Цяпер навіны на «Белсаце» можна глядзець па-ўкраінску


З 8 сакавіка ў нашым тэлеэфіры будзе выходзіць вечаровае выданне навінаў на ўкраінскай мове.

Святлана Аўчарова, журналістка і вядоўца міжнароднай праграмы «Вот так», будзе весці навіны па-ўкраінску.
Фота: Света Фар / Белсат

Навіны па-ўкраінску будуць выходзіць а 20-й гадзіне паводле Кіева і 21-й гадзіне паводле Менску. Пакуль у планах «Белсату» адно выданне навінаў па-ўкраінску на дзень, але эфірная сетка можа пашырыцца.

«Цяпер мы будзем вяшчаць на трох мовах, і ўкраінскае вяшчанне, пэўна, давядзецца з часам пашыраць, асабліва калі расейскія войскі перашкодзяць выхаду ў эфір нашых украінскіх калегаў», – паведаміў віцэ-дырэктар «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

Пры гэтым увага будзе надавацца навінам і па-расейску.

«Белсат» быў, ёсць і будзе каналам беларускамоўным тэлеканалам. Аднак 40% гледачоў нашых трансляцый на YouTube – гэта жыхары Расеі. У сітуацыі расейскай агрэсіі, вайны і ліквідацыі ліберальных медыяў у РФ, мы палічылі неабходным даць магчымасць атрымліваць праўдзівую інфармацыю і расейцам. Украінская мова ў эфіры гэта і знак нашай салідарнасці, і неабходнасць – нас жа можна глядзець праз спадарожнік, а агрэсар знішчае ўкраінскія тэлевежы, шмат дзе праблемы з інтэрнэтам. Украінцы даволі добра разумеюць беларускую, але сваёй мовы нічога не заменіць. Нагадаю таксама, што ўжо ад 2 сакавіка «Белсат» штодня аддае свой эфір на 6 гадзінаў супольнаму вяшчанню ўкраінскіх тэлеканалаў», – распавёў віцэ-дырэктар «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

«Белсат» транслюецца штодня з 07:00 паводле беларускага часу. Нас можна глядзець праз спадарожнік, а таксама на YouTube.

Даступныя таксама дадаткі «Belsat Smart» для тэлевізараў з «Android», «Samsung» i «LG».

belsat.eu

Стужка навінаў