Канал «ЗаБеларусь», Арэстовіч, Пушкін і стыкеры. Што прызналі экстрэмісцкім у ліпені


Памылкі ў назвах старонак, адсутнасць спасылак або проста няправільныя адрасы яшчэ паўбяды, але дадаванне аднаго і таго ж YouTube-каналу з розніцай у 9 дзён судамі ў Гомлі і Магілёве – яскравае сведчанне таго, як самыя прадстаўнікі рэжыму сочаць за сваім «экстрэмісцкім спісам». Мы прааналізавалі, чым дапоўнілі так званы Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў у ліпені.

Telegram

1 ліпеня суд Ленінскага раёну Горадні прызнаў «экстрэмісцкім» Telegram-канал «Повестка дня» (станам на 5 жніўня – 283 удзельнікі) і яго Telegram-чат «Повестка чат» (63 удзельнікі). Суполка пазіцыянуе сябе як крыніцу актуальнай інфармацыі пра Беларусь, а мэтаю чату вызначае скасаванне «Закона аб адтэрмінаваннях», каб вярнуць магчымасць бесперапыннай адукацыі студэнтам. Апошняе паведамленне ў суполцы датуецца 1 ліпеня 2020 года, чат жа пасля прызнання «экстрэмісцкім» проста заспамілі.

Тады ж у Віцебску быў дададзены ў спіс чат Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэту (52 удзельнікі). Сярод апошніх матэрыялаў у суполцы – спасылкі на самвыдат пратэснай тэматыкі з каналу «ByProsvet», што стаў «экстрэмісцкім» у чэрвені. Яшчэ адзін віцебскі канал быў дададзены 4 ліпеня – «ЖЫВЕ ВИТЕБСК 97%» (41 падпісальнік). Пасля «прызнання» з боку рэжыму канал адрадзіў сваю дзейнасць пасля перапынку.

Скрыншот. Крыніца: zhyvevitebsk97/ Telegram

Суд Ленінскага раёну Горадні не дае спакою рэдакцыі вядомага на Гарадзеншчыне выдання «Hrodna.life». 8 ліпеня, да гадавіны залучэння выдання ў спіс «экстрэмістаў» (9.7.2021), суд уключыў у спіс «экстрэмісцкіх» канал «Гродна Like» (называецца цяпер «Гродна Like!», 1787 падпісальнікаў), які актыўна напаўняўся да 30 ліпеня. Апошняя навіна – «Куды схадзіць на выходных у Горадні». Іх старонкі ў Facebook і Instagram цяпер недасяжныя.

У судзе Бешанковіцкага раёну знайшліся «фанаты» сацыёлага Генадзя Коршунава і 13 ліпеня ўнеслі ў спіс ягоны канал «Што думаюць беларусы», у якога 3280 падпісальнікаў. Аднак кантэнт каналу варты значна большай увагі, бо змяшчае незалежныя сацыялагічныя дадзеныя. Відаць, гэта і стала падставай для адзначэння яго высокім званнем «экстрэмісцкага». Апошняе паведамленне, дарэчы, пра тое, чаму сваркі палітыкаў – гэта нармальна і не трэба рабіць з мухі слана.

Скрыншот з каналу «Што думаюць беларусы» Крыніца: belaruspolls / Telegram

Да 19 ліпеня існаваў сабе спакойна з апошнім матэрыялам за 3 снежня 2020 года канал «Reborn B» (80 падпісальнікаў). Пры гэтым пераважная колькасць матэрыялаў тут – апісанне спосабаў вырабу гранатаў ці пораху ў хатніх умовах або парады, як зрабіць шыпы з цвікоў.

Любяць цікавыя тг-каналы ў Мёрах. Нездарма 19 ліпеня мясцовы суд запісаў у экстрэмісты адразу два такія: «belarusiana» з 1245 падпісальнікаў, што пазіцыянуе сябе як «Светач беларускага кансерватызму» і актыўна напаўняецца разнастайнымі матэрыяламі палітычнага зместу (напрыклад, пра канферэнцыю «Новая Беларусь»), а таксама яшчэ вядомейшы «Кастусь».

Скрыншот з каналу «Kastus2»

Якасная праца каналу «Ф Л А Г Ш Т О К» (цяпер называецца «Флагшток – Гомельшчына», 9448 падпісальнікаў) была адзначаная 27 ліпеня Гомельскім судом. Канал разам з іншымі яго старонкамі ў сацыяльных сетках унесены ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў», пры гэтым штодня папаўняецца актуальнымі звесткамі з жыцця Гомельшчыны.

Працягваецца дадаванне ў спіс і разнастайных вулічных чатаў: 14 ліпеня – віцебскага «ДСК, Марковщина, ТЭЦ (чат)» (106 удзельнікаў), 21 ліпеня –  «СеницаПрилукиАтолино» (76 удзельнікаў), дзе ёсць паведамленні пра пошук працы, заўважаных на дарозе жывёлінак, сантэхнічныя і электрамантажныя паслугі; 28 ліпеня – актыўны  «ВОСТОК-1 ВМЕСТЕ!» (317 удзельнікаў) і «Московская 97%» (66 удзельнікаў), 29 ліпеня – яшчэ адзін мікрараён Менску «Дамброўка-6 – чат квартала» (452 удзельнікі). Пры гэтым «Дамброўка» мае яшчэ чаты з іншымі парадкавымі лічбамі да шасці, даволі актыўныя. Там можна пабачыць паведамленні пра жаночыя аздобы, пра знікненне хатняй коткі, цікавяцца тут і пра кошты мікрааўтобуса, каб завезці людзей на Менскае мора.

Скрыншот з каналу «dombrovka6»

Пры ўсёй той вялізнай колькасці дададзеных у спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» каналаў, так і не зразумела, што гэта за такі «чат МЕДЦЕНТР», унесены 7 ліпеня судом Першамайскага раёну Віцебску ў спіс, на які няма спасылкі, або далучаны да «экстрэмісцкіх» 11 ліпеня судом Кастрычніцкага раёну Менску чат «OktiaborsiDistrict2020», які таксама адсутнічае. Ці што гэта за «Арендаторы ТЦ «ЗАМОК», дзе ў якасці адрасу стаіць @scienceby2020 – спасылка на канал «Навукоўцы супраць гвалту» (186 падпісальнікаў), дададзены 11 ліпеня, на якім апошняе паведамленне – зварот ад 26 лютага супраць вайны ва Украіне.

Telegram-стыкер

Суд Цэнтральнага раёну Менску вылучыўся і 25 ліпеня ўпершыню да экстрэмісцкіх залічыў стыкеры «Luka» і «Sasha 3%».

Facebook

18 ліпеня суд Барысаўскага раёну дадаў старонку Ігара Ледніка, сябры БСДП з Барысава, затрыманага 18 красавіка 2022 года, на якога заведзеная крымінальная справа паводле арт. 367 КК за «паклёп» на Лукашэнку. Палітзняволены ўтрымліваецца ў Жодзіне.

Акрамя старонкі Ледніка, Барысаўскі раённы суд дадаў у спіс старонкі «Aliaksandr Pancialiej», а таксама недасяжныя цяпер старонкі Анатоля Букаса і затрыманай барысаўскай актывісткі БСДП Ганны Скачок. Недасяжная і старонка Сяргея Сесіцкага, унесеная ў спіс 12 ліпеня.

Instagram

Суд Дзяржынскага раёну 18 ліпеня дадаў у «экстрэмісцкія» старонку «Дзяржынск ❤ Койданава», што мае 1105 падпісальнікаў і 255 публікацыяў. Тут вельмі шмат выяваў бел-чырвона-белых сцягоў.

«УКантакце»

4 ліпеня суд Чыгуначнага раёну Віцебску дадаў у спіс закрытую суполку «Стены Рухнут», якую чытаюць 1622 удзельнікі. На яе вокладцы вялізны бел-чырвона-белы сцяг падчас аднаго з маршаў. 6 ліпеня Полацкі суд дадаў у спіс канал «Страна для жизни», які мае 7280 падпісальнікаў. Штодня дадаюцца спасылкі на YouTube-канал з палітычнымі матэрыяламі. Як гэта не дзіўна выглядае, але толькі 7 ліпеня была ўнесеная ў спіс суполка «Хартыя’97» з 56 тыс. падпісальнікаў, як сайт  і старонкі ў іншых сацыяльных сектах. Таксама ў той жа дзень у Полацку дадалі «Беларусь ЗА дротам», там навіны апошнім разам абнаўляліся 19 красавіка, гэта было паведамленне пра з’яўленне неўзабаве ў Кіеве скверу імя Кастуся Каліноўскага.

Скрыншот са старонкі «Стены Рухнут».

«Одноклассники»

Суд у Пінску 18 ліпеня ўнёс у спіс супольнасць «Пінск вольны» (991 сяброў). 20 ліпеня суд Барысаўскага раёну дадаў «EX_PRESS.BY Барысаў і Жодзіна» вядомага рэгіянальнага выдання (445 удзельнікаў).

Twitter

Папоўніўся старонкамі «Хартыі’97» (7 ліпеня, суд Чыгуначнага раёну Віцебску) і «Беларусь головного мозга» (21 ліпеня, Гомельскі суд) разам з іншымі іх сацыяльнымі сеткамі.

TikTok

21 ліпеня дададзены акаўнт «Беларусь головного мозга» (88,1 тыс. падпісальнікаў, 1,6 млн упадабанняў).

Сайты

Калі з сайтам «Хартыі’97» усё зразумела, то пастанова суда Ленінскага раёну Горадні наконт сайту «Польскага радыё» выглядае даволі дзіўна. Затое гэта пэўная рэклама беларускай службы польскага радыё, якая сярод апошніх матэрыялаў выклала цікавую размову з гісторыкам Аляксандрам Белым.

8 ліпеня спіс папоўніў сайт «Беларускі Народны трыбунал», які пры спробе трапіць на яго выдае ў браўзеры «злучэнне не абароненае». «Трыбунал» пазіцыянуе сябе як пляцоўка з мэтаю паказаць на ўвесь свет «сапраўдны твар дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі і яго памагатых».

YouTube

5 ліпеня ўжо вядомы з нашай чэрвеньскай справаздачы «экстрэмісцкіх матэрыялаў» суд Крупскага раёну Менскай вобласці прайшоўся катком па YouTube і далучыў адразу 9 ролікаў. Сярод іх – адно з расследаванняў BYPOL, два матэрыялы з каналу «Серый кот» (16,4 тыс. падпісальнікаў) пра суд над Алесем Пушкіным за адзін з ягоных перформансаў у чэрвені 2019 года. Блогер «Шэры кот» (сапраўднае імя Зміцер Казлоў) і мастак Алесь Пушкін цяпер за кратамі.

У Крупках высока ацанілі і адно з відэа каналу «ОГП-ТV» (насамрэч называецца «ОГП-ТВ» і мае 94,2 тыс. падпісальнікаў), якое цяпер не адкрываецца на пазначанай спасылцы.

Скрыншот з YouTube

У той жа час суд у Крупках надумаў капнуць у гісторыю і забараніць матэрыялы пра суд у тых жа Крупках у далёкім 2011 годзе. У спіс экстрэмісцкіх дададзенае відэа з каналу Марка Бернштэйна і сюжэт «Белсату» пра няўдалы рэйд АМАПу.

Сем месяцаў не дадаюцца новыя відэа на канал «Hrodna One Love». Але гэта не перашкодзіла ўнесці яго 7 ліпеня ў «экстрэмісцкі спіс». Пры гэтым на канале вельмі шмат цікавых адукацыйных матэрыялаў. Таксама шмат цікавага кантэнту, у тым ліку і размовы з журналістамі Дудзінскім і Рудзікам, на канале «ТОК | TALK», дададзеным у спіс 25 ліпеня.

18 ліпеня суд Гомля дадаў у спіс канал «Иван! Real Belarus», які цяпер называецца «ЗаБеларусь». Усяго 1,98 тыс. падпісальнікаў і ўсё б нічога, але, відаць, «экстрэмісцкі спіс» чыноўнікі нават не праглядаюць, бо гэты ж самы канал 27 ліпеня дадаў у спіс экстрэмісцкіх яшчэ і суд Ленінскага раёну Магілёва. На тым жа самым паседжанні былі прызнаныя «экстрэмісцкімі» канал «Есть новости» на 159 тыс. падпісальнікаў і сацыяльныя сеткі ды відэаканал Аляксея Арэстовіча.

Чакаем новых цікавых матэрыялаў паводле версіі рэжыму.

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў