«Не хацеў стаць цяжарам для сваёй сям’і»: як склаўся лёс адміна лідскай «Доски позора»


Іван Каспяровіч – лідскі актывіст, адміністратар тэлеграм-каналу «Доска позора – Лида». Ён быў вымушаны з’ехаць ва Украіну пасля асуджэння на «хімію» і ўзбуджэння чарговай крымінальнай справы.

Мы пазванілі Івану якраз у той момант, калі мужчына быў на кіеўскім вакзале і рыхтаваўся ехаць на польскую мяжу: «Дабяруся да польскай мяжы, пасля адбуду 10-дзённы каранцін, і там ужо будзе вызначацца мой лёс».

Іван Каспяровіч ў Кіеве.
Фота: асабісты архіў

Івану 43 гады. Працаваў у Лідзе аўтаэлектрыкам, займаўся камп’ютарнаю дыягностыкай аўтамабіляў. Мае чацвярых дзяцей, двое з іх няпоўнагадовыя (малодшай дачцэ 5 гадоў, сыну – 11).

Падчас выбарчай кампаніі ў мінулым годзе быў валанцёрам у Святланы Ціханоўскай, дапамагаў з арганізацыяй пікетаў у Лідзе. Пасля выбараў заняўся адміністраваннем некалькіх тэлеграм-каналаў і чатаў, у тым ліку таго, дзе выкладаліся асабістыя звесткі дзяржаўных службоўцаў і сілавікоў: адрасы, фота, тэлефоны.

«Мне скідвалі інфармацыю і на іхных дзяцей. Але я прынцыпова быў супраць таго, каб гэта публікаваць. Дзеці не адказваюць за сваіх бацькоў. А заняўся гэтым праз парыў злосці на тое, што рабілі сілавікі з людзьмі пасля выбараў. У нас у Лідзе, напрыклад, некалькі асобаў проста зніклі. Падчас службы ў войску я даваў прысягу пад бел-чырвона-белым сцягам. Народу, а не Лукашэнку. Таму не магу прыняць і прабачыць таго гвалту сілавікоў», – згадвае Іван.

Шчыра кажучы
Медыкі за кратамі. Перад затрыманнем Андрэй Любецкі даў інтэрвʼю «Белсату»
2021.05.05 19:00

Увосень на яго выйшаў ГУБАЗіК. Актывіста затрымалі 27 лістапада па дарозе на працу.

«Былі допыты, пагрозы. Завезлі ў ІЧУ ў Горадню. Праз тры дні адпусцілі пад заклад 100 базавых, які ўнесла мая сям’я», – распавядае Іван.

Суд адбыўся ў Лідзе 20 студзеня паводле артыкулу 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»). Пацярпелым праходзіў кіраўнік прэс-службы гарадзенскай міліцыі Яўген Дудко, які запатрабаваў 3 тысячы рублёў маральнай кампенсацыі за размешчаную інфармацыю пра яго на канале. Таксама Каспяровічу далі два гады «хатняй хіміі».

На гэтым судзе адбылася сапраўдная аблава на тых, хто прыйшоў падтрымаць Каспяровіча. Былі затрыманыя восем чалавек: пяцёх пазней адпусцілі без пратаколаў, а трох апыталі ў межах крымінальнай справы паводле артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу («Хуліганства») і таксама адпусцілі. Затрыманне было звязанае з сітуацыяй, што здарылася два дні раней, падчас вынясення 18 студзеня прысуду вядомаму лідскаму актывісту, цяпер палітзняволенаму Вітольду Ашурку, якога пакаралі 5 гадамі пазбаўлення волі. Тады людзі пасля вынясення прысуду пачалі скандаваць у судовай зале «Ганьба!» і «Верым, можам, пераможам!».

Гісторыі
«Пакуль Міша ў СІЗА, дачка сказала сваё першае слова: тата». Гісторыя сям’і берасцейскага палітвязня
2021.05.05 12:30

Іван Каспяровіч падаў апеляцыю на вырак. Таксама апеляцыю падаў і Яўген Дудко разам з пракурорам – маўляў, калі актывіст застанецца ўдома, то зноў будзе адміністраваць тэлеграм-каналы. У выніку 25 сакавіка адбыўся новы суд, на якім два гады «хатняй хіміі» замянілі на два гады рэальнай, з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Кампенсацыю маральнай шкоды знізілі ўдвая, да 1,5 тысячы рублёў.

Перад гэтым новую справу супраць Каспяровіча распачалі ў Дзятлаве за слова «асобіна», якое палічылі абразлівым, і распаўсюд асабістых звестак. У дзятлаўскім ІЧУ Іван Каспяровіч прабыў трое содняў:

«Там мне наўпрост сказалі, што атрымаю яшчэ нямала. Я зразумеў, што ад мяне проста так не адчэпяцца. Калі мяне пасадзяць, то гэта дорага будзе каштаваць маёй сям’і. У жонкі інваліднасць, атрымлівае толькі 300 рублёў заробку. Таму вырашыў з’ехаць, спачатку ва Украіну».

Мужчына прыехаў у Кіеў, зрабіў там візу і накіроўваецца ў Польшчу. У Беларусі яго абвесцілі ў вышук.

«Не хацеў станавіцца цяжарам для сваёй сям’і. На волі змагу зрабіць для яе больш», – падсумаваў актывіст.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў