ГРУ Беларусі: У выпадку вайны паміж Еўропай і Расеяй Беларусь нанясе ракетныя ўдары па Польшчы


Начальнік галоўнага разведвальнага ўпраўлення Беларусі, намеснік начальніка Генеральнага штабу Узброеных сілаў Беларусі Руслан Касыгін заявіў у інтэрв’ю «Беларусь сегодня», што ў выпадку ваеннага канфлікту паміж еўрапейскімі краінамі і Расеяй Беларусь ударыць па Польшчы.

Руслан Касыгін.
Фота: БелТА

Кіраўнік вайсковай выведкі Беларусі Руслан Касыгін пералічыў аб’екты ў Польшчы для першачарговага ўдару – цэнтры прыняцця рашэнняў, элементы сістэмы кіравання, пункты сталай дыслакацыі ўзброеных сілаў, арсеналы і базы, а таксама крытычна важныя аб’екты эканомікі і транспартнай інфраструктуры.

«Перш за ўсё менавіта польскаму кіраўніцтву трэба разумець, што ў выпадку пачатку ваеннага канфлікту тэрыторыя Польшчы з яе ваеннай інфраструктурай становіцца першачарговым аб’ектам удару. <…>. Як ужо не раз казаў кіраўніку нашай дзяржавы, адказ будзе імгненны. Менавіта па іх будуць нанесеныя ўдары, калі толькі паспрабуюць размаўляць з нашай дзяржавай з пазіцыі сілы», – заявіў Касыгін.

Аналітыка
Вардамацкі: 85 % беларусаў – супраць уводу войскаў ва Украіну, і гэта – «кансалідацыя без сцяга»
2022.07.04 23:21

Пры гэтым начальнік ГРУ зазначыў, што Беларусь – не прыхільніца такога сцэнару развіцця падзеяў.

«Беларусь не ёсць прыхільніцай такога сцэнару, у гэтым зацікаўленыя толькі паслядоўнікі Элана Далэса (Элан Далэс – кіраўнік ЦРУ ў 1953–1961 гадах. – Рэд.). Гэта яны арганізоўвалі і зрыналі няўгодныя ўрады, і выкарыстоўвалі самыя вычварэнскія спосабы і метады гібрыднай вайны з прымяненнем звычайных узбраенняў, дзе чалавечае жыццё не мае ніякай каштоўнасці пры дасягненні пастаўленых мэтаў. Беларусы – міралюбны народ. Аднак мы гатовыя да розных сцэнароў развіцця абстаноўкі. Не хацелася б, каб гэты сцэнар быў ваенным. Але на Захадзе павінны дакладна разумець: наш адказ на любога роду ўзброеныя правакацыі адназначна будзе адэкватны і жорсткі», – сказаў кіраўнік беларускай вайсковай выведкі.

Аналітыка
Лукашэнка рыхтуе беларусаў да нападу на Украіну? «ByPol» не сумняецца, вайсковы эксперт пярэчыць
2022.07.07 08:00

Марыя Міхалевіч belsat.eu

 

Стужка навінаў