Даў дзецям у рукі зброю, рыхтуе стралкоў для абароны рэжыму. Якая роля Шуневіча ў сістэме Лукашэнкі


На нядаўняй нарадзе Аляксандра Лукашэнкі  у справах свінагадоўлі ў кадр трапіў былы міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч, які цяпер кіруе Беларускім таварыствам паляўнічых і рыбаловаў. З гэтай нагоды «Белсат» вырашыў разабрацца: якая цяпер роля ў адыёзнага сілавіка ў сістэме Лукашэнкі?

Былы міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч.
Фота: belapan.by

Ігар Шуневіч як міністр унутраных справаў добра запомніўся беларусам не толькі таму, што быў на чале МУС даволі доўга (сем гадоў), але таксама з-за сваіх спрэчных дзеянняў і выказванняў. Напрыклад, Шуневіч выходзіў на Дзень Перамогі ў форме камісара НКВД, і гэта менавіта ён увёў у Беларусі практыку «пакаянных» відэа, бо з ягонай ініцыятывы менскага падлетка прымусілі на відэакамеру прасіць прабачэння ў статуі гарадавога.  Адзначыўся ён і гамафобнымі выказваннямі.

Выглядае, што з часам Шуневіч «дастаў» нават Лукашэнку. У траўні 2019 года пасля самагубства працаўніка ДАІ высокапастаўленыя чыноўнілі МУС даверыліся чуткам і ўчынілі аблаву на цыганаў у Магілёве. Шуневіч за гэтыя дзеянні выбачацца адмовіўся, што, відаць, не спадабалася Лукашэнку, які адправіў у абласны цэнтр прыносіць прабачэнні Наталлю Качанаву і неўзабаве змяніў міністра ўнутраных справаў.

Такім чынам разгонамі мірных пратэстаў у 2020 годзе камандаваў ужо не Шуневіч, а Караеў і Кубракоў.

Прымаючы адстаўку ў 2019 годзе, Шуневіч заявіў Лукашэнку: «Спадзяюся, я змагу яшчэ прынесці карысць нашай дзяржаве на іншай пасадзе ці іншай працы». І праца для яго сапраўды знайшлася. Пасля нядоўгага перыяду ў хакейным клубе «Дынама-Менск» на пасадзе гендырэктара, Шуневіч, які сам заўзяты паляўнічы, увосень 2021 года стаў старшынёй Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР).

Зніжэнне кантролю над стралкамі па жывёлінах і выхаванне паляўнічых з дзяцей

Улетку 2022 года Шуневіч зноў трапіў на прыём да Лукашэнкі, ужо на новай пасадзе. Са словаў былога сілавіка можна было зрабіць выснову, што ён прапанаваў рэарганізаваць БТПР, каб знізіць кантроль над паляўнічымі.

Hавiны
Шуневіч прапанаваў забіраць зброю ў неактыўных паляўнічых
2022.06.03 09:31

У лютым 2023 года рэарганізацыю ўзаконілі ўказам кіраўніка Беларусі. Праўда, акрамя мэты скараціць адміністрацыйны апарат была абвешчаная і іншая: павысіць эканамічную эфектыўнасць установаў БТПР на фоне істотнага скарачэння патоку замежных паляўнічых «у сувязі з санкцыйнай палітыкай заходніх краінаў».

Удалося Шуневічу рэалізаваць і іншую ініцыятыву: дазволіць уступаць у таварыства паляўнічых дзецям. Афіцыйна чыноўнік тлумачыць гэта неабходнасцю «экалагічнага выхавання дзяцей», але, верагодна, прычына ў іншым – раней Шуневіч выказваў заклапочанасць прыкметным памяншэннем колькасці чальцоў БТПР.

У траўні гэтага года былы сілавік заявіў: «Мы крыху знізілі ўзрост прыняцця ў шэрагі БТПР». Насамрэч планку панізілі вельмі сур’ёзна: з 16 адразу да 8 гадоў. Шуневіч мае намер выхоўваць з дзяцей будучых паляўнічых, навучаючы іх у лагерах стральбе з пнеўматычнай зброі.

Барацьба супраць Міністэрства прыроды

Больш рэзананснымі сталі выказванні Шуневіча на новай пасадзе аб неабходнасці выключэння з Чырвонай кнігі шэрагу жывёлінаў. Дарэчы, у адным з інтэрв’ю галоўны паляўнічы назваў частку зоаабаронцаў або заолагаў «заашызой».

Былы міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч.
Фота: hcdinamo.by

Увесну мінулага года Шуневіч прапанаваў дазволіць паляванне ў краіне на мядзведзя, рысь і нават на адзін з сімвалаў Беларусі, бусла («калі б папуляцыю лебедзяў і буслоў хоць крыху прарадзілі…»). У газеце «Паляўнічы і рыбалоў» ён абгрунтаваў сваё меркаванне тым, што гэтыя жывёліны больш не «ў прыгнечаным стане», а наадварот, наносяць шкоду сельскай і лясной гаспадарцы, а часам ствараюць пагрозу і для чалавека.

Супраць ініцыятывы былога сілавіка паўсталі ў Міністэрстве прыроды і навакольнага асяроддзя. На сайце ведамства са спасылкай на звесткі Акадэміі навук, у прыватнасці, адзначылі, што ні пра якую «дастатковасць» папуляцыі рысяў гаворкі насамрэч не ідзе. Аналагічная пазіцыя ў Мінпрыроды адносна барсука і бурага мядзведзя: адзначаецца, што гэтыя папуляцыі не ёсць ўстойлівымі.

Зрэшты, навуковыя звесткі ніяк на пазіцыю Шуневіча не паўплывалі: ён настойвае, каб з новай рэдакцыі Чырвонай кнігі, якая будзе зацверджаная ў 2025 годзе, вышэйпералічаных жывёлінаў (за выключэннем бусла – пра яго ён ужо не згадвае) выключылі: «Мы хоць і не маем навуковага абгрунтавання, але добра знаёмыя з рэальнай сітуацыяй па відах жывёлаў». Таксама, патрабуючы дазволіць паляванне на рысь і барсука, былы сілавік прывёў дзіўную аргументацыю: папуляцыя віду, на які дазволенае паляванне, нібыта «робіцца больш інтэлектуальнай».

Хто пераможа ў спрэчцы, стане вядома прыкладна праз паўтара года.

Таемная задача: падрыхтаваць стралкоў для абароны рэжыму

Што цікава, выказваючыся на розныя тэмы, Шуневіч нічога не гаворыць аб задачы абароны рэжыму Лукашэнкі. Між тым, кіраўнік краіны летась прагаварыўся пра яе праз некалькі дзён пасля асабістай сустрэчы са старшынём БТПР.

«Я кажу: “Вы будзеце ўбаку? Паўтары нашага цяперашняга войска [намінальна ў БТПР уваходзіла на той момант каля 90 тысяч чалавек. – belsat.eu]. Давай хаця б тысяч пяць, гэта выдатныя стралкі, мы падумаем, як іх дадаткова ўзброіць”. Ён кажа: “Не, не трэба, у нас усё ёсць”… “Твая задача – пяць тысяч. Будзеш камандуючым гэтым корпусам ці брыгадай”», – распавёў Лукашэнка.

Такім чынам, нават пакінуўшы пасаду міністра ўнутраных справаў, Шуневіч застаўся запатрабаваны кіраўніцтвам краіны. У бліжэйшы час стане зразумела, ці зможа адыёзны былы сілавік узмацніць свой уплыў – або так і застанецца ў другім шэрагу вертыкальнікаў.

Размова
Што пад скурай у міністра Караева і чаму насамрэч знялі Шуневіча?
2019.09.09 22:20

Сямён Чугун belsat.eu

Стужка навінаў