У Лідзе на паўтара года калоніі за абразу Лукашэнкі асудзілі жанчыну, якая мае немаўля


У Лідзе асудзілі на паўтары гады турэмнага зняволення Таццяну Звярко. Жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна абразіла намесніка кіраўніка мясцовай міліцыі Жынко і Лукашэнку. Суддзя вынес прысуд ведаючы, што ў жанчыны дзіця, якому яшчэ не споўнілася тры гады.

Таццяна Звярко працавала ў Лідскім райвыканкаме старэйшым інспектарам у аддзеле дакументацыйнага забеспячэння. Цяпер яна ў дэкрэтным адпачынку, паколькі ў кастрычніку 2019 года ў яе нарадзіўся сын.

Таццяна Звярко. Фота прадстаўленае рэдакцыі

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 43-гадовая жанчына ў Telegram-канале «Ліда для жыцця» пакінула некалькі каментароў, якія сталі падставаю для крымінальнай справы. Таццяну абвінавацілі паводле арт. 369 («Абраза службовай асобы», частку артыкула следчыя не ўказалі ) і арт. 368 ч.1 («Абраза кіраўніка краіны»). Паводле першага артыкулу «пацярпелым» з’яўляўся намеснік кіраўніка лідскага РАУС Жынко Д., які запатрабаваў таксама маральнае кампенсаванне ў памеры 2 тысячы рублёў. 6 жніўня ў Лідскім судзе суддзя Кашко І.Л. прысудзіў паўтары гады турэмнага зняволення ў калоніі агульнага рэжыму, маральную шкоду ў памеры 2000 рублёў на карысць міліцыянта і аплату судовых выдаткаў у памеры 87 рублёў.

Прысуд суддзя вынес нават нягледзячы на тое, што жанчына самастойна выхоўвае дваіх дзяцей. Старэйшай дачцэ споўнілася 20 гадоў, а малодшаму сыну ўсяго толькі год і 10 месяцаў і які цяпер на грудным гадаванні. Прычым жанчыну затрымалі адразу ж у залі суда і не далі нават развітацца з дачкой і сынам.

«Пакуль яна знаходзіцца ў лідскім ІЧУ, але заўтра яе перавядуць у Горадню. Агулам мы не чакалі, што можа быць такі прысуд. Суддзя агучыў вырак з абыякавасцю. Падчас паседжанняў ён сядзеў і пазяхаў, не асабліва цікавіўся тым, што там зачытваюць. Выглядала, што яму загадалі пасадзіць яе, вось ён і выконваў загад», – распавялі «Белсату» знаёмыя з справай людзі.

Таццяна Звярко. Фота прадстаўленае рэдакцыі

Таццяна з самага пачатку, калі пачаўся пераслед, не наймала адваката, імкнулася бараніць сябе самастойна. Але пасля прысуду родныя нанялі абаронцу і напісалі скаргу на прысуд. Адвакат адзначыла, што цяпер галоўная мэта – змякчэнне прысуду. Сам прысуд выклікаў у яе здзіўленне і яна адзначыла, што ў яе практыцы ўпершыню пабачыла, што суддзя асудзіў жанчыну, якая мае на грудным кармленні дзіця.

«Справу проста прыцягнулі за вушы. Абразу Лукашэнкі ёй інкрымінавалі дзеля таго, каб павялічыць значнасць справы. Таццяна лічыла і думала, што ёй могуць прысудзіць «хатнюю хімію». Не хацела агучваць справу. Калі мне паведамілі пра прысуд, то я проста ў шоку. Гэта проста ўдар», – распавяла «Белсату» Вераніка, знаёмая Таццяны.

Жанчына кажа, што вельмі здзіўленая пазіцыяй суддзі, які ў перадпенсійным узросце і часам бывала, што дапамагаў людзям.

Hавiны
Былога менеджара «Беларусбанка» Максіма Халецкага арыштавалі на 12 содняў
2021.08.07 14:12

СК belsat.eu

Стужка навінаў