Польшча гатовая выплочваць пенсіі беларусам пад міжнароднай абаронай без пацверджання стажу на радзіме


Пенсіянеры, якія не могуць вярнуцца ў Беларусь, здолеюць атрымаць у Польшчы пенсію нават без дакументаў з беларускіх дзяржаўных органаў. Калі такія беларусы – пад міжнароднай абаронаю, піша «Most Media».

Жанчыны сталага веку адпачываюць на лаўцы. Менск, Беларусь. 19 ліпеня 2022 года.
Фота: Белсат

Тэму пенсіяў для беларусаў абмяркоўвалі падчас сустрэчы кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі з намеснікам міністра сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы Сэбаст’янам Гаеўскім.

Намеснік міністра растлумачыў, што пенсія можа быць выплачаная на падставе любога (ад аднаго дня) працоўнага стажу ў Польшчы, да якога можа быць дададзены працоўны стаж у Беларусі. Аднак шмат якія пенсіянеры не могуць атрымаць у Беларусі дакументаў, што пацвярджаюць іхны стаж, як і ўвогуле вярнуцца ў краіну. Гаеўскі выказаў гатовасць выпусціць тлумачэнні пра магчымасць выплаты пенсіяў для асобаў у статусе міжнароднай абароны без адпаведнага звароту ў дзяржаўныя органы Беларусі.

Агляд
Міністарка працы пахвалілася пенсіямі. Параўналі з суседзямі – хваліцца амаль няма чым
2024.01.15 14:39

Таксама Сэбаст’ян Гаеўскі паведаміў, што ўрад Польшчы рыхтуе змены ў заканадаўства, якія ліквідуюць прабелы, праз якія грамадзянін Беларусі з відам на жыхарства з гуманітарных прычынаў, які страціў працу, не можа разлічваць на статус беспрацоўнага.

Прадстаўнік польскага міністэрства падтрымаў ініцыятыву Паўла Латушкі стварыць адзіную і даступную для беларусаў інфармацыйную крыніцу пра сацыяльнае забеспячэнне ў Польшчы. Польскі ўрад ужо мае досвед такой працы ў дачыненні ўкраінскіх уцекачоў, а беларусы ўяўляюць сабою другую паводле колькасці групу замежнікаў у Польшчы.

Разбор
«Праблема будзе нарастаць як снежны ком». Як беларусу атрымаць пенсію за мяжой?
2023.12.18 07:24

Сітуацыю з атрыманнем пенсіяў за мяжою мы асвятлялі тут. Беларусы з розных краінаў, з якімі мы размаўлялі, выказвалі пажаданні, каб Аб’яднаны пераходны кабінет і Офіс Святланы Ціханоўскай звярнулі ўвагу на праблему пенсіяў.

«На жаль, мы не можам паўплываць на цяперашнюю сітуацыю, аднак мы можам і будзем працаваць над будучыняю, над пакетам рэформаў, якія мы будзем рэкамендаваць дэмакратычным сілам як фундамент», – абяцала тады прадстаўніца АПК у сацыяльных пытаннях Вольга Гарбунова.

Калі беларус мае працоўны стаж на радзіме ці ён ужо ў пенсійным веку, згодна з пагадненнямі паміж Беларуссю і Літвою ды Беларуссю і Польшчаю, беларускую пенсію можна атрымліваць у гэтых краінах. У Польшчы на мясцовую пенсію можна разлічваць нават са стажам адзін дзень афіцыйнай працы ў Польшчы, аднак памер гэтай пенсіі будзе адпаведны. Да польскага стажу можна дадаваць беларускі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў