Журналіста Рамана Васюковіча аштрафавалі за кнігу «Беларускі Данбас»


Суд Кастрычніцкага раёну Менску аштрафаваў журналіста тэлеканалу «Настоящее время» Рамана Васюковіча на 20 базавых велічыняў (580 рублёў) за тое, што ён у снежні 2020 года вёз з Кіева ў Менск два асобнікі кнігі «Беларускі Данбас». Аўтары кнігі – журналісты «Белсату» Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева.

Суддзя Аляксандр Рудэнка прызнаў журналіста вінаватым паводле ч. 1 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджванне або перавоз інфармацыйнай прадукцыі, што змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці»). Штраф 20 базавых велічыняў – максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкулу.

Кнігу «Беларускі Данбас» 26 сакавіка той жа Кастрычніцкі суд прызнаў «экстрэмісцкай», хоць ніякіх доказаў гэтага ў суд прадстаўлена не было.

Hавiны
Ігар Ільяш: Сцверджанне, што ў кнізе «Беларускі Данбас» ёсць «прыкметы экстрэмізму», – гэта поўнае трызненне
2021.03.26 19:11

Нагадаем, у снежні 2020 года, калі Васюковіч вяртаўся ў Менск з Кіева са службовай камандзіроўкі, у яго на мытным даглядзе знайшлі і сканфіскавалі два асобнікі кнігі «Беларускі Данбас». Кнігі накіравалі на экспертызу, а на журналіста склалі адміністратыўны пратакол.

Hавiны
Сілавікі зладзілі ператрус у кватэры журналіста Рамана Васюковіча
2021.04.06 19:34

Адначасова Раман Васюковіч застаецца пад пагрозаю крымінальнай справы. Учора ў кватэры журналіста адбыўся ператрус, ордар выдала пракуратура ў межах даследчай праверкі паводле прыкметаў злачынства, прадугледжаных арт. 130 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або сацыяльнай варожасці») Крымінальнага кодэксу. Ператрус праводзілі працаўнікі Менскага АУС на паветраным транспарце, яны шукалі экстрэмісцкую літаратуру і сімволіку. У выніку ператрусу сілавікі нічога не знайшлі і нічога не забралі.

Hавiны
Ва Украіне прэзентуюць кнігу «Беларускі Данбас», якую ў Беларусі прызналі экстрэмісцкай
2021.04.07 11:41

«Беларускі Данбас» – журналісцкае даследаванне пра беларусаў на вайне, ролю спецслужбаў і асабіста Аляксандра Лукашэнкі, а таксама пра тое, як гэты канфлікт паўплываў на Беларусь. Акрамя таго, аўтары спрабуюць адказаць на пытанне, што прымушала беларусаў ехаць на Данбас і чаму яны ў выніку сталі трэцяй колькасна нацыянальнай групай сярод удзельнікаў канфлікту (пасля расейцаў і ўкраінцаў). Асобна Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева аналізуюць палітыку Лукашэнкі ў расейска-ўкраінскай вайне і тое, як яна трансфармавалася з цягам часу.

Кніга выйшла ў 2020 годзе ва ўкраінскім выдавецтве «Фоліа». 19 лютага 2021 года адбылася прэзентацыя «Беларускага Данбасу» ў амбасадзе Украіны ў Менску. На прэзентацыі прысутнічаў амбасадар Украіны Ігар Кізім і часовая павераная ў справах амбасады Літвы Аста Андрыяўскене.

Суаўтарка кнігі Кацярына Андрэева з 15 лістапада 2020 года застаецца за кратамі. 18 лютага 2021 года суд Фрунзенскага раёну Менску пакараў яе і Дарʼю Чульцову 2 гадамі калоніі за стрым з жорсткага разгону падчас акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэння сілавікамі народнага мемарыялу. Нашыя каляжанкі не прызналі сваёй віны і лічаць пераслед помстаю спецслужбаў за прафесійную дзейнасць.

Стужка навінаў