«Калі не ведаеш, што будзе заўтра, як можна будаваць жыццё?» Айцішнік – пра працу ў Літве і як увайсці ў IT


Новы год беларуская IT-галіна пачала з адчувальнага зніжэння заробкаў, колькасці рэзідэнтаў ПВТ і страты ўплыву на прырост ВУП. Адток ІТ-спецыялістаў хоць і запаволіўся, але працягваецца. Расце колькасць звальненняў. Так, у Менску закрываецца офіс буйной ізраільскай кампаніі «Playtika» (уваходзіць у топ-10 вытворцаў мабільных гульняў паводле ўзроўню прыбыткаў у свеце), што прывядзе да скарачэння каля 150 спецыялістаў. Будучыня ІТ-галіны Беларусі сёння пад вялікім пытаннем. А як сябе пачуваюць ІТ-спецыялісты, якія з’ехалі ў Літву, асабліва на фоне таго, што ў бок беларусаў там гучыць крытыка? І наколькі зараз складана «увайсці ў IT»?

Не ўсім айцішнікам, якія пераехалі ў Літву, стала лепш

Беларускі айцішнік Максім Гуз пераехаў у Вільню тры гады таму. Яму пашчасціла: беларус знайшоў магчымасці для прафесійнага і кар’ернага росту ў новай краіне. Акрамя гэтага, ён прадаў сваю кватэру ў Менску і здолеў набыць у Вільні. Таму ў матэрыяльным плане змены ў жыцці павярнуліся ў лепшы бок.

Беларус Максім Гуз.
Фота: Белсат

«Але мая гісторыя не паказальная і не азначае, што ўсім айцішнікам, якія пераехалі ў Літву, стала лепш. Падаткі тут большыя, чым у Беларусі. Асабліва розніца адчуваецца, калі нехта да гэтага працаваў у кампаніі з Парку высокіх тэхналогіяў, там былі вельмі добрыя ўмовы для працы. Але хоць падаткі ў Літве большыя, гэта кампенсуецца спакойнай атмасферай: калі няма жаху, што па цябе прыйдуць, што будуць дапытваць ці затрымліваць за данаты, то можна думаць пра працу, пра развіццё, стварэнне новага», – кажа ў размове з «Белсатам» Максім Гуз.

Сітуацыя з ІТ-галіной змянілася ў горшы бок не толькі ў Беларусі, а наогул па ўсім свеце. Гэта адчуваюць на сабе і беларускія рэлаканты ў Літве.

«Апошні год паказаў, што магчымасцяў да росту маёй IT-кампаніі ў Літве стала менш. Апошнім часам шмат вялікіх кампаній у IT-сферы скарачаюць колькасць супрацоўнікаў. Мая кампанія асабліва нікога не скарачала, але і не набірала новых. Цяпер, праўда, з’явіліся пазітыўныя зрухі, і мы спадзяемся, што кампанія пойдзе ў рост», – адзначае наш суразмоўца.

Папулізм на тэме нацыянальнай бяспекі

Пасля рэлакацыі беларускія кампаніі пачалі выходзяць у лідары рынку іншых краінаў. Па выніках 2023 года «EPAM» і «Wargaming» сталіся лідарамі спісу падаткаплатнікаў Літвы сярод ІТ-сферы. Іх супольны ўнёсак у бюджэт краіны павялічыўся амаль у два разы і склаў больш за 35 мільёнаў еўраў.

Тым не менш, апошнім часам з боку палітыкаў у Літве больш кажуць не пра эканамічныя выгоды, а пра палітычную  мэтазгоднасць. Усё часцей становяцца вядомымі выпадкі, калі беларусам адмаўляюць у ВНЖ ці яго не працягваюць. Усё часцей беларусаў разглядаюць як патэнцыйную «нацыянальную небяспеку» і патрабуюць, каб яны з’ехалі з Літвы.

«Калі казаць наогул пра ўсіх беларусаў, якія з’ехалі ў Літву, то за апошні год было каля тысячы выпадкаў, калі адмаўлялі альбо адзывалі віды на жыхарства. Ведаю, што некаторыя людзі вярталіся ў Беларусь, некаторыя звярталіся ў суд, і ёсць выпадкі, калі праз суд удавалася вярнуць ВНЖ. Гэта спрацоўвае, калі было недастаткова інфармацыі пра сітуацыю беларуса ці гэтая інфармацыя была некарэктна інтэрпрэтаваная. Але агулам такая сітуацыя дадае нервовасці і робіць Літву менш прывабнай для тых жа айцішнікаў: усё менш спецыялістаў думае пра рэлакацыю ў гэтую краіну, бо калі не ведаеш, што будзе заўтра, як можна планаваць і будаваць сваё жыццё?», – адзначае Максім Гуз.

Па яго словах, сам працэс прадастаўлення ВНЖ у Літве недастаткова добра прадуманы і выбудаваны. З аднаго боку, вядома пра тысячу выпадкаў праблем беларусаў з ВНЖ, з другога – нядаўна з’явілася інфармацыя, што былы беларускі міліцыянт Аляксандр Маціевіч, які браў удзел у задушэнні пратэстаў 2020 года, атрымаў ВНЖ у Літве і цалкам спакойна сябе пачуваў у краіне.

Hавiны
Літоўскі дэпартамент дзяржбяспекі патлумачыў, каго з беларусаў успрымае як пагрозу
2024.02.02 21:53

«Таму ў гэтым працэсе ёсць што паляпшаць. З размоваў з літоўцамі ведаю, што гэта стаўленне да беларусаў звязана яшчэ і з тым, што ў Літве ў 2024 годзе адбудуцца выбары, і перад імі палітыкі намагаюцца паказаць, што яны нешта робяць. Атрымліваецца такі папулізм на тэме нацыянальнай бяспекі. Але спадзяюся, сітуацыя палепшыцца, каб айцішнікі не думалі аб тым, ці працягнуць ім ВНЖ, а маглі спакойна думаць пра працу і працаваць над праектамі», – адзначыў наш суразмоўца.

Трапіць у ІТ вельмі складана, але можна

На рынку цяпер больш-менш спакойна сябе адчуваюць тыя спецыялісты, якія маюць досвед працы. А вось увайсці ў ІТ стала даволі складана. Шматлікія ІТ-курсы працягваюць штампаваць новых спецыялістаў («джунаў»), але рынак стаў настолькі раздзьмуты, што знайсці працу пачаткоўцу вельмі складана. Калі паглядзець вакансіі, якія выстаўляюць ІТ-кампаніі, то там практычна няма прапановаў для «джунаў».

«З «джунамі» у Літве ўсё складана. Наколькі ведаю, у Беларусі сітуацыя яшчэ горш. Зараз кліенты пачалі запытваць больш кваліфіканых спецыялістаў, узроўню «сеньёраў», у якіх ёсць досвед і якія могуць адразу вырашаць пастаўленыя задачы. Таму для «джунаў» зараз складаней знайсці працу, чым напрыклад два гады таму. З не айцішных прафесіяў перайсці ў айці стала яшчэ цяжэй, чым раней. Бо нават людзі з вышэйшай адукацыяй па спецыяльнасці «інжынер-праграміст» адчуваюць складанасці з пошукам першай працы. Але я ведаю добрыя прыклады, калі выпускнікі вузаў знаходзілі магчымасці, пачыналі з невялікіх заробкаў, але знаходзілі працу», – распавядае Максім Гуз.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Як жа ўсё ж чалавеку трапіць у ІТ? Па словах нашага суразмоўцы, калі раней для гэтага было дастаткова вывучыць нейкую адну мову праграмавання, то зараз патрэбна некалькі кампетэнцыяў, каб пачаць працаваць.

«Цяпер больш запатрабаваныя спецыялісты, якія працуюць як fullstack-распрацоўшчыкі (гэта спецыялісты, якія распрацоўваюць для сайтаў як серверную (бэкэнд), так і кліенцкую частку (франтэнд) – заўв. аўт.), ведаюць Cloud-тэхналогіі і Artificial intelligence (штучны інтэлект – аўт.). Трэба ўмець карыстацца штучным інтэлектам хаця б на тым узроўні, каб рабіць простыя задачы, стварыць шаблон коду ці праекту. Штучны інтэлект з аднаго боку ёсць інструментам, які выконвае простыя задачы і палягчае працу. З іншага боку, часам штучны інтэлект можа замяніць працу «джуна», і гэта таксама трэба ўлічваць», – падкрэслівае Максім Гуз.

Такім чынам, чым больш скілоў, тым больш шанцаў. І гэты трэнд, на думку нашага суразмоўцы, працягнецца, ад спецыялістаў будзе патрабавацца ўсё больш кампетэнцыяў.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў