Найбліжэйшае кола: каму давярае Аляксандр Лукашэнка?


Палітолаг Андрэй Казакевіч цвердзіць: палітычная карʼера Лукашэнкі сведчыць, што ён нікому не давярае. Пра найбліжэйшае кола Лукашэнкі размаўляла Арына Маліноўская.

Праўладны мітынг каля помніка «Беларусь партызанская» (ст. м. Магілёўская). 19 жніўня, 2020 г. Менск.
Фота: Белсат

Большасць тых, хто працуе ў дзяржаўных структурах, – яны, хутчэй, нейтральна да ўладаў ставяцца, кажа суразмоўца «Белсату». У апараце працуюць пераважна людзі рацыянальныя. Яны проста разумелі ў 2020 годзе, што шмат чым рызыкуюць. Нельга лічыць, што ўсе, хто там застаўся, яны абавязкова ябацькі. Збольшага гэта людзі, якія рацыянальна настроеныя на тое, каб працягнуць сваю карʼеру, нават калі яны і не падзяляюць палітычных поглядаў кіраўніцтва, – кажа палітолаг Андрэй Казакевіч.

– Кажуць, што Лукашэнка вельмі хутка развітваецца з людзьмі са свайго атачэння. Як вы лічыце, ці праўда гэта? Наколькі яму проста адмовіцца ад набліжаных?

– Палітычная карʼера Лукашэнкі паказвае, што ён нікому не давярае. Напэўна, нікога па-сапраўднаму не шануе. Для яго ніколі не было праблемаю развітацца з кімсьці з кіраўніцтва, са свайго блізкага кола. Можна ўспомніць, што шмат хто з гэтага блізкага кола зазнаваў рознага роду рэпрэсіі, яны былі вымушаныя зʼехаць з краіны, некаторыя апыналіся ў зняволенні.

Гэтыя людзі дасягнулі высокага сацыяльнага становішча. А гэта значыць – грошы, укладанні, іншыя магчымасці выкарыстоўваць дзяржаўную сістэму ў сваіх інтарэсах. Усё гэта яны атрымалі дзякуючы Лукашэнку. Пры гэтым шмат хто з іх не валодае нейкімі асаблівымі здольнасцямі, каб, у выпадку, калі Лукашэнка кудысьці знікне, мець магчымасць зрабіць такую ж бліскучую карʼеру пры іншым кіраўніцтве. Гэта звычайныя людзі, якія не маюць спецыяльных кваліфікацыяў.

Праўладны мітынг каля помніка «Беларусь партызанская» (ст. м. Магілёўская). 19 жніўня, 2020 г. Менск.
Фота: Белсат

– Да таго, як стаць набліжанымі, якія пасады займалі такія людзі? Якую палітычную вагу мелі?

– Успомнім, адкуль усе гэтыя людзі ўзяліся. Да таго, як яны трапілі ў атачэнне Аляксандра Лукашэнкі, яны альбо наогул ніякіх пасадаў не займалі, альбо займалі досыць сціплыя пасады. Успомнім Качанаву, якая была проста старшынёй Наваполацкага райвыканкаму. Эйсмант, якая да таго, як трапіла ў абойму Лукашэнкі, не мела нейкага імя. Галоўчанка – таксама вельмі паказальны прыклад, усе ягоныя карʼерныя поспехі былі звязаныя выключна з тым, што ён неяк быў блізкі да вузкага кола Аляксандра Лукашэнкі. Уласна, Галоўчанка зрабіўся першым прэмʼерам за перыяд беларускай незалежнасці, які не меў апаратнай вагі. У яго была досыць лёгкая карʼера, у яго склаліся добрыя кантакты з унутраным колам.

Hавiны
Прафілактычныя размовы, спіс нядобранадзейных і звальненні. Як у «Беларусбанку» праходзяць палітычныя чысткі
2021.05.14 11:02

– Сярод набліжаных да Лукашэнкі можна вылучыць Наталлю Качанаву, якая цяпер займае пасаду старшыні Савету Рэспублікі, а да 2019 года была кіраўніцай Адміністрацыі прэзідэнта. Наколькі дзіўныя такія прызначэнні? Чаму Качанава?

– Гэта досыць дзіўнае было рашэнне. Калі яно адбылося, яно выклікала шмат пытанняў, і на экспертным узроўні, і на палітычным. Калі мы зірнем на карʼеры кіраўнікоў адміністрацыі да гэтага, то гэта ўсё ж зусім іншыя былі людзі. Як правіла, яны мелі нейкі апаратны досвед або досвед працы на нацыянальным узроўні. Альбо першапачаткова з блізкага кола. Зʼяўленне Качанавай было досыць нечаканае, і на той момант яно здавалася зусім неапраўданым. І ўрэшце гэта яшчэ і першая жанчына, што для беларускай палітычнай абоймы было і ёсць не вельмі характэрным. Яна даволі хутка зрабілася асобай, які стала аказваць моцны ўплыў на кадравую палітыку ў цэлым. І нават пасля таго, як яна перастала кіраваць адміністрацыяй, яна фактычна захавала магчымасць у значнай ступені ўплываць на кадры. Гэта значыць, на тых людзей, якія блізкія. Карʼера ейная была галавакружнай і вельмі хуткай. Ад кіраўніка сярэдняга ўзроўню – да чалавека, які на вяршыні беларускай палітычнай піраміды.

Наталля Качанава на плошчы Незалежнасці ў Менску. 16 жніўня 2020 года. Менск.
Фота: Беласт

– Як вы лічыце, ці сапраўды Наталля Качанава верыць у тое, што робіць? Ці шчырая ейная лаяльнасць?

– Думаю, так. Яна проста разумее, што без Лукашэнкі ніколі не дасягнула б нават чагосьці блізкага да таго, што цяпер мае. Спачатку гэта быў менавіта карʼерны поспех. Потым зʼявілася эмацыйная сувязь з Аляксандрам Лукашэнкам, і вера ў яго як у лідара. Але, зноў жа, гэтая вера заснаваная на тым, што Качанава альбо разумее, альбо адчувае, што як толькі штосьці здарыцца з Лукашэнкам, ейная палітычная карʼера скончаная. Ніякай перспектывы ў яе найхутчэй не будзе.

– А што датычна Наталлі Эйсмант? Чаму яна дагэтуль побач з Лукашэнкам?

– Збоку гэта выглядае як тая ж гісторыя, што і з Качанавай. Эйсмант абавязаная Лукашэнку ўсім сваім статусам. Яна зрабіла карʼеру толькі дзякуючы яму. І няма падставаў меркаваць, што яна была б настолькі паспяховай, калі б рабіла карʼеру самастойна, без такога патрона, які яе вёў.

Для якога яна змагла зрабіцца нейкім блізкім чалавекам, назавем гэта так. Таму, з аднаго боку, яна яму ўдзячная і абавязаная. З іншага боку, у гэтай сітуацыі, напэўна, паступова выпрацоўваецца і нейкая эмацыйная прыхільнасць і сувязь. Таму што яна досыць шмат у кантакце з ім. І зноў жа, усё гэта звязана менавіта з тым, што яна разумее: ейныя пазіцыі звязаныя выключна з тым, ці застаецца Лукашэнка ва ўладзе.

Расследaванні
Шведскі стол за кошт бюджэту. Давераныя асобы Лукашэнкі
2022.01.25 17:07

АМ belsat.eu

Стужка навінаў