Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека напісаў адкрыты ліст Ілану Маску: баяцца за Twitter


Вярхоўны камісар Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у правах чалавека Фолькер Турк напісаў 5 лістапада адкрыты ліст бізнесоўцу Ілану Маску з прычыны пакупкі апошнім сацсеткі Twitter.

Ілан Маск.
Фота: Steve Jurvetson / Flickr, CC BY 2.0

Фолькер Турк заклікаў Ілана Маска гарантаваць, што правы чалавека ёсць цэнтральнай тэмай для менеджменту Twitter. Ліст быў апублікаваны пасля таго, як Маск звольніў усю каманду Twitter, адказную за правы чалавека, і ўсіх акрамя двух спецыялістаў у этыцы штучнага інтэлекту. Турк назваў гэта «не натхняльным стартам». Twitter, піша ён, мусіць разумець, якую шкоду можа нанесці платформа.

Каментар
Маск купіў Twitter, Facebook «здзьмуўся», Міністэрства інфармацыі хоча рэгуляваць алгарытмы. Што адбываецца з сацсеткамі?
2022.10.30 18:06

Турк прапанаваў шэсць прынцыпаў, якія варта прыняць кіраўніцтву Twitter:

  1. Бараніць свабоду слова ўва ўсім свеце.
  2. Памятаць, што свабода слова – гэта не свабода абразы ці дэзынфармацыі.
  3. Не дапускаць мовы варожасці і дыскрымінацыі.
  4. Захаваць празрыстасць працы платформы.
  5. Бараніць прыватнасць і пазбягаць інвазіўнага сачэння за карыстальнікамі.
  6. Рабіць усё гэта не толькі для англійскай мовы, але і для кантэнту на іншых мовах.

Сам Маск абяцаў, што мадэрацыя кантэнту пры ім працягнецца, але пры гэтым абвесціў, што «гумар цяпер легальны» на платформе. Таксама ён раней казаў, што разблакуе ў Twitter экс-прэзідэнта ЗША Доналда Трампа, якога забанілі за заклікі да гвалту пасля страчаных выбараў.

Бі-Бі-Сі адзначае, што такая публічная крытыка вельмі незвычайная для Камітэту правоў чалавека ААН. Звычайна крытыка або ідзе непублічна, або адрасаваная ўрадам краінаў.

Маск звольніў каля паловы з 8 тыс. працаўнікоў Twitter, але наракае, што кампанія губляе даходы праз ціск актывістаў на рэкламадаўцаў, якія «хочуць знішчыць свабоду слова ў Амерыцы».

Адным са спосабаў кампенсаваць страты ён выбраў увядзенне платы за верыфікацыю акаўнту (сінюю птушачку, якая пацвярджае, што акаўнт публічнай асобы не фальшывы), гэтая верыфікацыя будзе дасяжная толькі тым, хто купіць прэміум-падпіску за 7,99 долара на месяц.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў