На фронт – праз турыстычнае агенцтва

Любая вайна – гэта найперш людзі. І тыя, якія ваююць, і тыя, якія не ваююць, але гінуць, атрымліваюць раненні ці бягуць, кінуўшы свае дамы, каб уратаваць свае жыцці. У краіне-агрэсарцы людзям таксама неспакойна – даводзіцца закопваць трупы салдатаў, а ў шпіталях лячыць і ампутаваць канцавіны тым, каму пашанцавала застацца жывым. Ну і перыядычныя выбухі з пажарамі, бадай, не дадаюць псіхалагічнага камфорту насельніцтву нават тады, калі яно і не супраць, каб іхнае войска ваявала ў суседняй краіне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайсковая тэхніка, захопленая падчас вайны ва Украіне, выстаўленая ў цягніку, названым Міністэрствам абароны Расеі «Сіла ў праўдзе». Растоў-на-Доне, Расея. 3 сакавіка 2024 года.
Фота: Vladimir Aleksandrov / Anadolu Press / Abaca Press / Forum

Тым часам «мясныя штурмы» расейцаў увесь час патрабуюць новых і новых салдатаў. І хоць у Расеі з гэтым нібыта праблемаў быць не мае, відаць, не ўсе згодныя добраахвотна ісці на ўтылізацыю.

Спачатку крамлёўскія бонзы кідалі ў пашчу вайны тых, каго ім было не так шкада – навабранцаў з прадстаўнікоў малалікіх народаў краіны і крымінальнікаў. Але вайна ўсё не заканчваецца – і таму даводзіцца шукаць наймітаў з постсавецкіх краінаў або з краінаў-хаўрусніц, як, напрыклад, Сірыя. Калі кіргізам, таджыкам і туркменам абяцаюць грамадзянства Расеі паводле паскоранай працэдуры, калі тыя пойдуць у войска, то наймітам з Сірыі абяцаюць за гэта 3000 долараў заробку. А гэта ж нашмат больш за іхную сярэднюю заработную плату.

Цяпер, мабыць, нястача «штыкоў» стала адчувацца да такой ступені, што ў хаду пайшлі ашуканскія схемы.

Адну з іх агучылі некалькі грамадзянаў Індыі. Яны апублікавалі відэазварот пра тое, што іх прымушаюць ваяваць ва Украіне на баку Расеі. На запісе – сямёра мужчынаў. Яны сцвярджаюць, што прыехалі ў Расею ў канцы снежня 2023 года сустракаць Новы год. Турыстычны агент прапанаваў ім наведаць Беларусь. Там ён узяў у іх грошы і знік. Мужчыны сцвярджаюць, што іх пасля гэтага затрымала міліцыя і перадала расейскім уладам. Прычына – адсутнасць візы.

Мужчыны на відэа гавораць, што ім далі падпісаць нейкія паперы на расейскай мове. Паводле агенцтва NDTV, індусам прыгразілі пазбаўленнем волі на 10 гадоў, але як альтэрнатыву прапанавалі службу ў войску. Мужчыны непакояцца, што могуць трапіць у зону баявых дзеянняў.

Індыйскае выданне «News 18» перадае, што мужчыны праходзілі вайсковае рыхтаванне цягам 15 дзён, а пасля былі адпраўленыя ў «месца, дзе ідзе вайна». У той жа час газета «Moscow Times» спасылаецца на звесткі індыйскай газеты «The Indian Express», паводле якой іх адправілі ў Расею «працаваць у якасці дапаможнага персаналу або памочнікаў». Аўтар артыкулу сцвярджае, што некалькім грамадзянам Індыі прапаноўвалі працаваць прыбіральнікамі ў Маскве, аднак пасля прыезду ў Расею іх адправілі ў цэнтр вайсковага рыхтавання. Урад Індыі заявіў, што акрамя іх спрабуе вярнуць на радзіму 20 грамадзянаў, якіх утрымліваюць на тэрыторыі Расеі. Праўда, невядома, ці і тыя грамадзяне апынуліся ў гэткім становішчы.

Ну што ж, вось і развязак праблемы. Галоўнае – якія перспектывы адкрываюцца. Бо ў Індыі народу значна больш будзе, чым у самой Расеі. Але, калі адкінуць сарказм, то ў якасці каго могуць трапіць на фронт ва Украіне гэтыя грамадзяне? Хто яны – камбатанты ці найміты?

Трэба адразу зазначыць, што хоць гэтыя людзі – замежнікі, ніякіх 3000 долараў ім «за паслугі» плаціць ніхто не збіраецца. Найміт – гэта замежнік, які ваюе на тэрыторыі дзяржавы, дзе ён не жыве. Ён завербаваны спецыяльна для ўдзелу ва ўзброеным канфлікце. Найміт ваюе ў адрыве ад рэгулярных войскаў і не ўваходзіць у іх асабовы склад. Істотная прыкмета найміта – матывацыя. Бо ён ваюе ў чужой краіне толькі дзеля нажывы, а не з палітычных, ідэалагічных ці рэлігійных прычынаў. Ягоны заробак значна вышэйшы, чымся ў камбатантаў. Найміты, паводле Жэнеўскіх канвенцыяў, бяруць удзел ва ўзброеным канфлікце незаконна, іх можна пакараць нават за сам факт такога ўдзелу. У выпадку затрымання найміты не маюць права на статус ваеннапалоннага, акрамя выпадкаў, калі трапяць у катэгорыю параненых ці хворых.

Відавочна, што паводле гэтых прыкметаў грамадзянаў Індыі нельга прылічыць да наймітаў. Як тады наконт камбатантаў? У гэтым канкрэтным выпадку, а менавіта ў вайне Расеі з Украінаю, да іх адносяцца толькі тыя асобы, якія ўваходзяць у склад узброеных сілаў дзяржаваў, што ваююць. Яны будуць змагацца законна, калі будуць заставацца пад «адказным камандаваннем». Гэта значыць, што яны мусяць уваходзіць у структуру, падпарадкаваную дзяржаве, і несці адказнасць перад ёй, а таксама мець адрозненні ад цывільнага насельніцтва, адкрыта насіць зброю і трымацца законаў вайны.

У камбатантаў, несумненна, сітуацыя значна лепшая. Іх нельга пакараць за ўдзел у вайне. Іх могуць судзіць толькі ў тым выпадку, калі яны зробяць ваенныя злачынствы: напрыклад, будуць атакаваць неабароненыя гарады, рабаваць і марадзёрстваваць. Паводле законаў вайны, камбатанты могуць ваяваць толькі з камбатантамі. Яны не могуць шкодзіць цывільнаму насельніцтву.

Ёсць яшчэ адна катэгорыя вайскоўцаў – каго адпраўляюць на вайну ва Украіне прыватныя вайсковыя кампаніі і расейскія нацыяналістычныя арганізацыі. Яны ёсць грамадзянамі Расеі і юрыдычна не могуць лічыцца наймітамі. Але і прывілеяў камбатантаў яны таксама не могуць мець, бо няма звестак, што яны прызнаныя расейскімі законамі ці актамі асобамі ў складзе ўзброеных сілаў.

Дык да якой катэгорыі можна залучыць грамадзянаў Індыі, якія падманным шляхам трапілі ў расейскае войска? У іх няма ні грошай, ні матывацыі, каб лічыцца наймітамі, але і ні найменшага жадання ваяваць, каб лічыцца добраахвотнікамі. Яны і самі гэта сказалі ў сваім відэазвароце.

Ці магло здарыцца такое ва Украіне? Давайце ўспомнім, як у самым пачатку вайны Уладзімір Зяленскі выдаў указ аб фармаванні Інтэрнацыянальнага легіёну. Гэта афіцыйнае падраздзяленне Збройных сілаў Украіны. Туды адразу ж пачалі запісвацца добраахвотнікі, і неўзабаве лік дасягнуў 20 тысяч асобаў.

Арганізацыяй заезду замежнікаў ва Украіну займаюцца памежнікі і працаўнікі міграцыйнай службы. Пасля гэтага замежнікі трапляюць у распараджэнне Міністэрства абароны. Там яны падпісваюць кантракт і атрымліваюць вайсковы білет, што замяняе ім від на жыхарства. Яны могуць потым прэтэндаваць на ўкраінскае грамадзянства. Ніякія сумнеўныя турыстычныя агенцтвы не стануць завабліваць людзей на тэрыторыю краіны, ды яшчэ палохаць іх турмою, калі тыя не пойдуць у войска.

Мабыць, усё ж у Расеі сур’ёзная праблема з наборам на перадавую. Паміраць за амбіцыі купкі злыдняў – дурняў усё менш. Даводзіцца шукаць збоку.

Меркаванні
Вызваляць Крым, вызваляць і ўсю Украіну
2024.02.27 16:33

belsat.eu 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў