«Ecolines» не пусціць беларусаў на аўтобусы з Польшчы ва Украіну


Папулярны перавознік «Ecolines» адмаўляецца садзіць грамадзянаў Беларусі на аўтобусы, якія едуць з Польшчы ва Украіну, бо пашпарты беларусаў могуць выклікаць праблемы з пераходам украінскай мяжы і затрымку ў пераходзе мяжы для ўсяго аўтобуса.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аўтобус кампаніі «Ecolines».
Фота: ecolines.net

Шэраг беларусаў сутыкнуўся з адмовай «Ecolines» у паездках ва Украіну: нават від на жыхарства ва Украіне не дапамагае, калі пашпарт – беларускі.

На адмову звярнула ўвагу на Facebook беларуская прадпрымальніца Паліна Бродзік: ёй адмовілі, нягледзячы на пастаянны від на жыхарства, украінскі статус прадпрымальніцы, 7 гадоў жыцця ва Украіне і запрашэнне ад валанцёрскай арганізацыі. Паводле яе, супрацоўнік «Ecolines» расказаў ёй, што днём раней адмовілі нават беларусу, які ўваходзіць у Збройныя сілы Украіны.

Яна таксама апублікавала ў каментарах пункт правілаў кампаніі: трэба адмаўляць у паездцы, калі «ў экіпажу аўтобуса ёсць падазрэнні, што праязныя дакументы могуць выклікаць у пасажыра праблемы з памежнымі службамі і затрымку падчас праходжання межаў». Менавіта пра беларусаў у інструкцыях не згадваецца.

На «гарачай лініі» кампаніі «Белсату» гэта пацвердзілі: «Ecolines» не стане весці грамадзянаў Беларусі нават з відам на жыхарства ва Украіне.

«Паспрабуйце лепей цягніком, – параілі ў «Ecolines». – Там не так чапляюцца да дакументаў, чым калі ехаць аўтобусам».

Аналітыка
Не зламаныя дыскрымінацыяй. Як пачуваюцца беларусы ў эміграцыі пасля пачатку вайны
2022.08.26 18:58

Фармальна беларусаў мусяць пускаць ва Украіну: абмежаванняў не ўводзілі, хіба без біяметрычнага пашпарту давядзецца здаваць адбіткі пальцаў. Петыцыя пра ўвядзенне візавага рэжыму Украіны з Беларуссю не набрала дастаткова подпісаў, каб яе мусіў разглядаць прэзідэнт Украіны. Мяжа Беларусі і Украіны закрытая, але праз незакрытыя межы, як то праз польска-ўкраінскую, мусілі б пускаць.

Ды беларусы сутыкаюцца з перашкодамі як на мяжы, так і на тэрыторыі Украіны: памежнікі псуюць беларускія пашпарты, а міграцыйныя службы выганяюць з краіны нават тых беларусаў, якія актыўна дапамагаюць Украіне. Беларусы ва Украіне звярталіся да прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага наконт праблемаў з легалізацыяй і перасячэннем мяжы.

Беларусь бярэ ўдзел у расейскім нападзе на Украіну: рэжым Аляксандра Лукашэнкі даваў тэрыторыю для ўварвання расейскіх войскаў, працягвае даваць тэрыторыю і паветраную прастору для абстрэлаў Украіны (насуперак уласнай Канстытуцыі). Пры гэтым беларуская армія да гэтага часу не ўваходзіла на тэрыторыю Украіны. Лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская выступала супраць вайны і ў падтрымку Украіны, ейны Аб’яднаны пераходны кабінет прымаў заяву ў падтрымку Украіны.

Гісторыі
«Пішу пра ўсіх, хто супраць вайны». Гiсторыi беларусаў, якiя запусцiлi iнiцыятывы для падтрымання ўкраiнцаў
2022.09.25 08:30

АА belsat.eu

Стужка навінаў