Нобэлеўскую прэмію міру атрымала іранская праваабаронца Наргес Магамадзі


Нарвежскі Нобэлеўскі камітэт прыняў рашэнне прысудзіць прэмію міру 2023 года праваабаронцы з Ірану Наргес Магамадзі, якая цяпер за кратамі за «распаўсюд прапаганды супраць сістэмы».

Іранская праваабаронца Наргес Магамадзі.
Фота: Цэнтр правоў чалавека ў Іране

6 кастрычніка 2023 года нарвежскі Нобэлеўскі камітэт абвесціў лаўрэата сёлетняй прэміі міру. Ёю сталася іранская праваабаронца.

«Нарвежскі Нобэлеўскі камітэт пастанавіў прысудзіць Нобэлеўскую прэмію міру 2023 года Наргес Магамадзі за ейную барацьбу супраць прыгнёту жанчын у Іране і за прасоўванне правоў чалавека ды свабоды для ўсіх», – гаворыцца ў заяве камітэту.

Наргес Магамадзі цяпер у зняволенні – яна адбывае пакаранне за «распаўсюд прапаганды супраць сістэмы». Праваабаронцы прысудзілі 2,5 года пазбаўлення волі.

«Іранскі рэжым арыштоўваў яе 13 разоў, 5 разоў асуджаў агулам да 31 года турэмнага зняволення і 154 удараў бізуном», – апавядае пра Магамадзі нарвежскі Нобэлеўскі камітэт.

Сёлета ў спісе намінантаў на Нобэлеўскую прэмію міру былі 305 імёнаў: 212 фізічных асобаў і 93 арганізацыі.

Hавiны
Амбасадара Беларусі ўсё ж не запросяць на нобэлеўскія цырымоніі: ні ў Стакгольм, ні ў Осла
2023.09.24 18:48

У 2022 годзе лаўрэатамі Нобэлеўскай прэміі міру сталіся беларускі праваабаронца, старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, расейскі цэнтр «Мемарыял» і ўкраінскі Цэнтр грамадзянскіх свабодаў.

У 2021 і 2022 гадах на Нобэлеўскую прэмію міру намінавалася Святлана Ціханоўская.

5 кастрычніка Нобэлеўскі камітэт абвясціў лаўрэата прэміі ў галіне літаратуры. Ім стаўся нарвежскі пісьменнік Юн Фосэ.

4 кастрычніка Нобэлеўскую прэмію за дасягненні ў хіміі прысудзілі навукоўцам з ЗША – Мунджы Баўэндзі, Луісу Брусу і Аляксею Якімаву за адкрыццё і сінтэз квантавых кропак.

Нобэлеўскую прэмію ў галіне фізікі 2023 года прысудзілі тром навукоўцам: двум французам, П’еру Агастыні і Ан Ль’Юіе, і вугорцу Фэрэнцу Краўсу за эксперыментальныя метады генерацыі атасекундных імпульсаў святла для вывучэння дынамікі электронаў у рэчыве.

Нобэлеўскую прэмію ў галіне медыцыны сёлета прысудзілі за даследаванні, што дапамаглі стварыць эфектыўную вакцыну ад COVID-19. Узнагароду атрымалі вугорская даследніца Каталін Карыка і амерыканскі навуковец Дру Ўайсмэн.

Hавiны
Беларускую арганізацыю «Наш дом» прапануюць на Нобэлеўскую прэмію міру
2023.08.07 13:22

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў