Адвакат Дзмітрый Лазавік пра недахоп абаронцаў у краіне: «Праблема носіць вельмі сістэмны характар»


Былы адвакат Дзмітрый Лаеўскі агучыў лічбу дзейных адвакатаў Беларусі: паводле яго, гэта ўсяго 1868 чалавек, чаго замала для краіны. Ягоны калега Дзмітрый Лазавік у эфіры праграмы «Студыя Белсат» прааналізаваў гэтую лічбу, а таксама паразважаў пра працу адваката ў цяперашніх рэаліях Беларусі.

Адвакат Дзмітрый Лазавік у перадачы «Размова» на «Белсаце». 1 сакавіка 2021 года. Скрыншот: Белсат

«Гэтая праблема ўзнікла не цяпер. Яна існавала даўно, і я прывяду некаторыя лічбы. Напрыклад, у той Расеі ў Маскве налічваецца прыкладна 16 тысяч адвакатаў на 11 мільёнаў насельніцтва. У Санкт-Пецярбургу і Ленінградскай вобласці 7,5 мільёна насельніцтва зарэгістравана 10 тысяч адвакатаў у адвакацкіх палатах.

А ў Беларусі і да жніўня 2020 года было ўсяго 2 тысячы адвакатаў на 10 мільёнаў насельніцтва. У Беларусі гэты паказнік больш чым у 5 разоў меншы, чым у Расеі. І цяпер, калі шэраг адвакатаў пазбаўленыя ліцэнзіі, гэты паказнік яшчэ зменшыўся» – мяркуе адвакат Дзмітрый Лазавік.

Паводле яго, такая сітуацыя вядзе да адсутнасці канкурэнцыі, што ў выніку прыводзіць да зніжэння якасці юрыдычнай дапамогі. Дэфіцыт адвакатаў таксама адбіваецца і на грамадзянах, якія ў выніку не могуць своечасова атрымаць юрыдычную дапамогу.

Дзмітрый Лазавік на ўласным прыкладзе пацвярджае і словы Дзмітрыя Лаеўскага пра тое, што толькі палова ад агульнай колькасці адвакатаў займаецца крымінальнымі справамі. На ягоную думку, гэтая праблема носіць сістэмны характар.

«Я да жніўня 2020 года ўвогуле не займаўся крымінальнымі ці адміністратыўнымі справамі, таму што быў упэўнены, што мае правы ў гэтых справах абмежаваныя, і роля мая зводзіцца толькі да таго, каб зайсці ў СІЗА, пагутарыць з падабаронным і перадаць ягоным родным, што ўсё добра. То бок гэта сістэмнае абмежаванне правоў абаронцы. Можна шмат разважаць на гэтую тэму, і гэтая праблема носіць вельмі сістэмны характар, як і свабода адвакатуры. Калі мы бачым, што адвакатура і рэспубліканская калегія адвакатаў, якая мусіць быць самастойнай арганізацыяй, яна насамрэч у Беларусі з’яўляецца нейкім пададдзелам Міністэрства юстыцыі».

Нягледзячы на гэта, адвакат Дзмітрый Лазавік упэўнены, што дзейнасць ягоных калегаў у Беларусі па-ранейшаму неабходная, але адвакат у цяперашнім становішчы мае быць носьбітам высокіх маральна-валявых якасцяў.

«Па-першае, гэта псіхалагічная падтрымка свайго падабароннага, і менавіта ў тых сітуацыях, калі ты дакладна ведаеш, што ён ні ў чым не вінаваты. Па-другое, гэта фіксацыя грубых парушэнняў і збор нейкіх доказаў, якія могуць у будучыні паўплываць на гэтую справу, калі мабыць будзе перагляд, як у свой час у Савецкім саюзе была рэабілітацыя рэпрэсаваных у сталінскія часы. І, канечне, у гэтым становішчы адвакат мусіць валодаць пэўнымі маральна-валявымі якасцямі, каб усё гэта рабіць сумленна».

Поўную размову з адвакатам Дзмітрыем Лазавіком можна паглядзець тут:

ВК, Belsat

Стужка навінаў