Камітэт ААН задаволіў скаргу беларусак наконт зневажальных адносін падчас арышту ў 2017 годзе


Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын 7 сакавіка апублікаваў рашэнне па скарзе грамадзянак Беларусі Алены Дубовік і Марыны Дубінай. Яны скардзіліся на зневажальнае і дыскрымінацыйнае стаўленне да жанчын у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) у Менску і ў ІЧУ ў Жодзіне ў 2017 годзе. Абедзвюх затрымалі перад «маршам недармаедаў» у Менску 15 сакавіка 2017 года (мерапрыемства было дазволена Менгарвыканкамам).

Зала Генеральнай асамблеі ААН. Нью-Ёрк, ЗША.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Заяўніцы ўказалі, што не мелі магчымасці выконваць асабістую гігіену ў ЦІП, ім не давалі прадметы жаночай гігіены, а за камерамі сачылі супрацоўнікі-мужчыны.

«Улічваючы значны недахоп жанчын-афіцэраў ва ўстанове, за камерамі звычайна сачылі мужчыны. У кожнай з іх камер было па дзве відэакамеры, усталяваныя на столі, таму мужчыны-супрацоўнікі ЦІП маглі назіраць, як яны пераапранаюцца, мыюцца і ходзяць у прыбіральню. Супрацоўнікі-мужчыны маглі таксама ўвесь час назіраць за імі праз вочкі ў дзвярах камер, у тым ліку, калі аўтары былі распранутыя», – гаворыцца ў дакуменце, апублікаваным ААН.

Што да ўмоваў утрымання ў Жодзіне, абедзве заяўніцы паказалі, што ў камерах не было гарачай вады, у душ вадзілі раз на тыдзень, у іх не было магчымасці выконваць элементарную гігіену. Адна з заяўніц сказала, з-за ўмоў утрымання яна захварэла на цыстыт.

Інтэрв’ю
«На аглядзе ў гінеколага побач стаіць канваір і глядзіць». Праз што праходзяць палітзняволеныя беларускі
2023.03.08 09:44

У рашэнні Камітэту адзначаецца, што дыскрымінацыйныя ўмовы ўтрымання і жорсткае абыходжанне парушалі іх правы. Пастаяннае назіранне за імі мужчынамі-ахоўнікамі, адсутнасць элементарных сродкаў гігіены, мыла, туалетнай паперы і іншыя парушэнні кваліфікаваныя як жорсткае абыходжанне, якое парушае прыватнае жыццё, годнасць і правы заяўніц, якія «былі прыгавораны да адміністрацыйнага арышту на тэрмін ад 12 да 14 сутак пасля ўдзелу ў масавых сходах».

Камітэт адзначыў, што абедзве ахвяры ўтрымліваліся ў дрэнных, антысанітарных і прыніжаючых годнасць умовах у абодвух месцах пазбаўлення волі.

«Іх асаблівыя патрэбнасці як жанчын, уключаючы фізіялагічныя і медычныя, не былі прыняты да ўвагі і ўяўлялі сабой дыскрымінацыю па прыкмеце полу. Адсутнасць пэўнай зоны, будынку ці камеры, прызначаных для належнага размяшчэння жанчын – зняволеных, і няздольнасць дзяржавы – удзельніцы Канвенцыя ААН аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі жанчын [1979 года] забяспечыць абарону іх годнасці, недатыкальнасць прыватнага жыцця і фізічную і псіхалагічную бяспеку ў гэтых установах уяўляюць сабой парушэнне Беларуссю сваіх абавязацельстваў па Канвенцыі», – заявіў член Камітэту Эльгун Сафараў.

Камітэт нагадаў, што жанчыны ў зняволенні павінны знаходзіцца пад наглядам супрацоўнікаў-жанчын. Ён таксама падкрэсліў, што ўтрыманне жанчын ва ўстановах, якія не адпавядаюць іх асаблівым патрэбам, уяўляе сабой дыскрымінацыю.

Камітэт заклікаў Беларусь забяспечыць поўнае пакрыццё ўрону, уключаючы адэкватнае кампенсаванне, дзвюм ахвярам, а таксама іх доступ да належнай медычнай дапамогі для ўстаранення негатыўнага ўздзеяння на фізічнае і псіхічнае здароўе.

Камітэт таксама даў агульныя рэкамендацыі: прыняць меры па абароне годнасці і прыватнага жыцця, а таксама фізічнай і псіхалагічнай бяспецы жанчын-вязняў, забяспечыць доступ да медычных паслуг з улікам гендарных асаблівасцяў жанчын-вязняў, забяспечыць расследаванні па скаргах жанчын на жорсткія і дыскрымінацыйныя ўмовы ўтрымання, прыняць меры, каб ператрусы затрыманых жанчын праводзілі супрацоўніцы ўстановаў, а не мужчыны.

Гісторыі
«Гляджу на фота 2020 года і думаю: калі я зноў буду так усміхацца?» Размова з былой палітзняволенай
2024.02.21 08:14

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў