Беларусы за квартал разбагацелі на 26 чарак і скварак


Беларусы ў чацвёртым квартале 2023 года маглі дазволіць сабе самую вялікую ў гісторыі колькасць чарак і скварак за сярэдні заробак – 551. У трэцім квартале было 525. Такія разлікі аналітыкаў праекту «Вашы грошы». Даведаліся, за кошт чаго індэкс «ЧаркаСкварка» выйшаў такім высокім і чаму гэта не значыць, што ён будзе расці і далей.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: s1.1zoom

Кошт адной «ЧаркіСкваркі» вылічваецца шляхам складання сярэдняга па краіне кошту 100 грамаў бескасцёвай свініны і 100 грамаў гарэлкі. Сярэдні заробак дзеляць на атрыманы паказнік. Так падлічваецца індэкс «ЧаркіСкваркі». У чацвёртым квартале 2023 года адна «ЧаркаСкварка» каштавала 3 рублі 76 капеек.

Аналітыкі адзначаюць, што ёсць некалькі прычын, чаму ў канцы 2023 года індэкс атрымаўся такім высокім. Адна з іх – за кошт снежаньскіх прэміяў і надбавак у людзей проста моцна падраслі заробкі.

«Калі разглядаць апошні квартал 2023 года, то мы ўбачым, што свініна вырасла ў кошце на 1,8%, а гарэлка – усяго на 0,8%. Адпаведна, кошт адной ЧШ вырасла ўсяго на 1,2%. Мы наглядна бачым, што цэнавай кантроль сапраўды працуе, і, калі не ведаць падтэксту таго, што адбываецца, здаецца, што ўсё пышна. На самай справе, прыгожая карцінка – вынік дзеяння двух фактараў: з аднаго боку, людзям плацяць зарплаты, якія растуць значна хутчэй прадукцыйнасці іх працы (уключаючы для гэтага друкаваны станок), з другога – бізнес паставілі ва ўмовы, пры якіх ён не можа рынкавых чынам усталёўваць кошты», – падкрэсліваюць «Вашы грошы».

Колькі чарак і скварак могуць дазволіць сабе Беларусы на сярэдні заробак. Графік: «Вашы грошы»

Аднак штучнае стрымліванне коштаў вядзе да праблем у прадпрыемстваў гандлю. Разам са стымуляваннем пакупніцкай актыўнасці за кошт росту заробкаў і неапраўдана даступных крэдытаў, гэта вядзе да негатыўных і непрадказальных наступстваў для эканомікі, лічаць эксперты.

«Урад прыклаў усе намаганні для таго, каб атрымаць запланаваны рост ВУП у 3,8%», – адзначаюць «Вашы грошы».

Эксперты прагназуюць, што ў першым квартале 2024 года пакупніцкая здольнасць прыкметна ўпадзе, як і ў пачатку кожнага года. Аднак для далейшага росту патэнцыялу таксама не відаць.

«Мы меркавалі раней, што да канца 2023 года заработная плата не будзе так моцна расці. Хаця б таму, што для гэтага няма аб’ектыўных прычын. Але, як бачна, урад вырашыў не змяншаць абароты і рызыкаваць як мага даўжэй, падтрымліваючы ілюзію дабрабыту. Нявырашаная праблема з дысбалансамі ў эканоміцы нікуды не дзелася, мала таго, яна становіцца ўсё вастрэй, а рэсурсаў, каб нівеляваць наступствы – усё менш.

Мы асцерагаемся, што чыноўнікі, пераканаўшы саміх сябе штучна надзьмутымі вынікамі мінулага года, вырашаць: “Калі раз атрымалася, можа, і сёлета пракоціць!”. Пракаціць можа толькі ў выпадку, калі чарговыя правалы ў кіраванні краінай будуць прыкрытыя новымі траншамі з Масквы, якая ўжо пакрывае каля 10% выдаткаў беларускага бюджэту», – робяць выснову «Вашы грошы».

Аналітыка
Санкцыі, якія ўводзіць Латвія, забараняюць каля 10 % паставак з Беларусі
2024.03.06 18:44

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў