Расказваем пра праваабаронцу Насту Лойку, якую затрымалі пасля прысуду ў «справе «Рэвалюцыйнага дзеяння»


6 верасня пасля паседжання ў «справе «Рэвалюцыйнага дзеяння» ў Менскім гарадскім судзе затрымалі праваабаронцу Насту Лойку. Тады ж затрымалі і яшчэ некалькі чалавек – сваякоў асуджаных і прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу. 7 верасня Данілу Кашэўскага арыштавалі на 12 содняў, праваабаронцу Насту Лойку – на 15.

Наста – адна з самых вядомых беларускіх праваабаронцаў. Расказваем некалькі цікавых фактаў пра яе.

Наста Лойка.
Фота: Белсат

Наста Лойка скончыла юрыдычны каледж БДУ, юрыдычны факультэт БДУ і магістратуру ЕГУ (магістр міжнароднага і еўрапейскага права). 8 гадоў працавала ў грамадскай прыёмнай праваабарончага цэнтру «Вясна». Сузаснавальніца «Human Constanta». Абедзве гэтыя праваабарончыя арганізацыі зліквідаваў беларускі рэжым.

Аднойчы на судзе над актывістам сустрэла хлопца са свайго курсу ў каледжы, які вельмі кепска вучыўся і нават спісваў у Насты. На судзе ён быў у ролі пракурора і нават здзекаваўся са сваёй былой каляжанкі. Большасць аднагрупнікаў не пайшлі працаваць у дзяржаўныя структуры.

Наста Лойка.
Фота: Белсат

Наста Лойка ўжо зазнавала пераслед за сваю праваабарончую дзейнасць: была затрыманая ў жніўні 2021 года, 72 гадзіны была на Акрэсціна, у ейнай кватэры ўчынілі ператрус. Потым яе выпусцілі, але Наста праходзіць як падазраваная ў крымінальнай справе, звязанай з дзейнасцю праваабарончай арганізацыі «Вясна», дала падпіску пра нявыезд, ейныя банкаўскія рахункі замарожаныя.

Заставацца ў Беларусі – свядомы выбар. У інтэрвю сайту udf.news у лістападзе 2021 года Наста казала, што толькі ў Беларусі яна здолее эфектыўна дапамагаць людзям. Каб мець магчымасць заставацца, у 2020 годзе пастанавіла ўстрымацца ад удзелу ў акцыях пратэсту і ініцыятыўных групах, а сканцэнтравацца выключна на праваабарончай дзейнасці.

«Дорага, нервова, і, яшчэ раз нагадаю, я ж не злачынца, каб уцякаць. І ёсць нейкае псіхалагічнае адчуванне, што самае страшнае ўжо адбылося», – тлумачыла Наста сваё рашэнне.

Неяк праваабаронца хацела пераказаць 50 рублёў знаёмаму пад вартай у СІЗА. Але на пошце пераводу не прынялі, а пашпарт трапіў пад асаблівы кантроль праз «спробу фінансаваць тэрарызм». Пра гэта Наста пісала на сваёй старонцы ў Facebook.

Не зважаючы на ціск, Наста працягвала працаваць з пытаннямі рэпрэсіўнага «антыэкстрэмісцкага» заканадаўства, абароны правоў замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства ў Беларусі, нефармальнай адукацыі ў сферы правоў чалавека. Праз пераслед мае праблемы са здароўем і ўвесь час змагаецца са станам вострай трывожнасці.

Ірына, сяброўка Насты, распавяла «Белсату» кранальныя дэталі пра тое, які гэта чалавек:

«У маім тэлефоне Наста падпісаная «Мама». На той выпадак, калі б мяне затрымалі і я мела магчымасць пазваніць бацькам. Бо Наста вельмі моцная юрыстка».

Наста навучыла сяброўку сартаваць смецце, гатаваць веганскую ежу, думаць пра колькасць спажыванага пластыку, разумець правы чалавека.

«Бо Наста жыве ў гармоніі ды асэнсавана», – патлумачыла Ірына.

Наста была на вяселлі Ірыны. Калі той давялося з’язджаць з Беларусі, Наста дапамагла перавезці сабаку ў іншую краіну.

«Вялікае шчасце называць сябе сяброўкаю Насты», – адзначае Ірына.

Наста Лойка з сабакам Эрыкам.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

І сябры, і калегі спадзяюцца, што Насту адпусцяць, хаця яна і моцна назаляе рэжыму сваёй актыўнасцю. Арганізацыя «Human Constanta» рашуча асудзіла ейны пераслед, звярнулася да дзяржаўных органаў Беларусі з патрабаваннем «неадкладна і безумоўна вызваліць Насту Лойку з-пад варты» і спыніць пераслед праваабаронцаў. Арганізацыя таксама заклікала міжнародную супольнасць даць публічную ацэнку незаконнаму затрыманню дзяячкі і пераследу іншых беларускіх праваабаронцаў ды праваабарончых арганізацыяў.

АТ belsat.eu

Стужка навінаў