Аблава ў начным клубе, катаванні прэс-сакратара А1, новыя буйныя выракі. Рэпрэсіі 6 лістапада


Больш за два гады ў Беларусі практычна штодзень – палітычныя затрыманні і суды, здзекі са зняволеных. Вось што стала вядома пра рэпрэсіі за адзін толькі дзень 6 лістапада.

Станіслаў Кузміцкі.
Фота: spring96.org

На 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму асудзілі менскага прадпрымальніка Станіслава Кузміцкага. Яму закідалі шэсць крымінальных артыкулаў, у тым ліку «стварэнне тэрарыстычнай арганізацыі». З матэрыялаў справы стала вядома, што ягоная віна ў адміністраванні пратэставых чатаў і ўдзеле ў шасці мірных акцыях пратэсту.

На 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму асудзілі ў Менску топ-менеджара мабільнага аператара «life:)» Арцёма Воўна. Таксама з яо спагналі на карысць «пацярпелых» 13 тысяч рублёў. Падрабязнасці справы невядомыя, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме, але вядома, што яго судзілі за «зліў звестак» сілавікоў і дзяржаўных службоўцаў.

На 2 гады калоніі асудзілі Уладзіслава Вайну – Гомельскі абласны суд яшчэ 28 кастрычніка прызнаў яго вінаватым у «Спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці». Пра суд толькі сёння паведамілі праваабаронцы «Вясны», падрабязнасці справы невядомыя. Праваабаронцы заўважаюць, што большая частка справаў за «спрыянне» звязаная з перадачай Telegram-каналам звестак аб перасоўванні расейскіх войскаў у Беларусі.

Гісторыі
Унутры Ігара Банцэра. Былы палітвязень – пра Бога, бой з КДБ, беларускую мову, каханне і секс…
2022.11.06 07:03

6 лістапада стала вядома пра затрыманне і вызваленне дацэнта кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі ў Акадэміі навук Сяргея Гараніна: ён адбыў 10 дзён арышту за «Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Таксама стала вядома, што разам з жонкай затрымалі чальца Акадэміі навук, 71-гадовага біёлага Алега Давыдзенку. Яму закідаюць удзел у пратэстах 2020 года. Нядаўна «Наша Ніва» паведаміла пра «зачыстку» КДБ у Акадэміі навук, праз якую прайшлі мінімум 44 супрацоўнікі. Тады паведамлялася, што трох з іх затрымалі, але ў чым іх абвінавачваюць – невядома. Прозвішчы астатніх затрыманых і іх дакладная колькасць – невядомыя.

Былы сукамернік палітвязня і былога кіраўніка ўпраўлення сувязяў з грамадскасцю кампаніі А1 Мікалая Брэдзелева расказаў «Вясне», што таго прывезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна «з цалкам фіялетавымі нагамі», сінякамі на спіне і баках. Суразмоўца кажа, каб засталіся такія сляды, трэба «вельмі шмат разоў ударыць». Раней сукамернік сябра Брэдзелева, затрыманага разам з палітвязнем, расказваў, што і таго білі вельмі жорстка, «ногі ў сіняках, паясніца, сіняк пад вокам». 24 кастрычніка Брэдзелева асудзілі на 4 гады калоніі агульнага рэжыму нібыта за «Фінансаванне экстрэмісцкага фармавання».

У ноч з 5 на 6 лістапада ў менскай арт-прасторы «Hide» сілавікі правялі аблаву. Відэа жорсткага затрымання чалавека за дыджэйскім пультам ранкам апублікаваў «Кокобай». Супрацоўнікі прасторы расказалі «Медыязоне», што затрымалі не дыджэя, а аднаго з наведнікаў. А відавочцы расказалі, што сілавікі ўварваліся ў клуб са зброяй, загадалі ўсім пакласціся на падлогу, а хто не клаўся – тых жорстка білі. Хто падымаў галаву – апускалі нагой або білі па рэбрах. Адзін з наведнікаў расказаў, што сярод сілавікоў «хадзіў чувак з вялікім пакетам, у ім нешта белае як у капсулах было». Наведнікаў правяралі з сабакам, даглядалі адзенне і тэлефоны.

Палітвязня Дзмітрыя Дубоўскага, якога ўжо асудзілі на 18 гадоў калоніі, сабраліся зноў судзіць, піша канал анархістаў «Право на восстание». 15 лістапада ў судзе Заводскага раёну Менску будуць разглядаць абвінавачванне ў «Хуліганстве» і «Псаванні маёмасці» за закідванне расейскай амбасады «кактэйлямі Молатава». Пры гэтым за тыя падзеі ў 2011 годзе ўжо асудзілі пяць чалавек.

Палітычная зняволеная, галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава, сустрэла 45-годдзе ў «Валадарцы»: яе з мінулай вясны трымаюць у следчым ізалятары, але яшчэ не асудзілі. Блог «Людзі» сабраў цытаты з лістоў, якія ў апошні час прыходзілі ад Золатавай. Напрыклад, яна згадвае, што ішла па калідоры турмы разам з Алесем Бяляцкім, а той сціпла прамаўчаў аб тым, што толькі што атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру.

Hавiны
За кастрычнік 114 беларусаў былі асуджаныя па палітычных справах – 425 гадоў пазбаўлення волі на ўсіх
2022.11.06 13:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў