Старэйшай трэнеркай зборнай Беларусі ў тэнісе стала дзяўчына з Федэрацыі рукапашнага бою


«А чаму не? Гэта новая сфера, новыя мэты, эмоцыі і перамогі».

Начальніца каманды і старшая трэнерка нацыянальнай зборнай Беларусі ў тэнісе Валянціна Шышко.
Фота: tennis_bel

Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі ў тэнісе расказаў у Instagram пра «маладую кроў» у калектыве: начальніцай каманды і старшай трэнеркай нацыянальнай зборнай у тэнісе стала Валянціна Шышко. Яна сама прызналася, што не мае ніякага досведу ў тэнісе.

Шышко з’яўляецца чальцом Беларускай федэрацыі рукапашнага бою і змяшаных адзінаборстваў. Яна расказвае, што з федэрацыяй часта ладзіла спартовыя мерапрыемствы, часта ўдзельнічала ў арганізацыі мерапрыемстваў з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

Да працаўладкавання ў РЦОП яна працавала інструктаркай-метадысткай у спартова-масавай і аздараўленчай працы ва Універсітэце фізкультуры, брала ўдзел у арганізацыі і правядзенні спартовых мерапрыемстваў ва ўніверсітэце, працавала ў дырэкцыі ІІ Еўрапейскіх гульняў і ладзіла цырымоніі ўзнагароджвання, а таксама працавала ў сферы змяшаных адзінаборстваў і ладзіла супольны з Бахрэйнам турнір «Brave».

«З маіх кар’ерных дасягненняў можна зрабіць выснову, што я не люблю і не магу сядзець на месцы, – расказвае дзяўчына. – Я заўсёды імкнуся да нечага большага.

На гэты раз мне прапанавалі паспрабаваць сябе ў ролі начальніка каманды і старэйшага трэнера нацыянальнай каманды па тэнісе. А чаму не? Гэта новая сфера, новыя мэты, эмоцыі і перамогі. Гэта тое, што мы можам і павінны зрабіць яшчэ лепшым!»

Згадак Валянціны Шышко няма на сайце Федэрацыі рукапашнага бою. На сайце Універсітэту фізкультуры згадваецца, што поўная цёзка Валянціны Шышко была ў камандзе па стрытболе на спартакіядзе сярод працаўнікоў фізічнай культуры, удзельнічала ў спаборніцтвах у гімнастыцы.

У асабістым інстаграме дзяўчына называе сябе спартовай event-менеджаркай, трэнеркай у атлетыцы і фітнес-інструктаркай, хваліцца ступенню магістра ў бізнес-адміністраванні, атрыманай у БДЭУ. Здымкаў з тэніснай ракеткай у ейным інстаграме няма.

Hавiны
Федэрацыю хакею Беларусі ўзначаліў вясляр
2021.10.08 18:24

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў