Герасіменя і Апейкін не будуць аспрэчваць крымінальную справу і кантактаваць з следчымі


Аляксандра Герасіменя і Аляксандр Апейкін пракаментавалі завядзенне крымінальнай справы супраць іх. На думку кіраўніцы Фонду спартовай салідарнасці, гэтая крымінальная справа можа спрычыніцца да далейшых санкцыяў у дачыненні Нацыянальнага алімпійскага камітэту з боку МАК.

Следчы камітэт 2 красавіка распачаў крымінальную справу на кіраўніцу Фонду спартовай салідарнасці Аляксандру Герасіменю і выканаўчага дырэктара Фонду Аляксандра Апейкіна.

«Захады сябраў БФСС следчымі кваліфікаваныя паводле ч. 3 арт. 361 («Заклікі да здзяйснення іншых захадаў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі ці глабальнай камп’ютарнай сеткі інтэрнэт») Крымінальнага кодэксу. Санкцыя артыкулу прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі да 5 гадоў», – гаворыцца ў паведамленні СК.

Hавiны
СК распачаў крымінальную справу супраць Аляксандры Герасімені
2021.04.02 18:54

Александра Герасіменя кажа, што завядзенне крымінальнай справы стала рэакцыяў уладаў Беларусі на дзейнасць Фонду.

«Артыкул абсалютна не законны. Мы разумеем, што Лукашэнка захапіў незаконна ўладу. Таму ўсе крымінальныя справы, якія цяпер заводзяць, – не законныя. І гэта вынік працы і дасягненняў Фонду. Гэта таксама вынікі працы Фонду, які збіраў матэрыялы для МАК, і ў выніку былі ўведзеныя санкцыі ў дачыненні НАК. У адказ улады распачалі крымінальную справу на нас. І я лічу, што гэта своеасаблівы адказ МАК, своеасаблівая поўха праз нас», – кажа Аляксандра Герасіменя.

Аляксандра Герасіменя і Аляксандр Апейкін у варшаўскай студыі Белсат ТВ. 21 кастрычніка 2020.
Фота: Яна Пракопчык / Белсат

Прадстаўнікі Фонду не маюць намеру аспрэчваць гэтыя абвінавачанні.

«Аспрэчваць крымінальнай справы не будзем, бо яна і так не законная. Замест гэтага я выставіла свой залаты медаль 2012 года на продаж. Медаль мне дарагі, я тады ўсталявала нацыянальны рэкорд. І гэта золата міру – дзеля міру ў нашай краіне. Я хачу падтрымаць усіх спартоўцаў і ўсіх беларусаў. Я лічу, што вера ў поспех – гэта 90 % поспеху. Далучайцеся да нашага праекту ЗЛЖ, і мы пераможам», – заклікае Аляксандра Герасіменя.

Імкнуючыся нашкодзіць прадстаўнікам Фонду, улады Беларусі робяць толькі горш, страляючы сабе ж у нагу, лічыць алімпійская чэмпіёнка.

«Мы казалі, што, верагодна, тыя санкцыі МАК не апошнія, бо ў выніку перавыбараў НАК не выканаў патрабаванняў Міжнароднага алімпійскага камітэту. Мы мяркуем, што наступныя санкцыі МАК будуць неўзабаве. А завядзенне справы супраць нас можа падштурхнуць МАК да ўвядзення санкцыяў. Існуе верагоднасць, што нашыя спартоўцы паедуць на Алімпіяду пад нейтральным сцягам. У нас няма жадання пазбавіць спартоўцаў сцяга. МАК вырашае самастойна, якія санкцыі ўводзіць у дачыненні НАК. Мы можам толькі дапаўняць справы, але не маем паўнамоцтваў выносіць пастановы», – сказала Герасіменя пра нейтральны сцяг зборнай Беларусі на Алімпіядзе.

Hавiны
Герасіменя: Магчыма, Беларусь паедзе на Алімпіяду ў Токіа пад нейтральным сцягам
2021.04.05 10:24

Выканаўчы дырэктар Фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін дадае, што нягледзячы на крымінальную справу Фонд працягне сваю дзейнасць.

«Спартоўцы сталі лакаматывам у руху за свабоду. На гэтай глебе ў нас адбыўся шэраг падзеяў. Гэта і санкцыі МАК за сістэмныя парушэнні правоў спартоўцаў, і перанясенне буйных спартовых імпрэзаў з Беларусі, і старт кампаніі за здаровы лад жыцця. Апошняя акцыя і падштурхнула СК да завядзення крымінальнай справы за нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы», – лічыць Аляксандр Апейкін.

Аляксандра Герасіменя і Аляксандр Апейкін у варшаўскай студыі Белсат ТВ. 21 кастрычніка 2020.
Фота: Яна Пракопчык / Белсат

Акцыю За здаровы лад жыцця Фонд разгарнуў на пачатку красавіка. Акцыя ставіць на мэце не толькі адмову ад шкодных звычак, але і прыпыненне папаўнення бюджэту праз акцызы на алкаголь і тытунёвыя выбары.

«За 26 гадоў, за час кіравання Лукашэнкі, Беларусь аказалася на першым месцы ў свеце ў спажыванні тытуню і алкаголю на душу насельніцтва. І мы лічым, што гэта мэтанакіраваная палітыка ўладаў, каб кіраваць людзьмі, стварыць рабоў сістэмы. Фонд узяўся за здароўе беларусаў. Сотні спартоўцаў могуць прапанаваць людзям рэкамендацыі для ЗЛЖ. Мы бачым станоўчую рэакцыю людзей і разумеем, што такой акцыі не хапала людзям. Акрамя таго, праз акцызы папаўняецца бюджэт рэжыму», – распавёў Аляксандр Апейкін.

Да гэтай акцыі далучылася і Нацыянальнае антыкрызіснае ўпраўленне.

«НАУ звяртае ўвагу на такую праблему, як паленне ў Беларусі. Паводле статыстыкі, кожны беларус спажывае каля 1,5 пачкаў цыгарэтаў на дзень. З гэтаю праблемай трэба змагацца. Акрамя іншага, мы бачым праблему ў прадукцыі безакцызных цыгарэтаў, якія прадаюцца як кантрабанда. Мы звяртаемся да вытворцаў тытунёвых вырабаў з заклікам спыніць вытворчасць безакцызных вырабаў», – распавёў прадстаўнік НАУ Анатоль Котаў.

НАУ ўжо звярнулася да ўладальнікаў гандлёвых марак тытунёвых вырабаў «British American Tobacco», «Imperial Tobacco», «Japan Tobacco International» і «Philip Morris». У звароце гаворка ідзе пра парушэнне правоў чалавека ў краіне і пра выраб цыгарэтаў без акцызаў у Беларусі. Прадстаўнікі структуры цяпер чакаюць рэакцыі на свае звароты з боку міжнародных кампаніяў, якія перадалі афіцыйнаму Менску права займацца вытворчасцю тытунёвых вырабаў іх марак.

Hавiны
«Добра я, навошта дзяцей чапаеце?» Лукашэнка – пра ўчорашнія санкцыі МАК
2020.12.08 12:35

СК belsat.eu

 

Стужка навінаў