Што хацеў сказаць Лукашэнка? «Шэрую» прэс-канферэнцыю каментуюць Дракахруст і Класкоўскі


Аляксандр Лукашэнка 6 ліпеня тры з паловаю гадзіны выступаў перад замежнымі журналістамі. Сенсацыяў не прагучала. Тады навошта збіраў медыі? «Белсат» спытаў палітычных аглядальнікаў Юрыя Дракахруста і Аляксандра Класкоўскага.

Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка выступае перад прадстаўнікамі замежных медыяў. Менск, Беларусь. 6 ліпеня 2023 года.
Фота: president.gov.by

У каментары «Белсату» палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Юрый Дракахруст сказаў, што пабачыў у выступе Аляксандра Лукашэнкі два пасланні. Захаду – «не чапайце мяне, а калі будзеце чапаць, адказ будзе вельмі жорсткі». Расеі – «я выконваю свае абавязкі, якія я ўзяў на сябе, і я буду кантраляваць „вагнэраўцаў“, калі яны з’явяцца ў Беларусі».

Палітычны аглядальнік праекту @pozirkonline Аляксандр Класкоўскі ў каментары «Белсату» адзначыў, што галоўнымі тэмамі былі ядравая зброя і вагнэраўцы. Пытанні стаялі востра, Лукашэнка мусіў на іх адказваць, але адказы атрымаліся не пераканаўчыя і не на ягоную карысць. На думку Класкоўскага, выступ быў «шэры» і гучаў так, нібы Лукашэнка цяпер мусіць прызнаваць, што выкарыстаны Крамлём і мусіць чакаць, што наконт вагнэраўцаў і ядравай зброі вырашыць Масква.

Абноўлена
Прыгожын у Расеі, а вагнэраўцы будуць бараніць Беларусь. Што распавёў журналістам Лукашэнка
2023.07.06 12:04

Абодва аналітыкі лічаць, што блытаніна ў выказваннях пра ядравую зброю можа быць наўмысная, каб пужаць Захад. Класкоўскі ўпэўнены, што Лукашэнка дакладна ведае, ці сапраўды зброя ўжо ў Беларусі. А Дракахруст падкрэслівае, што элемент няпэўнасці – частка дзеяння ядравай зброі, якой карыстаюцца і іншыя ядравыя дзяржавы.

Юрый Дракахруст
Юрый Дракахруст у эфіры «Белсату». 6 ліпеня 2023 года. Скрыншот: Белсат

Дракахруст звяртае ўвагу на тое, што Лукашэнка хоча захаваць вобраз «ратавальніка Расеі», які стварае сабе пасля развароту баевікоў на паўдарогі да Масквы. Ён так пераказвае словы Лукашэнкі: «Я выконваю свае абавязкі, а што робяць астатнія, гэта не мая справа». І вагнэраўцам прапаноўвалі іншыя варыянты, і вось яны не пагадзіліся, пытанне вырашаецца…

З прэс-канферэнцыі не вынікала, што ў Беларусь прыедзе хоць адзін новы баявік групы Вагнэра. Дракахруст дапускае, што Крамлю хацелася б адмовіцца ад дамоўленасцяў з баевікамі, а Лукашэнка ў гэтых умовах паказвае, што ён сваю частку выконвае, «а не – дык не».

Аляксандр Класкоўскі
Аляксандр Класкоўскі ў эфіры «Белсату». 6 ліпеня 2023 года. Скрыншот: Белсат

Класкоўскі дапускае, што ў сітуацыі з Яўгеніем Прыгожыным Лукашэнку з Крамлю далі сігнал, што «трэба быць больш сціплым», адтуль і разгубленасць, заявы пра дамовы з вагнэраўцамі (якіх некаторыя краіны лічаць тэрарыстамі – такімі дамовамі можна толькі нажыць праблемаў). Таксама і з ядравай зброяй амбіцыі Лукашэнкі паменшылі: ён ужо прызнае, што Уладзімір Пуцін можа выступіць ініцыятарам ужывання зброі з беларускай тэрыторыі.

Праз усё гэта, адзначае Класкоўскі, могуць пацярпець і звычайныя беларусы (ад новых санкцыяў), і беларускія ўцекачы (бо прэзідэнт Літвы вярнуўся да ідэі абмежаваць беларусаў у правах праз пагрозу ад вагнэраўцаў).

Hавiны
Насуперак словам Лукашэнкі, вагнэраўцы ўжо ў Беларусі
2023.07.06 16:42

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў