Дзецям палітвязняў пачалі збіраць дапамогу на падрыхтоўку да школы


Пяць ініцыятываў аб’ядналі высілкі, каб сабраць дзяцей палітычных вязняў у школу. На кожнае дзіця хочуць даць 75 еўраў дапамогі. Заяўкі прымаюць да 10 жніўня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзеці і бацькі на святочнай лінейцы ў адной з барысаўскіх школаў, Беларусь. 1 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

Святлана Ціханоўская расказала ў Telegram пра акцыю дапамогі дзецям палітычных вязняў сабрацца ў школу. На кожнае дзіця школьнага ўзросту палітзняволенага хочуць даць па € 75.

«Збіраць дзяцей у школу – дорага і складана, а сем’ям палітвязняў яшчэ цяжэй, – піша Ціханоўская. – Але беларус беларусу – беларус, таму пяць ініцыятываў аб’ядналі свае намаганні».

Да 10 жніўня заяўкі на дапамогу прымаюць праз гэтую форму. Трэба запоўніць адну анкету на сям’ю, выслаць пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці і спасылку на профіль зняволенага ў базе «Dissidentby» (арганізацыя лічыць палітычнымі вязнямі 2940 чалавек, у той час як шырокая праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала толькі 1262), даць кантакт у Telegram без нумара тэлефона і нумар еўрапейскага рахунку (дапускаюцца рахункі сяброў і сваякоў).

У акцыі аб’ядналі высілкі фонды «Краіна для жыцця» і BYSOL, ініцыятыва дапамогі палітвязням «Dissidentby», аб’яднанне «Razam e.V.» і дабрачынная арганізацыя «Littowuin Lions Club».

Зборы грошай ладзяць BYSOL, «Краіна для жыцця» і «Dissidentby». Пры тым BYSOL на момант публікацыі сабраў больш за € 2600 з неабходных € 7000.

Рэпартаж
Апранаем дзіця ў школу: паглядзелі, што з формай і коштамі
2022.07.28 15:50

Летась такі збор ужо ладзілі і паспяхова завяршылі, дзеці пайшлі ў школу.

Сёлета BYSOL таксама ладзіў акцыю «Падорым лета дзецям палітвязняў!», для 119 дзяцей з 78 сем’яў сабралі патрэбную суму, далі па € 200 на дзіця.

Гісторыі
Як жывуць беларускія школы за мяжою?
2022.06.08 16:05

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў