На Гомельшчыне затрымалі дзвюх жанчын, якія кралі і прадавалі штучныя кветкі з магіл, піша партал БрэстСІЦІ.
«Паведамленні аб крадзяжах на могілках паблізу вёскі Рудня сталі паступаць у Рэчыцкі РАУС з пачатку лютага. Жулікі амаль ушчэнт абносілі нядаўнія пахаванні», – гаворыцца ў паведамленні.
Падчас расследавання праваахоўнікі выйшлі на дзвюх жыхарак Рэчыцы 38 і 30 гадоў, якіх летась падазравалі ў датычнасці да такіх крадзяжоў у суседнім Светлагорскім раёне.
У адну з начэй жанчын затрымалі з пакетамі, набітымі штучнымі кветкамі. Рэшткі раней выкрадзеных кветак былі знойдзеныя падчас ператрусу дома ў адной з затрыманых.
Паведамляецца, што яны спустошылі 6 свежых магілаў. Выкрадзеныя кветкі жанчыны вазілі прадаваць у Гомель.
Ася Саковіч belsat.eu