Купалле. 10 пытанняў, адказаў на якія вы маглі не ведаць


Апошнім часам у нас няшмат нагодаў для радасці, але Купалле – выдатны час, каб троху адліпнуць ад стужкі навінаў, пабыць у добрай кампаніі, паспяваць і адчуць яднанне з прыродай. Мы сабралі для вас 10 фактаў пра свята, якое нашыя продкі адзначалі спрадвеку, але сучаснікі ведаюць не надта глыбока.

Падчас святкавання Купалля ў музеі народнай архітэктуры і сельскага побыту ў вёсцы Азярцо пад Менскам, Беларусь. 4 ліпеня 2020 года.
Фота: Наталля Фядосенка / TASS / Forum

Ці не запозна збірацца на Купалле?

Дзень летняга сонцастаяння – 21 чэрвеня. Гэта калі гаварыць пра астранамічную з’яву. Для аграрнай культуры такая падзея была істотнай і святкавалася шырока, спараджаючы свае міфы. Аднак з прыходам хрысціянства да Купалля прывязалі дзень Яна Прадвесніка, і пачалася блытаніна кшталту «Івана Купалы». Між тым гэта два розныя святы. «Сёння Купалле, а заўтра Ян…» – тлумачыць народная песня. Купалле – гэта ноч перад Іванавым днём, а не сам Іванаў дзень. Урэшце ж маем цяпер два святочныя дні: 24 чэрвеня паводле каталіцкага календара і 6 ліпеня – паводле праваслаўнага. У Беларусі больш папулярна святкаваць Купалле 6 ліпеня.

Пра што Купалле?

Калі разбірацца ў этымалогіі слова, то можна прыйсці і да Купідона, і да індаеўрапейскага кораня, які значыць «моцна жадаць» ці «гарэць», і да кіпню, і да купання. На вялікі рахунак, адно другому не супярэчыць: на Купалле – купаюцца, скачуць праз вогнішча, чакаюць узыходу сонца і шукаюць папараць-кветку. Лічыцца, што раніцай пасля Купальскай ночы сонца «грае». Яно нібыта плавае ў вадзе далёка на гарызонце, «купаецца». «На Купалу сонца грала…» – спяваецца ў народных песнях. Купальская ноч – быццам злучэнне дзвюх несумяшчальных стыхіяў, агню і вады.

Хлопец пераскоквае цераз купальскае вогнішча. Менск, Беларусь. 3 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Ёсць павер’е, што ў самую кароткую ноч вада, агонь, зямля і паветра ачышчаюць чалавека. Еднасць са стыхіямі займае, бадай, асноўнае месца ў значэнні свята. Таму варта ладзіць свята на беразе, з вогнішчам, спевамі (каб надыхацца на поўныя грудзі) і ў месцы, дзе можна пасядзець-паляжаць на зямлі ці пахадзіць басанож.

Што трэба на Купалле?

Найперш – вянок. Моладзь надзявае вянкі на валасы, замужнія пані – на хустку. Жанчынам прынята плесці вянкі з кветкамі, мужчынам – з галінкамі дрэваў. Тут можна павучыцца, як гэта рабіць. Вогнішча добра было б складаць з жардзінай пасярэдзіне, на якую мацуецца кола. Калі жардзіна перагарае і падае, то лічыцца добрым знакам, каб кола павалілася ў твой бок. І містычны купальскі карагод! Калі вы пэўны час трымаецеся за рукі, спяваеце песні і ходзіце па коле вакол агню, то надыходзіць вельмі незвычайны стан. Такі досвед варта перажыць хоць раз.

Беларусы святкуюць Купалле на рацэ Вісла. Варшава, Польшча. 26 чэрвеня 2021 года.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

А ці дакладна трэба спяваць?

Асобнае месца займаюць песні. Купальскі фальклор вельмі разнастайны, цікавы, напоўнены рознымі сэнсамі. У кожнай мясцовасці ёсць свае цікавінкі. Абірайце на свой густ. Калі баіцеся, што не ўмееце спяваць, не варта пераймацца. Народныя песні спявае народ, а як што вы – народ, дык галоўнае пачаць. Атрымліваецца заўжды душэўна.

Ці можна варажыць на Купалле?

Ёсць вельмі шмат варыянтаў, як у гэтае свята даведацца свой лёс. Самая папулярная варажба – пускаць вянок на ваду і глядзець, паплыве ён (тады шлюбу не варта чакаць), прыйдзе да берагу (о, нагода рыхтавацца да вяселля), пачне круціцца (тады лёс не відавочны) ці патоне (гэта кепскі знак). Яшчэ варажылі на зёлках, на расе, на вуголлі. Але можна прыдумаць сваю варажбу.

А як у іншых з Купаллем?

Свята летняга сонцавароту адзначаецца па ўсім свеце, бо кожны народ у пэўны час дужа залежаў ад земляробчага календара.

У Латвіі да сонцавароту хаты ўбіраюцца ў дубовыя і кветкавыя гірлянды. Тут свята называецца Ліга, і на ім таксама шмат увагі надаецца вянкам і скокам праз вогнішча. Усё неабходнае для святкавання можна набыць на спецыяльных мясцовых кірмашах. На дзверы вешаюць крапіву і дзядоўнік (чартапалох), каб адпудзіць злых духаў, а ў самую кароткую ноч частуюцца сырам з кменам – таксама ад нячысцікаў.

Дзень летняга сонцастаяння ў Швецыі – Мідсамар. Людзі бяруць адпачынак на дзён пяць і выпраўляюцца на прыроду, каб танцаваць вакол аздобленага кветкамі шаста, ладзіць пікнікі і спяваць. На поўначы таксама папулярна варажыць у гэтую ноч.

Людзі ў традыцыйных строях падчас «Мідсамар фестывалю» у Стакгольме, Швецыя. 25 чэрвеня 2022 года.
Фота:Wei Xuechao / Xinhua News Agency / Forum

У Партугаліі свята адзначаецца як Фэст св. Яна (парт. Festa de São João). Партугальцы-каталікі вераць у ачышчальную сілу вогнішчаў св. Яна. У горадзе Брага – каталіцкай сталіцы Партугаліі – святкуюць два дні. Частка дзейства – танец цара Давіда. На Мадэйры неба асвятляюць феерверкі, а на Азорскіх астравах – гэта самае вялікае і папулярнае свята, напоўненае агнямі і маляўнічымі працэсіямі.

У Мексіцы ў гэтыя дні прынята сілкавацца энергіяй Сонца. Напярэдадні летняга сонцастаяння, 18–20 чэрвеня, у Тэатыўакане (Teōtīhuacān, горад ацтэкаў побач з Мэхіка) ладзяць начное наведванне індзейскіх лазняў тэмаскаль (temazcal). У праграме – рытуальныя танцы, агні і медытацыя, прысвечаная святу сонца. Тэмаскаль – старажытны рытуал духоўнага і фізічнага ачышчэння. Лазні размяшчаюцца ў адмысловых хацінах з моцна нагрэтымі вулканічнымі камянямі. Такія лазні дапамагаюць наладзіць страваванне, пазбавіцца ад бессані і нават прасвятліць розум.

Марыя Мурашка belsat.eu

Стужка навінаў