У Польшчы адлучылі адну з нітак нафтаправоду «Дружба»


Польшча прыпыніла пастаўкі расейскай нафты па нітцы нафтаправоду «Дружба», па якой нафта паступае з Расеі ў Нямеччыну. Прычынаю спынення называюць выцек.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pixabay

Як паведамляе польскі аператар «Pern», выцек выявілі ўвечары 5 жніўня ў гміне Ходэч. Менавіта па гэтай нітцы прапампоўваецца нафта з Расейскай Федэрацыі ў Нямеччыну.

Кампанія «Pern» расследуе прычыны здарэння. Адзначаюць, што пагрозаў жыццю і здароўю мясцовага насельніцтва няма. На месцы працуюць пажарныя службы.

Пакуль работнікі «Pern» не агучваюць магчымых прычынаў выцеку, як і не гавораць, калі ўзновіцца прапампоўванне нафты.

Тым часам другая нітка нафтаправоду працуе ў штатным рэжыме, адзначаюць у кампаніі «Pern». Іншыя часткі інфраструктуры вакол першай ніткі нафтаправоду таксама працуюць без зменаў: заводы перапрацоўвання нафты атрымліваюць сыравіну.

Вядома, што ў кастрычніку 2022 года на нафтаправодзе «Дружба» таксама выявілі выцек, гэта адбылося недалёка ад Плоцку. Пашкоджанне адбылося на той жа нітцы, што і цяпер, па ёй нафта прапампоўваецца з Расеі ў Нямеччыну.

Схема нафтаправоду «Дружба». Інфаграфіка: «Белсат»

Нафтаправод «Дружба» раздзяляецца на дзве ніткі на тэрыторыі Беларусі. Адна з іх праходзіць праз Польшчу ў Нямеччыну, другая праз Украіну ідзе ў Славаччыну, Чэхію, а таксама Вугоршчыну.

У снежні 2022 года Еўразвяз забараніў увозіць расейскую нафту марскімі шляхамі, але пастаўкі зямлёю, разам з трубаправодам «Дружба», засталіся дзейныя. Таксама вядома, што ў 2022-м Нямеччына і Польшча заяўлялі, што добраахвотна адмовяцца ад імпарту нафты па трубаправодзе «Дружба».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў