Страляніна ў сербскай школе ды масаваны ракетны абстрэл Украіны. Галоўныя здымкі тыдня


Каранацыя Чарлза III ў Вялікай Брытаніі, страляніна ў пачатковай школе ў Сербіі, вывяржэнне вулкану ў Інданезіі, паводка ў Італіі, новая хваля пратэстаў у Францыі ды цяжкія здымкі з Украіны – галоўныя падзеі тыдня, паводле фотарэдактараў «Белсату».

Расейская армія нанесла масаваны ракетны ўдар па Херсоне, выпусціўшы 82 снарады ў розныя месцы гораду: ад супермаркету АТБ да чыгуначнага вакзалу. Ахвярамі трагедыі сталі 23 чалавекі і яшчэ 46 былі параненыя. Херсон, Украіна.
Фота: Dina Pletenchuk / AFP / East News
Людзі страляюць з традыцыйных гарматаў падчас святкавання пад назваю Кулюўунг, якое праводзіцца праз некалькі дзён пасля мусульманскага свята Ід уль-Фітр (Eid al-Fitr). Богар (Bogor), Заходняя Ява, Інданезія.
Фота: Aditya Aji / AFP / East News
Мужчына з жонкай пазіруе для здымку на Эбатсфардскім фестывалі цюльпанаў на ферме «Lakeland Flowers» у Эбатсфардзе, Канада.
Фота: Dyck Darryl / CP / ABACA / Abaca Press / Forum
Кароль Вялікай Брытаніі Чарлз III і каралева-кансорт Каміла вітаюць гасцей з балкону Бакінгэмскага палацу пасля іхнай каранацыі ва Ўэстмінстэрскім абацтве. Гэта першая каранацыя ў краіне за апошнія 70 гадоў і толькі другая ў гісторыі, якая транслявалася па тэлебачанні. Лондан, Вялікая Брытанія.
Фота: Marco Bertorello / AFP / East News
Маці суцяшае дачку пасля страляніны ў школе ў Бялградзе. Сербская паліцыя арыштавала вучня, які зладзіў страляніну ў пачатковай школе і забіў восем навучэнцаў і ахоўніка школы. Бялград, Сербія.
Фота: Oliver Bunic / AFP / East News
Новае вывяржэнне лавы з самага актыўнага дзейнага вулкану Мэрапі (Merapi) на востраве Ява, Інданезія.
Фота: Garry Lotulung / NurPhoto / AFP / East News
Медыкі надаюць першую медычную дапамогу параненым украінскім вайскоўцам у прыфрантавым стабілізацыйным пункце ля Бахмуту, Данецкая вобласць, Украіна.
Фота: Dimitar Dilkoff / AFP / East News
Рыбакі закідваюць вялікія сеткі для лоўлі рыбы ў Раджшахі (Rajshahi). Пасля паніжэння ўзроўню вады ў рацэ рознакаляровыя водарасці і пустазеллі добра бачныя. Раджшахі, Бангладэш.
Фота: Bipul Ahmed / Solent News / Photo Agency / East News
Гандляр ландышамі плача ад слезацечнага газу, пакуль паліцыянты Французскага рэспубліканскага корпусу бяспекі (CRS) займаюць пазіцыі падчас дэманстрацыі на Першамай. Сама меней 406 супрацоўнікаў паліцыі атрымалі раненні і мінімум 540 дэманстрантаў былі арыштаваныя. Прафсаюзы заклікаюць пратэстоўцаў працягваць сваю трохмесячную кампанію супраць пенсійнай рэформы. Парыж, Францыя.
Фота: Alain Jocard / AFP / East News
Фатографка Іна Шыфэрдэкер знайшла кантакт з маленькімі звяркамі на лузе непадалёк Вены, прапаноўваючы суслікам карысныя закускі, такія як морква і семкі. Вена, Аўстрыя.
Фота: Ina Schieferdecker / Solent News / Photo Agency /  East News
Нявеста загінулага вайскоўца Іванна Саніна плача на пахавальнай цырымоніі каля Міхайлаўскага Залатаверхага сабору ў Кіеве. Партнёр Іванны, грамадзянін ЗША і добраахвотнік Замежнага легіёну Крыстафэр Джэймз Кэмпбэл, загінуў у баі пад Бахмутам. Кіеў, Украіна.
Фота: Sergei Supinsky / AFP / East News
Затопленая вёска Віллянова (Villanova) непадалёк італьянскага гораду Равэнна (Ravenna). Дзве асобы загінулі пасля 48-гадзіннага амаль бесперапыннага дажджу, які выклікаў паводку на поўначы Італіі.
Фота: Alessandro Serrano / AFP / East News
Кіта з сямейства паласацікаў, 17-метровага фінвала (Balaenoptera physalus), выкінула на бераг ля мястэчка Брыдлінгтан (Bridlington) у павеце Іст-Ёркшыр (East Yorkshire), Вялікая Брытанія.
Фота: Danny Lawson / Press Association / East News

Агата Квяткоўская belsat.eu

Стужка навінаў