У Грузіі назвалі прычыны, чаму некаторым замежнікам адмаўляюць ва ўездзе


Служба дзяржаўнай бяспекі Грузіі назвала асноўныя прычыны адмовы замежнікам ва ўездзе ў краіну. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы для парламенту, перадае партал «Новости-Грузия».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Тбілісі, Грузія. 20 ліпеня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У справаздачы гаворыцца, што грузінскія ўлады адмовілі ва ўездзе ў краіну «сотням замежных грамадзянам». Сярод асноўных прычынаў адмовы называюцца наступныя:

  • парушэнне заканадаўства Грузіі аб акупацыі (наведванне Абхазіі і Цхінвальскага рэгіёну);
  • на падставе інфармацыі-папярэджанняў ад краінаў-партнёраў;
  • аператыўная інфармацыя пра планаванне правакацыйных дзеянняў;
  • аператыўная інфармацыя пра адкрытае выказванне ўстановак, што шкодзяць інтарэсам Грузіі.

Раней з адмовамі ва ўездзе ў Грузію сутыкнуліся і некаторыя беларусы, якія апошнімі гадамі жывуць у гэтай краіне.

Гэтак, у красавіку сёлета заснавальніка Беларускай дыяспары Аджарыі не пусцілі ў Грузію. Беларус Яўген Гацак, які ўжо два гады жыве ў Батумі, вяртаўся 25 красавіка з Турцыі. На памежным пераходзе «Сарпі» грузінскі бок адмовіў яму ва ўездзе. Маладзёна не ўпусцілі ў краіну, нават калі той папрасіў палітычнага прытулку.

Hавiны
Заснавальніка «Беларускай дыяспары Аджарыі» не пусцілі ў Грузію. Адмовілі, нават калі ён папрасіў прытулку
2023.04.28 17:04

Выпадак Яўгена Гацака не першы, калі ў Грузію не пускаюць беларусаў. Мы распавядалі гісторыю сям’і менчукоў, якім анулявалі від на жыхарства. Жонку з сынам не пусцілі ў краіну, калі яны таксама вярталіся з Турцыі, а мужа з другім сынам потым гвалтоўна вывезлі на мяжу і прымусілі пакінуць тэрыторыю Грузіі. Прычыны таго, што адбылося, так і засталіся невядомымі. Ува ўсіх дакументах, якія далі беларусам, было пазначана: «іншыя прычыны». «Белсат» пісаў лісты ў грузінскія афіцыйныя органы, аднак мы не атрымалі ніводнага адказу.

Гісторыі
Сям’і беларусаў анулявалі ВНЖ і выправадзілі іх з Грузіі. Разам з праваабаронцам разбіраемся ў сітуацыі
2023.03.12 08:00

Таксама вядомыя выпадкі, калі Грузія адмаўляла ва ўездзе грамадзянам Расеі, Казахстану, нават Украіны. Вядома і пра адмовы беларусам у статусе ўцекача.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў