Палякі Беларусі паспрабавалі абараніць права навучацца ў школе на роднай мове. Што ім адказалі ўлады


З наступнага навучальнага года выкладанне ў польскіх школах Горадні і Ваўкавыску перавядуць на расейскую мову. У адказах на петыцыю ўлады тлумачаць, што рашэнне законнае, раз прайшло ўсе працэдуры.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Падручнікі па польскай мове.
Фота: Белсат

Заняткі на польскай мове будуць абмежаваныя дзвюма лекцыямі на тыдзень – адна па мове і адна па літаратуры. Астатнія прадметы будуць выкладацца на расейскай мове. Прадметы «Гісторыя Беларусі» і «Мая Радзіма – Беларусь» будуць выкладацца па-беларуску.

Бацькі сустрэлі гэтую навіну з абурэннем. Кіраўніцтва школаў спасылаецца на новы Кодэкс аб адукацыі, які не прадугледжвае выкладання на мове нацыянальных меншасцяў.

На сайце Petitions.by зварот у Міністэрства адукацыі і Палату прадстаўнікоў супраць дыскрымінацыі ў атрыманні сярэдняй адукацыі на польскай мове набраў сотню подпісаў.

Старая рэдакцыя Кодэксу аб адукацыі гарантавала атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі на мовах нацыянальнай меншасцяў. Новая рэдакцыя Кодэксу гэтае права не прадугледжвае – дае толькі права на вывучэнне мовы і літаратуры нацыянальнай меншасці (у арт. 82, без вызначанай колькасці гадзінаў), але не на адукацыю на мове нацыянальнай меншасці (як было ў арт. 90).

Аўтары петыцыі папрасілі ўлады растлумачыць, чаму дыскрымінацыйныя нормы былі ўлучаныя ў Кодэкс аб адукацыі, забяспечыць магчымае атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі на мове нацыянальных меншасцяў, а таксама разгледзець пытанне пра змяненні ў Кодэкс аб адукацыі.

Польскія школы былі адкрытыя ў 1990-я гады на сродкі польскай дзяржавы. Існуе двухбаковая дамова паміж Польшчай і Беларуссю, якая гарантуе навучанне нацыянальных меншасцяў на роднай мове. Але гэтае права неадназначна замацаванае ў Канстытуцыі (арт. 50 гарантуе «свабоду выбару мовы выхавання і навучання адпаведна закону»). Увесь час пытаннямі адукацыі на польскай мове займаўся незалежны Саюз палякаў Беларусі. Ужо больш за год яго лідары знаходзяцца за кратамі, актывісты арганізацыі пераследуюцца, актыўнасць Саюзу сышла на не.

Што на гэта адказалі ўлады

Днямі прыйшлі афіцыйныя адказы на петыцыю з Міністэрства адукацыі і ад Палаты прадстаўнікоў.

У адказе з Мінадукацыі за подпісам начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Марыя Кіндзірэнка заўважае, што заканадаўства Рэспублікі Беларусь вывучэнне мовы нацыянальнай меншасці «рэгламентаванае» і новыя праўкі ў Кодэксе аб адукацыі нічога не парушаюць.

У адказе з Палаты прадстаўнікоў адзначаецца, што падставаў заносіць новыя змены ў Кодэкс аб адукацыі няма, бо працэдура прыняцця адпаведнага закону была выкананая.

Аб’ектыў
Чаму ў Беларусі забараняюць польскія школы?
2017.05.12 23:11

СП belsat.eu

Стужка навінаў