«З аўсянкі рабілі маскі, гелевымі асадкамі малявалі стрэлкі на вачах». Як захаваць прыгажосць за кратамі?


Догляд сябе, клопат пра выгляд вельмі важныя для жанчын за кратамі, бо гэта тое, што яшчэ можна кантраляваць, калі ўсё іншае за цябе ўжо вырашылі. Так кажуць палітзняволеныя беларускі. Пра тое, як захаваць сваю прыгажосць і жаноцкасць у турме, мы пагутарылі з Настассяю Булыбенкай, якая правяла ў калоніі 2,5 года ў «справе студэнтаў», і з Яўгеніяй Доўгай, аўтаркаю праекту «Палітвязынка» пра палітзняволеных жанчын.

«Два спосабы вышчыпваць валасы – запалкамі і ніткаю»

Калі былую студэнтку БНТУ Настассю Булыбенку затрымалі, ёй было 19 гадоў. У веку, калі дзяўчатам хочацца быць яркімі і прыгожымі, фарбавацца, насіць модныя рэчы, беларуска прайшла праз СІЗА і жаночую калонію. Але нават у зняволенні жанчыны хочуць заставацца жанчынамі і прыдумляюць часам проста неверагодныя рэчы, каб у сістэме, якая імкнецца абезаблічыць, заставацца прывабнымі і прыгожымі, кажа Настасся.

Выстава былой палітзняволенай Асі Булыбенкі «Пазнака» ў Цэнтры беларускай супольнасці і культуры ў Вільні, Літва. 17 кастрычніка 2023 года.
Фота: Белсат

У СІЗА моцна дапамагае, што туды можна перадаваць сродкі догляду – крэмы, маскі, бальзамы.

«Некаторыя дзяўчаты выкарыстоўвалі аўсянку, якую давалі на сняданак, замест маскі для твару. Там жа каша з натуральных крупаў, таму гэта было карысна», – прыгадвае Настасся.

Зняволеным нельга перадаваць пінцэты, што ўскладняе жыццё, аднак дзяўчаты і тут знаходзяць выйсце.

«Былі два спосабы вышчыпваць бровы. Першы – з дзвюх запалак трэба было зрабіць імітацыю шчыпчыкаў. Ён мне падаўся складаным, – адзначае былая палітзняволеная. – Друі спосаб я засвоіла даволі лёгка. У «прадольнага» прасілі нітку – яе трэба было пэўным спосабам звязаць, закруціць на пальцах і так вышчыпваць сабе бровы і вусікі. Калі мяне затрымалі другі раз, я на Акрэсціна гэты спосаб паказвала дзяўчатам, і мы з адзення вырывалі ніткі».

У СІЗА было немагчыма пастрыгчыся: каб падраўняць кончыкі валасоў, дзяўчаты выкарыстоўвалі машынку для галення.

З падручных сродкаў рабілі сабе аздобы: напрыклад, завушніцы з зубчыкаў расчоскі з круглымі наканечнікамі.

«Дзяўчаты выломвалі гэтыя зубчыкі і ўстаўлялі ў вушы як завушніцы. Калі гэта бачылі супрацоўнікі СІЗА, то прымушалі здымаць і выкідваць, але шмат хто так рабіў усё роўна», – згадвае Настасся.

Душ раз на тыдзень

Не самае простае заданне ў зняволенні – банальнае штодзённая падтрыманне асабістай гігіены. Настасся прайшла праз два СІЗА – у Менску і Гомлі, і нідзе не было гарачай вады. Жанчыны грэлі яе кіпяцільнікам у місцы, каб памыць галаву:

«А далей хто як прылаўчыўся. Хтосьці мыў галаву над унітазам, але гэта было не вельмі зручна. Я мыла над тазам – станавілася перад ім на калені, акунала туды валасы, намыльвала і патроху змывала».

У душ вадзілі раз на тыдзень. У іншы час трэба было гэтак жа грэць ваду і прыдумляць, як памыцца ў камеры.

«У кожнай камеры ёсць высокі таз. Мы спрабавалі ў яго залазіць і імітаваць душ, але гэта не вельмі зручна, і потым усё навокал было мокрае», – кажа дзяўчына.

У калоніі гарачая вада ўжо была, аднак галаву можна было мыць толькі два разы на тыдзень, за чым строга сачылі. Фенаў няма, толькі натуральная сушка, што ўзімку было вельмі дыскамфортна, бо не было дастаткова часу, каб галава цалкам прасохла: трэба было ці на працу ісці, ці на правяранне. У душ вадзілі раз на тыдзень.

«Калі ў СІЗА ты сядзіш і не рухаешся днямі, то ў калоніі працуеш, ходзіш туды-сюды, і неабходнасць схадзіць у душ вострая, а магчымасці не было. Хоць у некаторых атрадах усталяваныя душы, але карыстацца імі нельга – толькі праз асаблівы дазвол начальніц атраду пасля абірання цыбулі ці бульбы», – адзначае суразмоўца.

У калоніі, у адрозненне ад СІЗА, ёсць цырульня, але ў яе вельмі складана трапіць – там запіс на тры-чатыры месяцы наперад. Настасся толькі раз ёю скарысталася, каб крыху падрэзаць валасы. Агулам там робяць даволі простыя рэчы, ніякіх складаных укладак.

Гісторыі
«Гляджу на фота 2020 года і думаю: калі я зноў буду так усміхацца?» Размова з былой палітзняволенай
2024.02.21 08:14

«Да целагрэйкі ўзімку – сінія стрэлкі, да сукенкі ўлетку – ружовыя»

У калоніі былі дазволеныя пінцэты і кішэнныя люстэркі, што ўжо аблягчала жыццё. У СІЗА, прыгадвае Настасся, люстэркі ў камеры былі, і яны маглі быць розныя – часам у такім стане, што ў іх нічога не было відаць. У краме на тэрыторыі калоніі прадаецца крыху касметыкі. Жанчынам можна фарбавацца, гэтага ніхто не забараняе, але галоўнае – не вельмі ярка, за што могуць зрабіць заўвагу.

«Але паспець нафарбавацца з раніцы перад працай амаль немагчыма, – кажа нашая суразмоўца. – Я фарбавала толькі вейкі тушшу. Каб гэта зрабіць, я брала туш і люстэрка з сабой у сталоўню. Гэта было забаронена, але мяне ні разу не злавілі. Паколькі я не снедала ў сталоўні, я фарбавала вейкі ў гэты час. Яшчэ ў калоніі я навучылася маляваць стрэлкі на вачах гелевымі асадкамі. Гэтая ідэя прыйшла з атраду няпоўнагадовых, дзе былі маладыя суперкрэатыўныя дзяўчаты. Ведаю, што шмат хто так рабіў: да целагрэйкі ўзімку – сінія стрэлкі, да сукенкі – ружовыя. Гэта было ярка і вылучала з натоўпу».

Фарбаваць валасы ў калоніі забаронена – можна карыстацца толькі тонікамі, якія прадаюцца ў мясцовай краме. Настасся апавяла пра дзяўчыну, якой сваякі прынеслі фарбу на доўгае спатканне, і потым калонія яе за гэта пакарала. Таксама забароненыя лакі для пазногцяў:

«У СІЗА мама перадала мне манікюрныя налепкі, і я сабе клеіла на пазногці розныя кветачкі. Што датычыць гігіенічнага манікюру, у СІЗА ў нейкі момант былі дазволеныя шчыпчыкі, а потым іх забаранілі і пачалі забіраць. Калі было трэба, можна было ўзяць агульныя на калідоры. Мы іх апрацоўвалі хлоргексідынам, часам абпальвалі запалкамі. Куцікулу некаторыя прыбіралі сінім каўпачком ад асадкі, але я нічога з ёй увогуле не рабіла. У калоніі можна было мець пры сабе нажніцы для манікюру і педыкюру».

Фарбавацца і добра выглядаць, каб паказаць, што цябе не зламалі

З адзення ў калоніі былі сукенка ці касцюм – спадніца, блузка і пінжак.

Жаночая папраўчая калонія № 4. Творчы конкурс сярод асуджаных «Мой першы дзень на волі». Гомель, Беларусь. 5 ліпеня 2022 года.
Фота: sb.by

«Усе дзяўчаты ўшывалі сабе гэтыя бясформенныя мяхі паводле фігуры, хоць гэта было забаронена, – згадвае Настасся. – На фабрыцы, каб ушыць, трэба было неяк схавацца, злавіць момант, калі не было майстра, але гэта было магчыма нават мне, хоць я была з жоўтаю біркаю пад асаблівай увагай. Карацей, дзяўчаты там імкнуцца зрабіць сабе вопратку як мага больш прыстойнаю».

Настасся не надта імкнулася рабіць яркі макіяж у калоніі, але для некаторых жанчын гэта было прынцыпова. Яны выкарыстоўвалі не толькі касметыку з мясцовай крамы, але і звычайныя фарбы – гуаш, акварэль:

«Адна дзяўчына ў СІЗА казала, што калі яна прыедзе ў калонію, то будзе прынцыпова фарбавацца штодня і добра выглядаць, бо ёй важна паказаць, што яна ўсё яшчэ не зломленая, трымаецца добра. Агулам дзяўчаты, якія ўжо доўга ў калоніі, нават за загар перажываюць. Улетку дзяўчаты выходзілі ў дворык, сядалі на сонейка, задзіралі сукенкі, пырскалі з маленькай бутэлечкі ваду на ногі, рукі, каб хутчэй загараць. Яны ўвесь вольны час бавілі на сонцы».

Доступ да паветра і сонца ў калоніі крыху ратуе скуру, кажа былая зняволеная, бо пасля СІЗА і сталага перабывання ў камеры твары рабіліся зямлістага адцення.

Настасся перакананая, што турэмную сістэму ў Беларусі трэба цалкам змяняць, і пачаць трэба з самых банальных рэчаў – забеспячэння свабоднага доступу да сродкаў гігіены: душу, магчымасці памыць галаву. Далей трэба ламаць імкненне адміністрацыі калоніі максімальна абезаблічыць жанчын, зрабіць іх падобнымі адна да другой, «бясполымі», кажа Настасся:

«Жанчына павінна заставацца жанчынаю. Трэба разумець нашыя патрэбы. Напрыклад, апавядалі, што некалькі гадоў таму, калі начальніцаю калоніі была жанчына, яна адмяніла касынкі. Так, на фабрыцы гэта тэхніка бяспекі, але калі ты іх носіш увесь час, гэта кепска ўплывае на валасы і скуру галавы. Калі начальнікам ізноў стаўся мужчына, ён вярнуў касынкі».

«Жанчыны цяжка перажываюць адбітак, які турма пакідае на іхных тварах»

Яўгенія Доўгая, журналістка, аўтарка праекту «Палітвязынка», што апавядае гісторыі палітзняволеных жанчын, кажа, што догляд у месцах няволі – актуальная тэма, бо яна пра кантроль над сітуацыяй.

«Як кажуць пра дэпрэсію: калі ты перастаеш дбаць пра сябе, рабіць элементарныя рэчы, – гэта ўжо кепскі стан. Так і тут: догляд – гэта ў першую чаргу кантроль за сітуацыяй. Бо іншае за цябе ўжо вырашылі, цябе закрылі ў турме. І клопат пра свой выгляд – гэта тое адзінае, што ты можаш кантраляваць», – адзначае Яўгенія.

Стваральніца «Палітвязынкі» чула шмат аповедаў жанчын, якія вызваляліся з СІЗА і калоніяў, і кажа, што ўсе яны вельмі перажываюць за тое, што там адбываецца з іхным фізічным здароўем, выглядам, целам.

Евгения Долгая, журналистка Reform.by, проект «Тело Беларуси»
Яўгенія Доўгая, стваральніца праекту «Цела Беларусі», у межах якога збірае фотаздымкі татуяванняў, зробленых беларусамі як водгук на падзеі пасля выбараў 2020 года. Кіеў, Украіна. 16 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

«Уявіце сабе калонію. Кожную раніцу а 5:30 жанчыны мятуць тэрыторыю, прыбіраюць снег. За зіму са скурай адбываюцца жахлівыя рэчы, яна абветрываецца. Акрамя таго, жанчыны губляюць вагу на нервовай глебе.  Яны цяжка перажываюць за тое, які турма пакідае адбітак на іхным твары, – адзначае журналістка. – Таму пра гэта трэба казаць. Перадаваць жанчынам тыя ж крэмы, касметыку – гэта знак клопату, увагі. Гэтыя прыемныя хатнія пахі пашыраюць турэмны свет».

Перадаваць у СІЗА і калонію нельга дэкаратыўную касметыку, але можна крэмы, бальзамы ў празрыстых баначках. Таксама, калі этыкеткі на замежнай мове, іх трэба падпісаць па-расейску, інакш не прымуць, распавядае Яўгенія. У калонію можна перадаваць бутэлечкі з дазатарам, у СІЗА – нельга. Таксама нельга, каб быў спірт у складзе. У СІЗА могуць не ўзяць крэму для твару, бяруць крэм для рук і для ног. Але часта ўсё ўпіраецца ў чалавечы фактар – залежыць ад таго, хто бярэ перадачы.

«Калі прыводзяць новага чалавека, яго нюхаюць, бо ён пахне домам»

Усе жанчыны ў зняволенні просяць ліфтынгавы крэм пад вочы, кажа Яўгенія:

«Рэч у тым, што калі людзі адтуль выходзяць, у іх вельмі ўпалыя вочы і вакол іх – карычневая скура. Гэта яркая прыкмета турмы, такія вочы і ў жанчын, і ў мужчынаў. Чалавек худнее, твар ападае, а яшчэ сталы стрэс, які адбіваецца на твары, таму заўсёды просяць такі крэм, бо выгляд змяняецца, ты старэеш, і з гэтым хочацца змагацца. Таксама патрэбны крэм для рук, бо яны трэскаюцца ад прыбірання, працы з тканінаю».

Яўгенія апавядае, як жанчыны ў зняволенні імкнуцца захаваць свой пах цела, змагаюцца з турэмнымі пахамі.

«Вольга Вялічка, якая напісала кнігу пра дзяцей зняволеных, казала на прэзентацыі, што дзеці вельмі пужаюцца, калі бацькі прыходзяць з турмы, бо і вонкава людзі змяняюцца, і ад іх іншы пах. Уядаецца пах турмы, змяняецца цела, становяцца іншымі зубы. Людзі гэта заўважаюць. Неяк захаваць сябе мінулага дазваляе догляд сябе. Дарэчы, калі ў СІЗА прыводзяць новага чалавека, яго нюхаюць, бо ён яшчэ смачна пахне – домам, духамі», – кажа аўтарка «Палітвязынкі».

Інтэрв’ю
«На аглядзе ў гінеколага побач стаіць канваір і глядзіць». Праз што праходзяць палітзняволеныя беларускі
2023.03.08 09:44

У турме нельга карыстацца парфумерыяй, яе там замяняюць крэмы, гель для душа, а яшчэ цыгарэты з араматычнаю капсулаю. Крэм для цела жанчыны наносяць на каўнер ватніка, каб быў прыемны пах, а капсулу расціраюць і робяць з яе духі.

«Жанчыны мажуць яе сабе на запясці ці кідаюць у нейкую ёмкасць ды заліваюць гарачаю вадой, атрымліваецца асвяжальнік для паветра, якое ў камерах не заўсёды добрае, – кажа Яўгенія. – Праблема ў тым, што ў турмах робяць вельмі кепскі хлеб, які выклікае моцны метэарызм, і жанчыны, якія сядзяць без падтрымання, ядуць гэты хлеб. Гэта ўсё выклікае жахлівы пах. Палітзняволеныя нават забараняюць іншым жанчынам есці гэты хлеб, даюць свой, які ім перадаюць».

Даводзіцца выбіраць: купіць яблык ці цені для павекаў

У СІЗА вельмі важна, каб быў бальзам для вуснаў, бо алюмініевыя кубкі моцна награваюцца, акрамя таго, там шмат інфекцыяў, часта абвастраецца герпес.

У калоніі дэкаратыўную касметыку можна купіць у краме, але сума дазволеных пакупак для палітзняволеных вельмі малая, і даводзіцца выбіраць – ты купляеш яблык ці марозіва або палетку ценяў, адзначае Яўгенія:

«Вольга Томіна, візажыстка, якая два гады адсядзела, апавядала, што збірала некалькі месяцаў грошы, каб купіць сабе цені. Яна фарбавалася штодня гуашшу і акварэльнымі алоўкамі. Яны вельмі ратуюць жанчын, бо нельга перадаваць пэндзлі, і дзяўчаты робяць іх сабе са сваіх уласных валасоў, прывязваюць ніткаю да запалкі і такім чынам малююць сабе стрэлкі гуашшу і акварэльнымі алоўкамі. Вользе Томінай моцна не ставала нармальнага пэндзліка для твару, і ёй падарыла пэндзлік з саломы жанчына, якая сядзіць за патройнае забойства».

У калоніі цяжка быць прыгожай, бо за гэта не толькі адміністрацыя калоніі робіць заўвагі, але і іншыя жанчыны, асуджаныя за розныя злачынствы. Могуць проста знішчыць цябе, калі будзеш вылучацца.

«Вольга Томіна казала, што ёй было цяжка, але яна ўсё роўна фарбавалася штодня, каб вылучацца ў гэтай масе. Там ідзе страшнае расчалавечванне, цябе прыніжаюць, і табе хочацца вылучыцца. Таму просяць заколкі, хаця б дзіцячыя ў выглядзе аднарогаў, зорачак і да таго падобнае, каб хоць неяк вылучыць сябе», – апавядае журналістка.

Беларус беларусу
Жаночая калонія ў Беларусі: як захаваць прыгажосць за кратамі
2024.02.16 18:20

Змяняць умовы ў турмах і стаўленне грамадства да вязняў

Адзенне ў калоніі – сукенкі і спадніцы – з вельмі тонкай тканіны, зазначае Яўгенія Доўгая. Насіць нагавіцы нельга:

«Добра, калі ёсць цёплыя калготкі, тэрмабялізна, бо інакш у гэтай тонкай сукенцы вельмі цяжка ўзімку выходзіць прыбіраць снег».

Яўгенія таксама кажа, што ў Беларусі трэба цалкам змяняць усю сістэму выканання пакаранняў:

«Цяпер уся гэтая сістэма скіраваная не на тое, каб цябе выправіць, а каб разбурыць. Трэба змяняць побытавыя ўмовы. Душ мусіць быць штодня, а не як у каменным веку. Не павінна быць так, як апавядаюць жанчыны: адна з іх, з вельмі даўгімі валасамі, грэла сабе ваду ў сметніцы, каб іх памыць. Не мусіць быць рабскай працы, якая знясільвае. Харчаванне трэба змяняць. Да медыцыны мусіць быць доступ. У камерах трэба рабіць нармальныя ўмовы, прыбіраць цвіль».

Паводле Яўгеніі Доўгай, беларускія дэмакратычныя сілы ўжо цяпер мусяць распрацоўваць планы для змянення пенітэнцыярнай сістэмы ў Беларусі, а таксама пачынаць працаваць з ментальнасцю грамадства.

«Як у Беларусі ставяцца да вязняў? Калі кажаш, што там кепская ежа – чуеш у адказ: а што іх там прысмакамі з рэстарану трэба карміць? Нібы не разумеюць, што ставіцца трэба як да людзей у тым ліку да тых, хто за кратамі, – перакананая аўтарка «Палітвязынкі». – Таму трэба казаць не толькі пра вызваленне палітвязняў, але і пра паляпшэнне ўмоваў у турмах. Ужо цяпер казаць, у тым ліку ў размовах з Захадам».

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў