У Віцебскай вобласці за правядзенне пікету аштрафавалі вучня 11 класа


Суддзя суду Сенненскага раёну Віцебскай вобласці Іна Досава 31 сакавіка за правядзенне пікету ў інтэрнэце аштрафавала на 74 рублі непаўналетняга выпускніка Сярэдняй школы №2, сябра БРСМ, кандыдата ў майстры спорту па барацьбе ў грэка-рымскім стылі Сцяпана Падрэза, паведамляе «Віцебская вясна».

Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: ua-energy.org

Пазней пастанова суду Сенненскага раёну была адмененая старшынём Віцебскага абласнога суду, але зусім не таму, што хлопца прызналі невінаватым. Неўзабаве адміністратыўная справа супраць юнака будзе разгледжана раённай камісіяй па справах непаўналетніх.

Згодна з адміністратыўным пратаколам, Сцяпан Падрэз у адкрытым публічным доступе ў альбоме захоўваў выявы БЧБ сцяга, малюнак з надпісам «ЯМЫ97%», выкладзены бела-чырвоным кветкамі на чорным фоне, а таксама фотаздымкі з БЧБ сцягам і гербам «Пагоня».

На думку суддзі, малады чалавек публічна выказаў свае асабістыя погляды на падзеі грамадска-палітычнага жыцця, ажыццявіўшы тым самым пікетаванне. Дадзенае масавае мерапрыемства ён ажыццявіў у жніўні 2020 года без дазволу мясцовых уладаў. Таму суддзя Досава палічыла факт здзяйснення Падрэзам адміністратыўнага правапарушэння, прадугледжанага ч.1 арт. 24.23 КаАП РБ, устаноўленым, а яго вінаватасць у здзяйсненні дадзенага правапарушэння даказанай.

Аднак старшыня Віцебскага абласнога суду Аляксандр Федзюкевіч 18 красавіка адмяніў рашэнне суддзі Досавай, бо яно было прынятае з грубым парушэннем патрабаванняў Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністратыўных парушэннях.А менавіта, у адпаведнасці з арт.3.5 ПВКаАП справы аб адміністратыўных правапарушэннях, учыненых непаўналетнімі, павінна разглядаць камісія па справах непаўналетніх Сенненскага райвыканкаму, а не суд.

У бліжэйшы час справа Сцяпана Падрэза будзе разгледжаная членамі КСН Сенненскага райвыканкаму.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў