МУС: Падчас правяранняў у аўтаперавознікаў было канфіскавана 44 аўтамабілі


Правяранні, якія праводзяцца ў Беларусі ў сферы аўтамабільных пасажыраперавозак Міністэрствам унутраных справаў, выявілі больш за 2000 парушэнняў. Канфіскавана 44 транспартныя сродкі.

МУС праводзіць правяранні ў сферы аўтаперавозак.
Фота: mvd.gov.by

Для правядзення правяранняў супрацоўнікі падраздзяленняў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, ДАІ і іншымі ведамствамі ладзяць сумесныя рэйды на дарогах.

Найбольш частыя парушэнні – выкананне рэгулярных рэйсаў пад выглядам нерэгулярных, парушэнне прыёму аплаты праезду ад пасажыраў, а таксама парушэнні ў выкарыстанні касавага абсталявання, адзначылі ў МУС.

Сярод больш як 2 тысячаў парушэнняў вялікая колькасць звязаная з ігнараваннем ПДР і правілаў бяспечнай перавозкі пасажыраў. За дапушчаныя парушэнні, датычныя незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, у аўтаперавознікаў было канфіскавана 44 транспартныя сродкі.

Нагадаем, што апошнім часам беларускія ўлады ўзяліся за «навядзенне парадку» ў сферы аўтаперавозак.

Так, 14 лістапада Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў узмацніць кантроль у галіне пасажырскіх зносінаў і загадаў выпрацаваць «адзіныя правілы гульні».

Ужо 20 лістапада ў эфіры каналу «Беларусь 1» выйшаў сюжэт аб крымінальнай справе за ўхіленне ад выплаты падаткаў у дачыненні да буйнога інтэрнэт-агрэгатару ў сферы пасажырскіх зносінаў «Аtlasbus» – у відэа яго называюць «бандай «чорных перавознікаў». Сцвярджаецца, што фігуранты справы – больш за 20 абвінавачаных і падазраваных – вялі свае справы пры дапамозе «шантажу, пагрозаў, сабатажу».

4 снежня стала вядома, што ў Маладзечне пачаліся праверкі службаў таксі 152 і 158. Першапачаткова сцвярджалася, што 200 машын былі пастаўленыя ў гараж і не выехалі ў горад. Але пасля ўсё ж гэтая інфармацыя не пацвердзілася: у службе 158 паведамілі, што праверкі ідуць, але таксі працуе ў «штатным рэжыме».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў