Качанава прапанавала арганізаваць пры манастырах прытулкі для дзяцей, якіх забралі ў бацькоў


Ідэю аб магчымасці арганізацыі пры манастырах прытулкаў для дзяцей, чые бацькі пазбаўлены бацькоўскіх правоў, выказала старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава падчас сустрэчы з кіраўнікамі дзяржорганаў і Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ). 

Наталля Качанава падчас нарады.
Фота: sovrep / Telegram

Падчас сустрэчы Наталля Качанава расказала, што пра такую ідэю яна даведалася падчас візіту ў Расею.

«Сёння я хачу даць старт праекту, які мяне крануў да глыбіні душы. У ходзе майго візіту ў Маскву мы дамовіліся са Старшынёй Савету Федэрацыі Валянцінай Іванаўнай Мацвіенка, што наведаем Пакроўскі манастыр. Матухна Феафанія нам паказала прытулак для дзяцей, чые бацькі пазбаўлены бацькоўскіх правоў. У Расеі дазволена пры манастырах ствараць прытулкі. У прыватнасці, у Пакроўскім манастыры ўжо дастаткова вялікі досвед працы з дзецьмі. Наступная сацыялізацыя выхаванцаў прытулку паказвае паспяховыя вынікі», – заявіла Качанава.

Тэма стварэння такіх прытулкаў у Беларусі і стала нагодай для нарады. Удзельнікі абмеркавалі пытанні магчымасці іх стварэння, заканадаўчага рэгулявання іх дзейнасці, вызначэння крыніц фінансавання, а таксама гатоўнасці царкоўных мясцін да арганізацыі такіх устаноў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў