Лакальныя змены лініі фронту. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 743-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 7 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія салдаты ўдзельнічаюць у вайсковых вучэннях у невядомым месцы ў Данецкай вобласці, Украіна. 6 сакавіка 2024 года.
Фота: Jose Colon / Anadolu Press / Abaca Press / Forum

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі чатыры атакі праціўніка каля населеных пунктаў Сынькоўка і Табаеўка ў Купянскім раёне Харкаўскай вобласці.

Між тым у Міністэрстве абароны РФ заявілі, што іхныя вайскоўцы палепшылі становішча па пярэднім краі на купянскім кірунку, а таксама адбілі шэсць контратак ЗСУ ў ваколіцах Сынькоўкі.

На суседнім ліманскім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, войскі РФ 11 разоў атакавалі каля сёлаў Церны і Спірнае на поўначы Данецкай вобласці і Белагораўкі ў Луганскай, але поспеху не дасягнулі.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія ціснуць з захаду і поўдня ад аднайменнага гораду ў ваколіцах населеных пунктаў Іванаўскае, Клішчыеўка і Андрэеўка.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў сцвярджае, што каля Клішчыеўкі УС РФ крыху прасунуліся, але пра істотныя поспехі на гэтым участку гаварыць зарана.

У гэты ж час тэлеграм-канал «Говорять Снайпер», які вядзе баец ЗСУ, піша пра вяртанне сіламі абароны часткі раней страчаных пазіцыяў у сяле Іванаўскае. Пры гэтым адзначаецца, што расейцы па-ранейшаму маюць істотную перавагу ў жывой сіле.

Аўдзееўскі кірунак (на поўначы ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку баявыя дзеянні ідуць з захаду ад аднайменнага гораду.

Аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што УС РФ прасунуліся з поўдня ад сяла Арлоўка.

Сямён Пегаў гаворыць, што ЗСУ выціснулі праціўніка з заходніх ускрайкаў Бэрдычаў. Таксама ваенкор фіксуе сустрэчныя баі ў ваколіцах Первамайскага і Невельскага.

Тым часам выданне BILD паведамляе, што Збройныя сілы выбілі расейцаў з сяла Танэнькае.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» зняпраўджвае гэтую інфармацыю і піша пра цяжкія баі ў сяле. Пры гэтым адзначаецца, што расейцы задзейнічаюць усё наяўныя сродкі, каб выбіць ЗСУ з населенага пункту.

Навапаўлаўскі кірунак (ліні фронту на поўдні Данецкай вобласці)

На навапаўлаўскім кірунку, па інфармацыі ўкраінскага камандавання, сілы абароны краіны за содні адбілі не менш за 20 атак у ваколіцах Краснагораўкі, Георгіеўкі, Пабеды і Новаміхайлаўкі.

У Deepstate пішуць, што ЗСУ адкінулі праціўніка з пазіцыяў на поўначы ад Мар’інкі.

Тэлеграм-канал «Офіцер» паведамляе, што ўкраінскія вайскоўцы ўдала абараняюцца ў Георгіеўцы, знішчаючы жывую сілу і тэхніку штурмавых груп праціўніка.

Байцы 46-й брыгады ЗСУ гавораць, што найбольшыя намаганні расейцаў на кірунку па-ранейшаму засяроджаныя на ваколіцах Новаміхайлаўкі: паведамляецца, што пасля няўдалых штурмаў сяла з поўдня, УС РФ намагаюцца абысці яго з паўднёвага захаду, атакуючы асабовым складам і тэхнікай сіламі да двух штурмавых групаў.

Адначасова з гэтым расейцы праводзяць артылерыйскую і авіяцыйную падрыхтоўку перад узнаўленнем маштабнага наступу на іншых участках.

Запарожскі і херсонскі кірункі (лінія фронту ў Запарожскай і Херсонскай вобласцях)

У Запарожскай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў – Генштаб ЗСУ піша пра 16 няўдалых атак праціўніка каля сёлаў Вэрбовае і Работына.

Між тым Сямён Пегаў сцвярджае, што УС РФ маюць поспех на ўчастку фронту паміж сёламі.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Дневник Десантника» удакладняе, што расейцы прасунуліся на адлегласць да аднаго кіламетра.

Пры гэтым іншая прарасейская крыніца – «Рыбарь» – піша, што самыя ЗСУ контратакуюць у сяле Работына, а таксама назапашваюць рэзервы пад Арэхавам, плануючы ў далейшым ударыць у бок сёлаў Вэрбовае і Навапрокапаўка.

У Херсонскай вобласці, паводле тэлеграм-каналу «Два майора», баі ідуць на левым беразе Дняпра, дзе ЗСУ ўтрымліваюць некалькі невялікіх плацдармаў. Між тым пакуль расейцам не ўдаецца выбіць праціўніка.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў