У Лошыцкім парку задумалі зрабіць з бровару Палац шлюбаў


Апублікавалі рэндары рэканструкцыі. Гістарычных будынкаў зносіць не збіраюцца.

Праект рэканструкцыі бровару ў Лошыцкім парку. Выява: minsknews.by

У траўні адміністрацыя Ленінскага раёну Менску апублікавала папярэднія планы рэканструкцыі некалькіх будынкаў у Лошыцкім парку. 7 жніўня дзяржаўнае інфармагенцтва «Минск-новости» паказала выявы, як мае выглядаць рэканструяваны комплекс былога бровару 1896 года пабудовы.

Рэканструяваць збіраюцца будынкі ля ракі: дом 17 на вуліцы Чыжэўскіх, дамы 5 і 6 на праездзе Чыжэўскіх. Іх даўно збіраліся перарабіць, але зацікаўленых зрабіць там гатэль ці шматфункцыйны комплекс не знайшлося. Цяпер іх пастанавілі ператварыць у Палац шлюбаў – такія планы выношваюць прынамсі пяць гадоў.

Палац мае быць у высокім будынку бровару, у ніжэйшых задумалі зрабіць салон пракату вясельных строяў, цырульню, кавярні, краму кветак. Тэрыторыю вакол збіраюцца ўпарадкаваць, зрабіць алею рэгістрацыі шлюбаў, тэматычныя пляцоўкі, браму, прыстань для чаўноў, паркінг.

Загадкі беларускай гісторыі
Лошыца: ад шляхецкага маёнтку да школы дыверсантаў
2019.09.30 20:00

Рэканструкцыяй зоймецца скандальна вядомая дзяржаўная кампанія «Менская спадчына». Абяцаюць не зносіць гістарычных будынкаў, але праектаванне яшчэ не завершанае і не ўхваленае. Паралельна з праектаваннем «Менская спадчына» шукае арандатараў будучаму комплексу.

Цяпер колішні бровар у аварыйным стане. Раней у Лошыцкім парку рэканструявалі галоўны будынак Лошыцкай сядзібы: з аварыйнага і фактычна закінутага будынку зрабілі музей, але дзеля гэтага драўляную частку разабралі і сабралі наноў.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў