ЗСУ: Расейскія войскі зноў нанеслі ўдар па Украіне з тэрыторыі Беларусі – упершыню з жніўня


Ранкам 6 кастрычніка чатыры расейскія самалёты Ту-22М3 нанеслі авіяцыйны ўдар з тэрыторыі Беларусі па Украіне, заявіў выданню «Українська правда» намеснік начальніка галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны Аляксей Громаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Самалёты Ту-22М3 Паветраных сілаў Расеі. Скрыншот відэа: Пресс-служба Минобороны РФ

Прадстаўнік Паветраных сілаў Украіны Юрый Ігнат дадаў, што вядзецца пра ўдар па Хмяльніччыне, нанесены ракетамі Х-22. У выніку таго ўдару не было загінулых, пацярпелых і руйнаванняў, адна ракета ўпала на пустыр, другая ўпала каля інфраструктурнага аб’екту. Аляксей Громаў дадаў, што выкарыстанне авіяцыі з беларускага напрамку было ўпершыню з 28 жніўня.

Праект «Беларускі Гаюн», які сочыць за дзеяннямі расейскіх войскаў у Беларусі, не ўпэўнены, што ўдар быў менавіта з Беларусі. Ранкам у Мазырскім і Петрыкаўскім раёнах Гомельскай вобласці мясцовыя жыхары чулі нейкія гукі, падобныя да выбухаў ці запускаў ракет, у той жа час з аэрадрому ў Баранавічах падымаўся самалёт-знішчальнік. Але крыніцы «Гаюна» кажуць, што знішчальнік не праводзіў ракетных запускаў, а мог вылятаць на перахоп патэнцыйных парушальнікаў паветранай прасторы.

Звычайна «Гаюн» публікуе звесткі, якія не супярэчаць заявам ЗСУ. Напрыклад, падчас мінулага авіяўдару з беларускай паветранай прасторы «Гаюн» не толькі называў час і месца пускаў, але і публікаваў перахоп размоваў расейскіх пілотаў.

У першай фазе поўнамаштабнага расейскага нападу на Украіну расейскія войскі ішлі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Калі напад на кіеўскім напрамку праваліўся, Расея працягвала абстрэлы Украіны з беларускай зямлі і паветранай прасторы. За першыя тры месяцы поўнамаштабнай вайны ва Украіне з тэрыторыі Беларусі было больш чым шэсць сотняў пускаў, але з красавіка інтэнсіўнасць спадала, з канца траўня большасць пускаў была з паветранай прасторы. З ліпеня абстрэлы Украіны сталі зусім рэдкімі, але ў канцы жніўня прайшла хваля абстрэлаў.

Hавiны
Расейцы нанеслі ракетныя ўдары па Запарожжы. Разбураныя жылыя дамы
2022.10.06 09:08

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў