Камісія ЗША па міжнароднай свабодзе веравызнання занепакоеная новым законам аб рэлігіях у Беларусі


Сітуацыя са свабодай веравызнанняў у Беларусі пагаршаецца. Пра гэта заявіла Камісія ЗША па міжнароднай рэлігійнай свабодзе (USCIRF) у сваёй штогадовай справаздачы. Найбольшую занепакоенасць выклікалі папраўкі Лукашэнкі да законаў аб дзейнасці рэлігійных арганізацыяў, падпісаныя 3 студзеня 2024 года.

Пратэстантскія вернікі святкуюць Пасху каля будынку царквы «Новае жыццё». Менск, Беларусь. 3 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Камісія ЗША прыйшла да высновы, што новыя законы «захоўваюць найбольш рэгрэсіўныя палажэнні закону аб рэлігіі 2002 года і накладаюць яшчэ больш неабгрунтаваных абмежаванняў на рэлігійныя супольнасці».

«Замест таго, каб адмяніць празмерна абмежавальны закон аб рэлігіі, прыняты больш за два дзесяцігоддзі таму, які не адпавядае міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека, беларускія службоўцы з падвойнай стараннасцю прынялі яшчэ больш рэпрэсіўны закон аб рэлігіі, які надзяляе ўлады неабмежаваным кантролем над рэлігійнымі супольнасцямі», – кажа кіраўнік камісіі Абрахам Купер.

Паводле кіраўніка USCIRF, цяпер беларускія рэлігійныя супольнасці «апынуцца перад складаным выбарам: вызнаваць сваю рэлігію і перакананні альбо падпарадкоўвацца жорсткаму рэжыму, які без разбору ўжывае сілу і запалохвае ўласны народ».

Hавiны
Рэлігійныя арганізацыі ў Беларусі абавязалі перарэгістравацца
2024.01.03 20:29

У заяве камісіі адзначаецца, што пасля пратэстаў 2020 года ўлады паспрабавалі зліквідаваць незалежную грамадзянскую супольнасць у Беларусі, і ў гэтым жа рэчышчы абноўлены закон аб дзейнасці рэлігійных арганізацыяў выстаўляе «строгія, складаныя патрабаванні да рэлігійных супольнасцяў і ўтрымлівае расплыўчатыя забароны», якія могуць яшчэ больш абмежаваць выказванне рэлігійных перакананняў.

Патрабаванне закону да рэлігійных арганізацыяў цягам года прайсці перарэгістрацыю прывядзе да знікнення дзясяткаў невялікіх рэлігійных супольнасцяў, як гэта ўжо было пасля прыняцца закону аб рэлігіях у 2002 годзе, лічаць прадстаўнікі камісіі. Згодна з новым законам аб рэлігіі, незарэгістраваная рэлігійная дзейнасць будзе лічыцца незаконнай і прадугледжваць пакаранне ад штрафу да пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў.

«У 2023 годзе беларускія ўлады знішчылі і ліквідавалі пяцідзясятніцкую царкву «Новае жыццё», затрымалі і аштрафавалі дзясяткі хрысціянскіх рэлігійных лідараў за ўяўную палітычную дзейнасць, а таксама ўнеслі ў чорны спіс праваабарончыя арганізацыі, якія займаюцца пытаннямі свабоды веравызнання», – сказаў намеснік кіраўніка камісіі USCIRF Фрэдэрык А. Дэві. – Адміністрацыя Джо Байдэна і Кангрэс павінны надаць прыярытэтную ўвагу свабодзе веравызнання ў рамках намаганняў ураду ЗША па прыцягненні Беларусі да адказнасці за грубыя парушэнні правоў чалавека».

Аб’ектыў
Лукашэнка падпісаў закон пра ўпарадкаванне рэлігіі
2024.01.04 20:29

У лістападзе 2021 года Камісія ЗША па міжнароднай свабодзе веравызнання таксама публікавала справаздачу, у якой падрабязна апісвалася зніжэнне свабоды веравызнання ў Беларусі пасля жорсткага задушэння ўладамі народных антыўрадавых выступаў у 2020 годзе.

Закон, які карэктуе законы па пытаннях дзейнасці рэлігійных арганізацыяў, Лукашэнка падпісаў 3 студзеня 2024 года. Цяпер усе рэлігійныя супольнасці Беларусі павінны цягам года прайсці перарэгістрацыю. Акрамя таго, паводле новага закону, калі дзейнасць рэлігійнай установы не адпавядае асноўным кірункам унутранай ці вонкавай палітыкі краіны або канцэпцыі нацыянальнай бяспекі – яе могуць зліквідаваць.

Агляд
Рэпрэсіі, самацэнзура і «закон». Якім быў 2023 год для беларускіх вернікаў і чаго чакаць у 2024-м
2023.12.24 07:02

Рэлігійным арганізацыям цяпер забараняецца, сярод іншага, займацца палітычнай дзейнасцю, прапагандаваць вайну ці варожасць, выкарыстоўваць сімволіку, адрозную ад рэлігійнай. Узмоцняцца патрабаванні для рэгістрацыі рэспубліканскага рэлігійнага аб’яднання: трэба будзе, каб у яго былі рэлігійныя грамады ва ўсіх вобласцях і ў Менску. Пры гэтым прынамсі адная з абавязковых пятнаццаці грамадаў мусіць дзеяць на менш за трыццаць гадоў.

Улады самі прагназуюць, што пасля перарэгістрацыі колькасць рэлігійных арганізацыяў зменшыцца.

Hавiны
Сацсеткі ксяндза Вячаслава Барка прызнаныя экстрэмісцкімі
2024.01.05 14:35

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў