоніі пражывала на той момант каля 12 тысяч беларусаў (паводле нацыянальнасці). Згодна з апошнімі звесткамі МУС Эстоніі, у краіне знаходзяцца каля 3000 грамадзян з беларускімі пашпартамі.

Гісторыі
Беларуса не пусцілі на рэйс «Ryanair» з «жэнеўскім пашпартам» – і не вярнулі грошы
2023.09.06 18:39

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў