Час землятрусу і слабыя будынкі. Эксперт растлумачыў вялікі лік ахвяраў бедства ў Турцыі


Да вялікай колькасці загінулых падчас землятрусу ў Турцыі прывялі некалькі фактараў, піша навуковы партал phys.org. Сярод прычынаў – слабая канструкцыя дамоў, пабудаваных без уліку пагрозы падземных штуршкоў.

Разбураныя будынкі ў Газі’антэпе, Турцыя. 7 лютага 2023 года.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Землятрус магнітудай 7,8 адбыўся ў Турцыі ўначы ў панядзелак. У гэтай краіне, а таксама ў суседняй Сірыі, паводле апошніх звестак, загінулі амаль 5000 асобаў.

Маштабныя разбурэнні выкліканыя сілай землятрусу і тым, што ён адбыўся ў густанаселенай мясцовасці. Штуршкі пачаліся ўначы, калі людзі спалі, і яны апынуліся ў пастцы ў разбураных дамах. Трэцяя прычына – канструкцыя дамоў, якія будаваліся без уліку сейсмаактыўнасці рэгіёну, заявіў ганаровы навуковы працаўнік Брытанскай геалагічнай службы Роджэр Масан.

Ён адзначыў, што ў гэтых мясцінах сур’ёзных землятрусаў не было 200 гадоў і людзі забыліся пра небяспеку. Паводле эксперта, менавіта праз шматгадовае зацішша цяперашнія штуршкі былі асабліва моцнымі, бо ўвесь гэты час на Усходне-Анаталійскім разломе назапашвалася энергія.

Эпіцэнтр землятрусу быў ля Газі’антэпу, але ў гэтым выпадку важны не эпіцэнтр, а тое, як далёка працягнуўся разрыў уздоўж лініі разлому, а ён склаў каля 100 км.

«Гэта азначае, што ў любым месцы ў радыусе 100 кіламетраў уздоўж лініі разлому фактычна ёсць эпіцэнтр землятрусу», – падкрэсліў адмысловец.

У 2004 годзе ўлады Турцыі ўхвалілі закон, які прадугледжваў будаўніцтва новых дамоў паводле сучасных стандартаў устойлівасці. Кіраўніца Інстытуту для зніжэння рызыкі і бедстваў Універсітэцкага каледжу Лондану Джаўэна Фор Ўокер заклікала Турцыю праверыць, ці выконвалася гэтае заканадаўства. Яна таксама заявіла, што неабходна прааналізаваць, ці магчыма ўмацаваць старыя будынкі.

Hавiны
Амбасада Беларусі паведаміла пра беларусаў, якія зніклі пасля землятрусу ў Турцыі
2023.02.07 09:23

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў