Майкл Карпэнтэр: Беларусь застаецца на парадку дня


У канферэнцыі АБСЕ па чалавечаму вымярэнню, якая праходзіць у Варшаве, прымае ўдзел амбасадар ЗША у гэтай арганізацыі Майкл Карпэнтэр. На палях канферэнцыі ён даў эксклюзіўнае інтэрв’ю «Белсату».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Амбасадар ЗША ў АБСЕ Майкл Карпэнтэр. Лодзь, Польшча. 12 лютага 2022 года.
Фота: Grzegorz Michalowski / East News

– Амбасадар Карпэнтэр, шчыры дзякуй за магчымасць гэтага інтэрв‘ю. На Варшаўскай канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні, якая ў гэтыя дні праходзіць у Варшаве, абмяркоўваюцца пытанні парушэння правоў чалавека. Як вам бачыцца, ці застаецца на парадку дня сітуацыя ў Беларусі? Або вайна супраць Украіны адкідае сітуацыю ў Беларусі ў цень?

– Я думаю, што Беларусь застаецца на парадку дня. Вядома, шмат часу мы прысвячаем і сітуацыі ва Украіне. Але я бачу будучыню Беларусі ды Украіны моцна звязанай міжсобку. Калі Украіна пераможа ў вайне супраць Расеі, гэтай брутальнай агрэсіі, гэта адкрывае прастору для дэмакратычных зменаў у Беларусі. Трэба, каб гэта прастора была адкрытая Украінаю, таму я бачу гэта важным складнікам барацьбы за свабоду ў гэтай частцы свету.

– Ці можна казаць пра адзінства заходніх краінаў адносна Беларусі? У нас ёсць прыклад Венгрыі – амбасадар уручыў даверчыя лісты дыктатару, упершыню з 2020 года.

– У розных краінаў рознае стаўленне да гэтага рэжыму. Мы вельмі ясна сказалі, што не лічым легітымнымі выбары 2020 года. Мы патрабавалі новых свабодных і справядлівых выбараў, якія будуць адпавядаць волі беларускага народу. І мы працягнем гэта рабіць. У нас ёсць інструменты кшталту маскоўскага механізму, які мы стасуем у дачыненні рэжыму ў Беларусі, і мы выразна называем рэкамендацыі: трэба выпусціць палітычных вязняў, адказаць паводле закону за парушэнне правоў чалавека і правесці свабодныя ды справядлівыя выбары. Шанец, што гэта адбудзецца проста цяпер, невялікі, але мы працягнем ціснуць на рэжым, каб дабіцца выніку.

Hавiны
Святлана Ціханоўская заклікала АБСЕ запатрабаваць наведвання палітвязняў у Беларусі
2023.10.03 18:59

– Цяпер у Беларусі каля тысячы пяцісот чалавек прызнаныя палітвязнямі. Праваабаронцы сцвярджаюць, што рэальная лічба значна большая. Калі мы кажам пра маіх калегаў, журналістаў, то гэта жах. Ігар Лосік – 15 гадоў калоніі, Дзяніс Івашын – больш за 13 гадоў калоніі, Кацярына Андрэева – больш за 8 гадоў калоніі. Тэрміны ўсё больш падобныя на сталінскія. Ці бачыце вы магчымасць вызваліць усіх людзей дыпламатычным шляхам?

– Мы будзем патрабаваць вызвалення ўсіх палітвязняў, бо гэта сапраўды дэградацыя да сталінскага часу, так гэта адчуваецца. Гэта абсалютна несправядлівыя выракі. Падстава для іх толькі тая, што людзі выказвалі сваю палітычную пазіцыю. Кожны чалавек мусіць мець права казаць і думаць усё, што ён хоча. Тут мы маем справу з рэжымам, які брутальна рэпрэсуе гэтыя базавыя свабоды і фундаментальныя правы. Таму мы не адступімся ад нашых патрабаванняў, каб рэжым выпусціў палітычных зняволеных і панёс адказнасць перад сваім народам.

– Падобна на тое, што рэжым шукае спосабы прыстасавацца жыць пад санкцыямі пры дапамозе іншых краінаў, а не мяняць сваіх паводзінаў. Працягваецца пераслед грамадзянаў, людзей масава звальняюць з працы, кожны тыдзень з‘яўляюцца новыя палітвязні. Ці азначае гэта, што санкцыйная стратэгія правалілася? Ці, можа, наадварот, санкцыі занадта слабыя?

– Па-першае, я думаю, што спатрэбіцца час, каб санкцыі далі эфект. Я таксама думаю, што палітыкі мусяць гнуць сваю лінію. Калі мы згадаем адно з найважнейшых эсэ Вацлава Гавэла – чэшскага дысідэнта і пасля прэзідэнта, «Сіла бяссільных«, якое ён напісаў у 1978 годзе, то ён ужо тады ведаў, што савецкая сістэма настолькі фальшывая, а яе легітымнасць так дэградавала, што доўга яна не працягне. І гэта было ў 1978 годзе – у самы цёмны час халоднай вайны. За 10 гадоў да гэтага здушылі Пражскую вясну. Пройдзе яшчэ 10 гадоў, пакуль свабода прыйдзе ва Усходнюю Еўропу. Гавэл ведаў, што сістэма не прапаноўвае людзям ні легітымнасці, ні магчымасцяў. Тое самае адбываецца цяпер у Беларусі. Рэжым не дае людзям ні бачання будучыні, ні магчымасці беларускаму народу выяўляць сваю волю. У пэўны момант будзе патрабаванне паважаць іх дэмакратычныя галасы. Я не сумняюся, што гэты дзень настане, але не магу сказаць, калі дакладна.

– Ведаеце, з гістарычнай перспектывы вы маеце рацыю. Але цяжка гэта чуць, бо ў Беларусі некаторыя палітычныя вязні проста паміраюць у турмах, як мастак Алесь Пушкін. Людзі пытаюцца – колькі яшчэ цярпець. Мы мусім вызваліць іх.

– Так, тое, што адбываецца, – трагедыя. Мы мусім гаварыць аб усіх палітычных зняволеных. Некаторыя, як вы сказалі, страчваюць жыццё. Градус брутальнасці, які пануе ў Беларусі ў памкненні рэжыму знішчыць усіх нязгодных, вы маеце рацыю, блізкі да сталінскага часу. І гэта трагедыя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя ў памяць мастака Алеся Пушкіна. Вільня, Літва. 11 ліпеня 2023 года.
Фота: Белсат

– Пра бяспеку ў Еўропе. Расейская ядравая зброя размяшчаецца ў Беларусі. Мы ведаем, што гэта грубае парушэнне закону, і ЗША гэта рашуча асуджаюць. Але які практычны адказ з боку ЗША? Чаму Вашынгтон не ўвёў новых санкцыяў супраць Масквы з гэтай нагоды?

– Тое, што Пуцін ды іншыя чыноўнікі ў Расеі кажуць пра размяшчэнне і выкарыстанне ядравай зброі, – абсалютна безадказна і непрымальна. Пакуль мы не бачым патрэбы змяніць расклад нашых сілаў у адказ на тое, што зрабіла Расея ў плане ўзбраення. Мы працягваем вельмі ўважліва маніторыць сітуацыю. На вялікі жаль, шмат механізмаў бяспекі ў Еўропе, якія спрыялі празрыстасці ды будаванню даверу шмат гадоў, кшталту Дамовы аб ракетах сярэдняй і малой далёкасці, атрафіраваліся. У нас засталося зусім мала ад таго, што мы мелі пасля халоднай вайны. І мы працягнем абараняць кожны квадратны сантыметр НАТО, мы працягнем размяшчаць кампаненты перадавой прысутнасці, каб мець магчымасць абараняць саюзнікаў. І мы працягнем сачыць за сітуацыяй. Але глядзіце. Любая дыскусія аб выкарыстанні ядравай зброі настолькі глыбока безадказная. Я думаю, што гэта кажа само за сябе.

– Сотні тысяч беларусаў былі вымушаныя эміграваць з прычыны палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Рэжым у Менску пастанавіў забараніць консульствам выдаваць пашпарты. На практыцы гэта значыць, што грамадзянін Беларусі можа абмяняць свой пашпарт толькі ўнутры краіны. Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі на чале са Святланай Ціханоўскай агучыў праект нацыянальнага пашпарта Новай Беларусі. Ці ёсць верагоднасць, што ЗША прызнаюць гэты дакумент?

– Я не надта абазнаны ў тым, што трэба, каб гэты пашпарт быў прызнаны нашымі ўладамі. Ведаеце, цяпер ёсць шмат прасунутай біяметрыкі, якая можа змяшчацца ў гэтых дакументах. Але я не сумняюся, што мы прыйдзем да нейкага рашэння для ўсіх гэтых бедных людзей – уцекачоў з уласнай краіны, якія збеглі ад брутальнай дыктатуры і, як вы сказалі, спрабуюць знайсці сябе за мяжою без дакументаў, што дазваляюць падарожнічаць. Гэта адназначна не доўгатэрміновае рашэнне. А такое рашэнне мусіць быць знойдзена. Мне падаецца, што ў супрацы з дэмакратычнымі краінамі – ЗША і Еўропай – гэта будзе зроблена.

– Яшчэ адно пытанне пра бяспеку нашай краіны. У 1994 годзе ЗША гарантавалі бяспеку незалежнасці Беларусі ў абмен на вывад ядравай зброі ў выніку Будапешцкага мемарандуму. Ці можна чакаць, што дэнуклеарызацыя і вывад расейскіх войскаў з Беларусі стане пунктам падчас перамоваў аб спыненні вайны ва Украіне?

– Я не ведаю, як дакладна гэтыя перамовы будуць выглядаць. У першую чаргу гэта будуць перамовы паміж Украінай і Расеяй. Спадзяюся, што з пазіцыі сілы з боку Украіны. Усё, што мы робім, улучна з 45-мільярдным пакетам вайсковай дапамогі, накіравана на тое, каб Украіна магла вызваліць сваю тэрыторыю і каб напрыканцы гэтай вайны магла весці перамовы з пазіцыі сілы. Што датычыць Беларусі, то нашая стратэгічная мэта – незалежная Беларусь, якая сама вырашае свае справы і рухаецца ў кірунку дэмакратычнай формы кіравання. Гэта заўжды было нашаю мэтаю. Мы ніколі не мелі ніякіх іншых прэтэнзіяў. І мы будзем падтрымоўваць дэмакратычныя галасы, якія імкнуцца дасягнуць гэтага выніку. Мы заўжды казалі, што змены ў Беларусі мусяць быць мірнымі, але Беларусь мусіць быць дэмакратычнай. На вялікі жаль, праз 30 гадоў пасля заканчэння халоднай вайны ў Беларусі так і не было гэтых кансалідаваных дэмакратычных інстытуцыяў. Але мы спадзяемся, што гэты дзень прыйдзе. Магчыма, у выніку заканчэння вайны ва Украіне, магчыма, у нейкай зусім недалёкай будучыні прыйдзе час, калі Беларусь будзе дэмакратычнай.

– Шчыры дзякуй за вашыя адказы.

Hавiны
Амбасадар ЗША пры АБСЕ заявіў, што рэжым Лукашэнкі павінен быць прыцягнуты да адказнасці
2023.02.10 21:11

Размаўляў Вітаўт Сіўчык belsat.eu

Стужка навінаў