«Дыджэі пераменаў» за 300 гадоў: топ песень супраціву і вызвалення Еўропы


Гукачы Палацу дзяцей і моладзі.
Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

6 жніўня 2020 года дыджэі Кірыл Галанаў і Уладзіслаў Сакалоўскі ўключылі песню «Пераменаў» гурта «Кіно» на афіцыйным мерапрыемстве ў Кіеўскім скверы Менску. Імпрэза была арганізаваная ўладамі, каб не дазволіць там сустрэчы кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай з выбарцамі.

Відэа падзеі. Крыніца: Настоящее Время. Сюжеты

Аднак тысячы прыхільнікаў Ціханоўскай тым не менш прыйшлі ў сквер, і гукарэжысёры з Палацу дзяцей і моладзі вырашылі маральна падтрымаць іх. Хлопцаў арыштавалі на наступны дзень, аднак іхны ўчынак і сама песня сталі адным з сімвалаў змагання за свабоду Беларусі.

І ў іншых краінах у розны час песні рабіліся адлюстраваннем барацьбы народу за сваё самавызначэнне і сваю годнасць. Вось нашая падборка такіх твораў за амаль трыста апошніх гадоў.

За законнага караля!

У Ангельшчыне і Шатландыі ўжо каля 50 гадоў жылі пад уладай новай дынастыі, аднак чарговы раз Шатландыя паўстала за свайго законнага караля ў 1745 годзе. Гэта быў Чарлз Казімір Луі Джон Казімір Сільвэстр Сэвэрына Марыя Ст’юарт, альбо больш коратка для сваіх прыхільнікаў, «добры прынц Чарлі», ці «Малады прэтэндэнт».

Песня, якая заклікае ўставаць пад паўстанцкія сцягі, была напісаная ў 18-м стагоддзі на народны матыў. Выкананне гурта Silly Wizard. Крыніца: nh6music

Ідзі праз верас, гуртуйся вакол яго,

Прыходзьце кожны, усе разам –

І карануйце свайго праўдзівага законнага караля!

Бо каму быць каралём, калі не Чарлі?

Сын караля-выгнанніка Якава і Марыі Сабескай (унучкі вялікага князя літоўскага Яна Сабескага) высадзіўся ў Шатландыі, дзе шмат якія горныя кланы дагэтуль падтрымлівалі старую дынастыю, у шэрагу баёў перамог англійскія войскі і заняў сталіцу – Эдынбург. Аднак потым паўстанне было здушанае дасведчанымі англійскімі войскамі, якія былі перакінутыя з Еўропы пад кіраўніцтвам аднаго з найлепшых англійскіх военачальнікаў – герцага Камбэрлендскага.

Марш выгнаннікаў

Сучасны гімн Польшчы першапачаткова быў песняй жаўнераў з былой Рэчы Паспалітай, якія ваявалі ў на баку Францыі супраць Аўстрыі і Расеі, бо гэтыя дзяржавы знішчылі незалежнасць іхнай Радзімы.

У 1797 годзе генерал Ян Дамброўскі дамовіўся з Напалеонам Банапартам пра стварэнне польскіх узброеных частак на службе Францыі. Адсюль у спеве зʼявіліся словы «Марш, марш, Дамброўскі, ад земляў Італіі да Польшчы, пад тваім кіраўніцтвам злучымся з народам… Даў нам прыклад Банапарт, як перамагаць».

Мазурка Дамброўскага. Крыніца: TeatrWielkiLodz

Песня, якая была напісаная Юзафам Выбіцкім у рытме мазуркі, стала вельмі папулярная, яна выконвалася падчас паўстанняў 1830 і 1863 гадоў, а ў 1926 годзе стала дзяржаўным гімнам Польшчы.

З Лондану – у Францыю

Падчас Другой сусветнай вайны самай папулярнай песняй у Францыі стала «Песня партызанаў». Яна была напісаная французскімі эмігрантамі ў Вялікай Брытаніі ў 1943 годзе і транслявалася праз хвалі радыёстанцыі Бі-Бі-Сі ў перадачы для акупаванай Францыі.

Галоўнай ідэяй песні стала бескампрамісная барацьба за нацыянальнае вызваленне.

Арыгінальнае выкананне песні – спявачка Анна Марлі. Крыніца: Ксения Xenia

Сябра, ты чуеш, як ляцяць чорныя зграі над нашымі палямі?

Сябра, чуеш плач краіны, якая ў кайданах?

Паўстаньце, партызаны, працоўныя і сяляне!

Сёння вораг даведаецца, што такое кроў і слёзы.

Пасля вайны гэтую песню нават прапаноўвалі зрабіць новым гімнам Францыі і нейкі час яна выконвалася як неафіцыйны нацыянальны гімн.

Малітва супраць акупацыі

У 1967–1968 гадах у Чэхаславаччыне здымалі серыял «Песня для Рудольфа ІІІ», і для гэтага серыялу паэт Пэтр Рада і кампазітар Індрыч Брабэц напісалі песню «Малітва за Марту». У прынцыпе, гэта была проста песня пра каштоўнасць міру і спакою, але ў 1968 годзе ў Чэхаславаччыну ўвайшлі войскі СССР і некаторых іншых камуністычных краінаў.

«Малітва пра Марту», Марта Кубішава. Хроніка падзеяў у Чэхаславаччыне ў 1968 годзе. Крыніца: JP in Prague

Першае выкананне песні спявачкай Мартай Кубішавай адбылося 23 жніўня 1968 года, праз два дні пасля зʼяўлення савецкіх танкаў у Чэхаславаччыне. Такім чынам песня са словамі «Няхай захаваецца мір на гэтай зямлі, а злосць, зайздрасць, нянавісць, страх і варажнеча мінуць, калі ўлада на тваёй зямлі вернецца табе, народ» – зрабілася сімвалам супраціву.

На 20 гадоў «Малітва для Марты» трапіла пад забарону, і зноў вярнулася ў публічную прастору ў 1989 годзе, падчас Аксамітнай рэвалюцыі, калі камуністычная дыктатура перастала існаваць.

Пратэст трох народаў

За 40 гадоў да таго, як у Беларусі набыла папулярнасць песня «Разбуры турмы муры», яе польскі арыгінал «Муры» ўжо запальваў сэрцы змагароў супраць несправядлівасці і беззаконня. Польскі музыка Яцэк Качмарскі ўзяў матыў песні «L’Estaca» каталонскага барда Люіса Ляка і напісаў у 1978 годзе для яе новы тэкст, які стаў гімнам польскага руху «Салідарнасць».

Ëн быў натхнёны i малады,

Iх незлiчона было.

Ён на плошчы вёў гарады

З песняй, што блiзка святло.

(пераклад: Сяргей Kosmas)

«Муры». Крыніца: AgtfCZ

Гэтую песню спявалі падчас страйкаў і турмах, а падпольнае радыё «Салідарнасць» пачынала з яе свае перадачы.

Трагедыя на вуліцах

Шмат гадоў у Паўночнай Ірландыі працягвалася жорсткая барацьба паміж ірландскімі падпольшчыкамі і брытанскімі ўладамі. Практычна ўвесь час грымелі выбухі і стрэлы, арыштаваныя ірландцы абвяшчалі галадоўкі – і паміралі ад голаду ў турмах.

Самы цяжкі этап супрацьстаяння пачаўся ў нядзелю 30 студзеня 1972 года. Брытанскія жаўнеры ў горадзе Дэры забілі 14 і ранілі больш за 15 няўзброеных ірландцаў падчас масавай дэманстрацыі за грамадскія правы. Гэтыя падзеі атрымалі назоў Крывавая нядзеля.

Песня «Sunday Bloody Sunday» гурта U2, кадры з мастацкага фільму пра падзеі 30.01.1972. Крыніца: TheDublinersHQ

І праз дзесяцігоддзе пасля Крывавай нядзелі канфлікт працягваўся. Пол МакКартні ўжо ў 1972 годзе напісаў песню «Вярніце Ірландыю ірландцам», Джон Ленан – песню «Нядзеля, Крывавая нядзеля», ірландскі рок-гурт U2 у 1983 годзе – песню з такім жа назовам, але іншымі словамі.

Паўночнаірландскі канфлікт афіцыйна скончыўся толькі мірным пагадненнем паміж Ірландскай Рэспубліканскай Арміяй і Вялікай Брытаніяй у 1998 годзе.

Крах камуністычнай дыктатуры

З пачатку 1980-х гадоў у шмат якіх музыкаў ужо было адчуванне, што савецкія парадкі літаральна дыхаюць на ладан. Менавіта ў гэты час на прасторах былога СССР паўстае цэлы шэраг кампазіцыяў, якія выступаюць супраць камуністычнай палітыкі, развітваюцца з мінулым і чакаюць будучыні.

Гэта і вядомыя нам ужо «Перамен» Віктара Цоя, і пратэст Юрыя Шаўчука супраць вайны ў Афганістане – песня «Не страляй!», і «Цягнік у агні» Барыса Грабеншчыкова.

Нас нараджалі пад гукі маршаў,

Нас палохалі турмой.

Але хопіць поўзаць на бруху –

Час вярнуць гэтую зямлю сабе.

«Цягнік у агні». Крыніца: Борис Гребенщиков

За незалежнасць

У 1995 годзе ў Беларусі Аляксандр Лукашэнка ліквідуе нацыянальную сімволіку краіны, беларуская мова перастае быць адзінай дзяржаўнай. У 1996 годзе Лукашэнка пачынае заяўляць, што выступае за абʼяднанне з Расеяй, і гэта выклікае хвалю масавых пратэстаў.

Адной з вельмі папулярных у Беларусі песняў у гэты час робіцца песня гурта «NRM» «Партызанская»:

«Партызанская». Кліп з фільму «Незвычайны канцэрт». Крыніца: Franak Viačorka

Мы – беларусы, лясныя браты

Мы – беларусы, з вайной мы на ты,

Мы – беларусы, любім наш край,

Ачысцім наш край ад чужацкіх зграй!

Беларускі гурт, украінскі гімн

Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч у 2013-м парушыў уласнае абяцанне заключыць пагадненне аб асацыяцыі з Еўразвязам, што выклікала масавыя пратэсты і нават працяглае сілавое супрацьстаянне ў цэнтры Кіева. Тут паўстаў цэлы раён, які быў не падкантрольны міліцыі і спецслужбам.

У гэтыя месяцы фактычна неафіцыйным гімнам праеўрапейскага незалежніцкага ўкраінскага руху стала песня беларускага гурта «Ляпис Трубецкой» «Воины света». Пазней лідар гурта Сяргей Міхалок запіша з гуртом «Brutto» песню «Гарри», якая стане ў Украіне сімвалам змагання Украіны за незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць з 2014 года.

«Воины Света», «Ляпис Трубецкой». Крыніца: Alex Karpenko

«Гарри», «Brutto». Крыніца: BRUTTO NOSTRA

Зрабі свабоднай, зрабі магутнай

Верш «Малітва» напісала беларуская паэтка Наталля Арсеннева ў 1943 годзе, а ў 1947 годзе кампазітар Мікола Равенскі паклаў верш на музыку. Так нарадзіўся гімн «Магутны Божа».

Яшчэ ў 1995 годзе на абвешчаным дзяржаўным конкурсе, дзе выбіралі будучы беларускі гімн, перамог менавіта «Магутны Божа» – за яго прагаласавала і журы конкурсу, і парламенцкая камісія. Аднак тагачасныя кіраўнікі парламенту фактычна адмовіліся разглядаць гэтае пытанне.

Пасля масавых фальсіфікацыяў на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, жорсткага разгону акцыяў пратэстаў, збіцця і катаванняў схопленых пратэстоўцаў, гімн «Магутны Божа» шматкроць спявалі ў розных месцах – на прыступках Белдзяржфілармоніі, у Вялікім тэатры оперы і балету, у гандлёвых цэнтрах, на Камароўскім рынку і на чыгуначным вакзале ў Менску. 14 жніўня 2020 года хор духавенства Гарадзенскай епархіі праспяваў гімн у падтрымку беларускага народу на прыступках Пакроўскага сабору.

«Вольны хор» выступае ў падтрымку Марыі Калеснікавай. Варшава, Польшча. 29 ліпеня 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

У 2020 годзе гімн увайшоў у патрыятычны музычны альбом «Годныя песні» Вольнага хору, прысвечаны забітаму ў часе пратэстаў Раману Бандарэнку і ўсім беларусам, якія змагаюцца за сваю свабоду.

РЛ для belsat.eu

Стужка навінаў