«Проста не заўсёды атрымліваецца». Беларускія футбалісты патлумачылі трэці пройгрыш запар


Беларускія футбалісты ў матэчы супраць Ўэльсу.
Фота: АБФФ

Зборная Беларусі 5 верасня ў расейскай Казані саступіла зборнай Ўэльсу ў матчы 5-га туру групы E адборачнага турніру да чэмпіянату свету 2022 года. Трэнер і спартоўцы патлумачылі, як так атрымалася.

Сустрэча скончылася з лікам 2:3 на карысць валійцаў. Раней беларуская каманда перагуляла Эстонію з лікам 4:2, а затым прагуляла запар Бельгіі – 8:0 і Чэхіі – 1:0. Цяпер беларуская каманда перамясцілася на перадапошняе месца ў групе.

Галоўны трэнер зборнай Беларусі Георгій Кандрацьеў у інтэрв’ю прэс-службе Беларускай федэрацыі футболу заявіў, што футбалісты «нядрэнны футбол паказвалі, досыць момантаў стварылі каля брамы суперніка».

«Але, вядома, пачатак і канцоўку мы правалілі. Далі забіць у пачатку і ў канцы – гэта ўсё і прадвызначыла вынік матчу», – сказаў ён.

Тым не менш, паводле яго, «у нас вялікая будучыня, я думаю, у гэтай каманды».

Форвард зборнай Беларусі Максім Скавыш заявіў, што беларуская каманда не заслугоўвала паразы, «але, на жаль, прапусцілі тры мячы».

«А калі прапускаеш тры мячы, вельмі цяжка перагуляць», – сказаў ён.

Паводле яго, «ва ўсіх вялікае жаданне гуляць за зборную, проста не заўсёды атрымліваецца».

Hавiны
«Глядзець на тое ўбоства недапушчальна». Лукашэнка паабяцаў абрэзаць заробкі спартоўцам
2021.09.03 14:23

Нагадаем, што Аляксандр Лукашэнка 3 верасня ў часе адкрыцця дзіцяча-юнацкага футбольнага цэнтру клубу «Дынама» (Менск) раскрытыкаваў цяперашняе становішча ў беларускім футболе.

«Глядзець на тое ўбоства, якое сёння дэманструе футбол, недапушчальна», – сказаў ён.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў