У абаяльнай упакоўцы рэйву. Рэцэнзія на спектакль «Пі для Пішчэўскага»


Кантралёрка квіткоў на ўваходзе ў залу працягвае мне вушныя затычкі. «А гэта навошта?» – пытаю я. «У нас сёння будзе вельмі гучна», – такі ейны адказ.

Анонс спектаклю абяцае «спалучэнне дакументальнага перформансу і рэйву». Паведамляюць таксама, што інсцэнізацыя заснаваная на стэнаграме судовага працэсу ў справе аб забойстве Міхаіла Пішчэўскага – маладога архітэктара, які пацярпеў ад гамафобнага нападу пасля ЛГБТК+ вечарыны ў Менску ў 2014 годзе і памёр ад наступстваў праз паўтара года.

Квіток на спектакль «Пі для Пішчэўскага». Нямеччына, Дрэздэн. 30 красавіка 2022 г.
Фота: Белсат

Адкрываецца спектакль сцэнаю выпадковай сустрэчы ў клубным закуліссі Русі Шукюравай і Глеба Кавальскага, важных асобаў для беларускай электроннай сцэны. Тэхнамузыка пачынае гучаць з першых секундаў спектаклю і больш ні на секунду не змаўкае, мяняецца толькі гучнасць ды інтэнсіўнасць. Руся і Глеб абменьваюцца навінамі пра сваю эміграцыю: яна жыве ў Грузіі ды выхоўвае дачку, а ён нядаўна перабраўся ў Берлін з Кіева. Шчырасць і жывасць размовы падкупляюць, бо ўсё, што мы пачуем далей, – вытрымкі з сухой, бюракратычнай мовы судовай сістэмы сучаснай Беларусі.

Сцэну і глядацкую залу падзяляе суцэльны кавалак тканіны, на які выводзіцца якасная праекцыя субцітраў і відэа. Дзеянне на сцэне робіцца замкнёным у сабе і аточаным чатырма сценамі. Мы быццам назіраем за танцамі рыбак-людзей у акварыуме і разумеем, што не вельмі можам на штосьці паўплываць. Тут відавочна просяцца аналогіі з беларускімі судовымі працэсамі. Хоць «справа Пішчэўскага» здарылася значна раней за жнівеньскія пратэсты 2020 года з іх бесперапыннымі судамі і жорсткімі прысудамі, тэма спектаклю ўсё роўна гучыць актуальна. Гады ідуць, але дзяржаўная гамафобія, адсутнасць антыдыскрымінацыйнага заканадаўства і несправядлівыя суды – тут усё стабільна.

Рэпартаж
Рэцэнзія на спектакль «Жанчына з аўтаматам» берасцейскага тэатру «Крылы халопа»
2022.05.01 21:59

Глеб Кавальскі неймаверна абаяльны на сцэне. За ім хочацца назіраць, яго хочацца слухаць. Ён не вучыўся ў тэатральных школах, але адразу прыцягвае да сябе ўвагу – як на сцэне, так і за яе межамі. Руся Шукюрава дэбютавала ў якасці акторкі, аднак яна не навічок на сцэне. Руся – вядомая вакалістка і прафесійна займаецца голасам, на яе можна спадзявацца, тэхнічныя збоі практычна выключаныя. Публіка ведае і любіць Русю, глыбока ў сабе таіць жаданне ўбачыць яе ў новым сцэнічным амплуа. Гэтым разам тэатральнага чараўніцтва пераўвасаблення не адбываецца, але ніхто не засмучаны – Руся заўсёды цудоўная.

Акторскі склад спектаклю складаецца з яшчэ траіх асобаў. Олівэр Бэнэт з Вялікай Брытаніі, з якім аўтар пастаноўкі Уладзімір Шчэрбань пачаў супрацу яшчэ ў якасці рэжысёра ў Беларускім свабодным тэатры і з якім пазней заснаваў сваю тэатральную кампанію «Hunch Theatre». Двое іншых – Ёс МакКейн з ЗША і Нямеччыны, а таксама Зузанэ Заксэ з Нямеччыны, якая з’яўляецца ў спектаклі выключна ў выглядзе відэагалавы. Усе гэтыя акторы дакладна выконваюць свае задачы, аднак не забіраюць нашай увагі і выконваюць нібы дапаможную функцыю. Чаму рэжысёр спектаклю пастанавіў запрасіць на сцэну менавіта гэтых людзей? Іхныя ролі меркаваліся другараднымі ці гэта выйшла выпадкова ў сувязі з усёабдымным абаяннем Глеба і Русі? Ёсць некалькі версіяў, аднак ніводная з іх не ёсць вычарпальнай.

Спектакль «Пі для Пішчэўскага». Нямеччына, Дрэздэн. 30 красавіка 2022 г.
Фота: Белсат

Мабыць, асабліва чуйным акрамя затычак на ўваходзе можна было яшчэ выдаваць адмысловыя акуляры. Уздзеянне гукам і святлом вельмі інтэнсіўнае: глыбокі бас трымае ў тонусе, відэапраекцыя ўспыхвае на экране раптоўна і падобная да галаграмы, бакавое святло рытмічна лыпае чырвоным… Гэтым разам Уладзімір Шчэрбань змог адысці ад вымушаных традыцыяў беднага тэатру і дазволіў сабе адарвацца напоўніцу. Гэтая тэхнічная раскоша захапляе, і «ўаў-эфект» абавязкова ўзнікае, ды ніхто і не супраціўляецца. Але ўсё ж не станем хаваць: нам не стае іншай раскошы – тых самых шчырых чалавечых гісторыяў, расказаных на жмутку прасторы з мінімальным рэквізітам. Гэты ўнутраны голас мы адразу глушым забіяцкім тэхна, бо вакол усё гучна, ярка, стылёва, і ў гэтым віры жыцця зусім не хочацца праславіцца старым буркуном, якому ўсё вакол занадта тэхналагічна і бракуе класічнай драмы.

Рэіў-эстэтыка – абаяльная ўпакоўка. У яе хочацца зазірнуць, да яе хочацца быць датычным. Яна вабіць і палохае адначасова, але вабіць усё ж больш, бо кажуць, што пасля некаторых рэйваў ты можаш назаўжды змяніцца, і жыццё тваё не будзе ранейшым… Мы гатовыя гуляць у гэтую рамантызацыю і ўпэўнена ідзём за рэжысёрскаю задумай, аднак у нейкі момант пачынаем лавіць сябе на адчуванні, што нас падманулі, бо ўсе сакрэты былі расказаныя ўжо ў пачатку, і далей дозу трэба падвышаць, каб утрымліваць нашую ўвагу. Але гэтага не адбываецца, мы пачынаем трошкі прытомнець і ў гэты момант згадваем: так, дакладна, гэты тэатральны прадукт – кааперацыя са «Справаю_Пі» – кампаніяй супраць гамафобіі. ЛГБТК+ актывізм – справа добрая і патрэбная, як на сцэне, так і ўсюды. Прыдзірацца тут – благі тон, бо тэатр і актывізм існуюць у розных сэнсавых плоскасцях і маюць розныя задачы. У выніку ўсе атрымліваюць сваё: Уладзімір Шчэрбань – прастору для эксперыментаў, Андрэй Завалей – працяг антыгамафобнай кампаніі, а мы як гледачы – яскравае шоу, дзе камусьці спатрэбяцца затычкі.

Міхаіл Пішчэўскі. Крыніца: hellerau.org

Дыскашар над сцэнаю прывабна блішчыць і нагадвае, што свята заўсёды з намі. Пасля спектаклю можна накіравацца наўпрост на вечарыну, дзе танец вызваліць нас як ад чужых стэрэатыпаў, так і ад думак ад смерці. Каму што актуальна.

Вось тут можна паглядзець склад працоўнай групы. Паказ спектаклю прайшоў у межах фестывалю «Побач» у Дрэздэне.

Віка Біран belsat.eu

Стужка навінаў